Асіповічы: коратка аб розным

330 хлопчыкаў і дзяўчынак правядуць восеньскія канікулы арганізавана. Аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем дзяцей будуць працаваць з 31 кастрычніка па 5 лістапада ва ўсіх школах раёна і на базе ДЮСШ. На патаненне пуцёвак за кошт дзяржаўнага страхавання на кожнага наведвальніка выдаткоўваюцца сродкі ў памеры 21,48 руб. Бацькоўская даплата ў залежнасці ад узросту вучняў складзе ад 14,38 да 18,62 рубля. Як заўсёды, у лагерах рабят чакае шмат цікавага і пазнавальнага.
“Дзеці і бяспека” — пад такой агульнай назвай працягваецца па 7 лістапада комплекс мерапрыемстваў, якія праводзіць стралковая каманда на станцыі Асіповічы. Асаблівая ўвага надзяляецца дзецям і падлеткам, якія знаходзяцца без нагляду дарослых побліз чыгуначных пуцей, на вакзалах, станцыях і ў цягніках.
Выязная ўрачэбная брыгада ўстановы аховы здароўя “Магілёўскі абласны лячэбна-дыягнастычны цэнтр” з 17 кастрычніка працуе на Асіповіччыне. За гэты час ужо зроблена 850 ультрагукавых даследаванняў шчытападобнай і малочнай залоз. Работа спецыялістаў ажыццяўляецца згодна з дагаворам з Магілёўскай абласной арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Медыкі будуць працаваць у розных арганізацыях раёна да 11 лістапада.
У басейне “Дэльфін” новыя нумары тэлефонаў: дырэктара — 57-0-64, адміністратара — 57-1-67.
66 тысяч тон салодкіх караняплодаў паступіла з пачатку верасня на Асіповіцкі буракапрыёмны пункт Слуцкага цукроварафінаднага камбіната. У тым ліку 10 тысяч — ад гаспадарак нашага раёна.
Амбулаторыя ўрача агульнай практыкI ў аграгарадку Свіслач з гэтага месяца мае статус фельчарска-акушэрскага пункта.
Замарожанае слоенае цеста — новы від прадукцыі ААТ “Асіповіцкі хлебазавод”. Яго выпуск ідзе пакуль у тэставым рэжыме, але ўжо можна адзначыць цікавасць пакупнікоў да навінкі.
Фірменны магазін “Мark Formelle” адкрыўся ў райцэнтры на мінулым тыдні.
1002 тоны збожжа новага ўраджаю падрыхтавана на насенне ў сельгаспрадпрыемствах Асіповіччыны. На праверку ў райдзяржінспекцыю па насенняводстве, каранціне і ахове раслін паступіла 908 тон насеннага матэрыялу. Найбольш актыўна ідуць справы ў філіяле “Белшына-агра” ААТ “Белшына”, ААТ “Авангард-Ніва” і “Лапічы”.
Кінатэатр “Радзіма” за студзень-верасень правёў 596 сеансаў лічбавага кіно, на якіх пабывала 18983 гледачы. Выручка склала амаль 65 тысяч рублёў. Найбольш папулярныя фільмы — “Атрад самазабойцаў”, “Богі Егіпта”, “Экіпаж”, мультфільмы “Тайнае жыццё хатніх жывёл”, “Звераполіс” і “Кракнутыя канікулы”.