Дабрачыннасць на Асіповіччыне: да дзяцей — з падарункамі

Рэспубліканская акцыя “Нашы дзеці”, падчас якой кіраўнікі рэспубліканскіх органаў улады, калектывы прадпрыемстваў, устаноў віншуюць дзяцей у дзіцячых дамах, бальніцах, шматдзетных і прыёмных сем’ях, праводзіцца ўжо амаль 20 гадоў, і адзін з “эпіцэнтраў” дабрачыннасці — дзіцячы сацыяльны прытулак, што ў вёсцы Ясень.
Маленькіх землякоў сёлета ўжо павіншавалі з Калядамі і Новым годам намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Мікалай Калтуноў, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Алена Круцько (на здымках), хутка падарункі сюды плануюць прывезці райаддзелы ўнутраных спраў і следчага камітэта, прафсаюзная арганізацыя чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў…
З ліку неабыякавых калектываў варта выдзеліць тых, хто клапоціцца аб выхаванцах прытулку не толькі ў пераднавагоднія дні. Так, СВК “Калгас “Ясень” забяспечыў на ўсю зіму ўстанову бульбай, а прафсаюзная арганізацыя ДДЛГУ “Асіповіцкі доследны лясгас” бярэ на сябе фінансаванне больш грунтоўных патрэб выхаваўчай установы. Летась, напрыклад, набылі камплект камп’ютарнай тэхнікі і святочную вопратку, сёлета абяцаюць дапамагчы з развіваючымі цацкамі.