Чалавек жывы, пакуль яго памятаюць

Відаць, нездарма гавораць, што чалавек на Зямлі госць: прыходзіць на імгненне (па касмічных мерках) і адыходзіць таксама раптоўна. Але застаецца след. Яркі і палымяны ці непрывабны, але кожны абавязкова яго пакідае. Інакш для чаго жыць?

Антона Беразінскага на пасляваеннай Асіповіччыне ведалі многія. Прынамсі, на тэрыторыі цяперашніх Ліпенскага і Каменіцкага сельсаветаў, дзе жыў і працаваў, змагаўся з ворагам, узнаўляў разбураную ў час акупацыі гаспадарку, гадаваў дзяцей…

Антон Андрэевіч нарадзіўся ў 1912 годзе ў вёсцы Заграддзе, якая знікла ўжо з карты раёна. Пасля рэвалюцыі яго бацька ўступіў у саўгас імя Свярдлова, а хлопчык вучыўся ў Свіслацкай школе, пасля заканчэння якой стаў працаваць вучнем каваля. З 1934 па 1936 год служыў ў арміі, быў памочнікам камандзіра ўзвода разведкі. Потым працаваў у сістэме “Белпрамбудтрэст”. Цясляр, сакратар аддзела кадраў, вечарамі — навучэнец будаўнічага тэхнікума.

Але ў свеце было неспакойна, і ў верасні 1939 года маладога мужчыну мабілізавалі ў Чырвоную Армію. Вызваляў Заходнюю Беларусію, удзельнічаў у савецка-фінскай вайне. Калі ў саракавым вярнуўся дадому, зноў прыступіў да работы на будаўніцтве. Толькі нядоўгай яна была: праз год напалі фашысты…

Антону зноў прыйшлося ўзяцца за зброю. Але ўжо не ў дзеючай арміі, а ў складзе партызанскага атрада змагаўся ён з ворагам. Быў намеснікам камандзіра па разведцы 213 асобнага атрада “За Савецкую Беларусію”, пасля вызвалення рэспублікі стаў старшынёй Яноўскага сельсавета. Гэту работу лёгкай не назавеш: у спадчыну дасталіся зруйнаваныя населеныя пункты, разграбленыя сядзібы, асірацелыя дзеці. Навесці парадак, узнавіць работу ўстаноў, накарміць людзей — гэтыя і многа іншых задач стаялі перад кіраўніком мясцовай улады.

Праз нейкі час Антона Андрэевіча перавялі тэхнікам-будаўніком у райсельгасаддзел, дзе маштабы ўзнаўленчых работ былі ўжо больш грандыёзнымі. Узначальваў і інкубатарна-птушкагадоўчую станцыю. Словам, працаваў там, дзе патрабаваліся яго ўменні, веды і вопыт. І ўсюды нязменна праяўляў сумленне, шчырасць, адданасць.

Тры дачкі і два сыны любілі і паважалі бацьку. І вялізнай трагедыяй для сям’і стала яго гібель: бандыцкая куля нагнала ўжо ў мірны час. І адразу — напавал. Ранілі і яго намесніка і каня, на якім удвух ехалі па справах…

Шэсць з паловай дзясяткаў гадоў мінула з той горкай гадзіны, але і зараз баліць сэрца яго старэйшай дачкі Леакадзіі. Адзінаццаць гадоў было дзяўчынцы ў далёкім 1952-м. Але шмат помніць яна. Як фашысты забралі іх з матуляй, сястрой і яшчэ некалькімі аднавяскоўцамі ў якасці заложнікаў: паліцай данёс, што яны — партызанскія сем’і.

Памятае Леакадзія Антонаўна і сустрэчу таты з вядомым Кірылам Арлоўскім — яе тады яшчэ папрасілі спець яго любімую песню “Цёмная ноч”. Успамінае многіх паплечнікаў бацькі па пасляваеннай працы. Вёску Рафалін, дзе праходзілі першыя гады яе дзяцінства. Дарэчы, працоўная біяграфія самой дзяўчынкі пачалася ў 14 гадоў у швейнай арцелі, потым яна шмат гадоў працавала закройшчыцай КБА.

На працягу жыцця дачка партызана з інтарэсам вывучае публікацыі мясцовай прэсы, чытае дакументальную літаратуру, звязаную з гісторыяй раёна, ведае многіх мясцовых герояў. І яе засмучае, што імя бацькі не ўзгадваецца ні ў адной з крыніц. Няма яго ні ў кнізе “Памяць”, ні ў іншых зборніках і мемуарах, якія даводзілася чытаць.

Антону Беразінскаму было адмерана роўна 40 гадоў. Няпростага, але сумленнага жыцця, у якім хацелася ствараць: нездарма ж ён, сын цесляра, абраў прафесію будаўніка. Але, калі было неабходна, адкладваў рубанак, браў у рукі вінтоўку і ішоў бараніць бацькоў, дзяцей, краіну. Хоць гэта і не адпавядала ўнутранай патрэбе міралюбівага беларуса, але пачуццё доўгу заўсёды брала верх. І служыў у разведцы, звесткі аб якой да часу трымаліся ў сакрэце.

Безумоўна, такіх людзей было многа. Але гэта не значыць, што іх неабавязкова помніць. Зразумелыя перажыванні зямлячкі, жаданне, каб дзеці-ўнукі памяталі пра дзядулю. І ганарыліся ім, для чаго ёсць усе падставы.

…Даведаўшыся, на якіх могілках пахаваны паважаны зямляк, знайшлі месца яго спачыну. Акуратная магіла, помнік, мноства кветак — усё пацвярджае: родныя не забылі Антона Андрэевіча, шануюць.

Раённая кніга “Памяць” — не догма. І хоць усё больш гадоў аддзяляе нас ад вогненных гадоў вайны, выяўляюцца ўсё новыя імёны. А значыць, падставы для выхаду яшчэ аднаго дадатку да векапомнай кнігі ёсць.

Іна ЗАСКЕВІЧ.

Последние новости

Общество

Знакомьтесь: начальник Осиповичского районного отдела Следственного комитета Республики Беларусь

29 июля 2025
Читать новость
Общество

Осиповичские депутаты приняли участие в областной спартакиаде

29 июля 2025
Читать новость
Общество

90-летие отмечает сегодня осиповчанка Людмила Ивановна Якубович

29 июля 2025
Читать новость
Общество

Морское братство нерушимо. В Осиповичах открыли памятный знак, посвященный военным морякам и морским пехотинцам всех поколений

29 июля 2025
Читать новость
Общество

Гороскоп на 29 июля для всех знаков зодиака

29 июля 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко предлагает Тюменской области развивать сотрудничество в нефтяной сфере

28 июля 2025
Читать новость

Рекомендуем