Асіповічы: хроніка здарэнняў (01/08/2013)

РАУС
 У перыяд з 22 па 28 ліпеня зафіксавана 5 крадзяжоў, выпадак нанясення цялесных па-шкоджанняў, 5 фактаў вырабу самагону. Раскрыта раней здзейсненае злачынства. Ва ўласнай кватэры знойдзены труп непрацуючага 53-гадовага мужчыны.
 27 чысла на гарадскім рынку ў непрацуючай жыхаркі г. Мінска невядомы зламыснік украў кашалёк, у якім ляжала 9,4 мільёна рублёў.
 У той жа дзень быў шпіталізаваны 32-гадовы асіпаўчанін з пераломам зводу чэрапа. Цялесныя пашкоджанні былі атрыманы ў 4 гадзіны раніцы каля рэстарана «Юбілейны» пры падзенні ад моцнага штуршка, які стаў наступствам узнікшага канфлікту.
 РАСК
 Узбуджана 7 крымінальных спраў. У іх ліку: за падробку дакументаў — у адносінах да 29-гадовай жыхаркі г. Талочын, якая, адбываючы пакаранне за крадзеж, абзавялася фальшывым заключэннем урачэбна-кансультацыйнай камісіі аб цяжарнасці, якое дае права прымянення закона аб амністыі; за хуліганства — у адносінах да 22-гадовага асіпаўчаніна, які кінуў у галаву маладой жанчыны кавалак цэглы. На момант здзяйснення хуліганскага ўчынку зламыснік знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення.
 ДАI
 Спынена 115 парушэнняў правілаў дарожнага руху, прыцягнута да адказнасці 6 п’яных вадзіцеляў, 5 парушальнікаў хуткаснага рэжыму, 4 пешаходы без святлоадбіваючых элементаў на адзенні. Адбылося 6 ДТЗ.
 26 ліпеня каля 19 гадзін на шашы Мінск-Гомель мінівэн «Фольксваген» выехаў на сустрэчную паласу руху і ўрэзаўся ў «Сеат-Таледа». Пры лабавым сутыкненні на высокай хуткасці выдатна спрацавалі рамяні бяспекі. Дзякуючы ім вадзіцель-парушальнік і пасажырка «Сеата» цялесных пашко-джанняў не атрымалі, а вадзіцель апошняга ў аварыі зламаў два рабры.
 Прычынай дарожнага здарэння стала няўважлівасць вадзіцеля мінівэна, які на «роўным месцы» не справіўся з кіраваннем. Прынамсі, пасля аварыі ён павёў сябе не зусім адэкватна: кінуў разбітую машыну і збег у лес. Затрымаць уцекача ўдалося прыблізна праз 20 хвілін.
 АУСТ
 Складзены 71 адміністрацыйны пратакол. Узбуджаны крымінальныя справы па 3 фактах эканамічнай злачыннасці ў адносінах службовай асобы, якая пэўны час павялічвала ўласныя даходы, не цалкам выплачваючы заробкі тром падначаленым, і выпадку крадзяжу маёмасці ў пасажыра цягніка Полацк-Сімферопаль.
 Затрымана 24-гадовая грамадзянка Беларусі, на якую быў аб’яўлены вышук у Расійскай Федэрацыі за здзейснены ў Маскве крадзеж. Увогуле ў жанчыны аказалася незвычайная біяграфія: раней яна ўжо прыцягвалася да крымінальнай адказнасці за забойства.
 28 чысла, падчас праезду ліцернага цягніка, у якім пераязджаў з Кіева ў Мінск Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл, асабовы састаў АУСТ быў задзейнічаны ў мерапрыемствах па кантролі бяспекі руху на 102-кіламетровым участку чыгункі «станцыя Чырвоны Бераг — прыпыначны пункт Вярхі».
 IАЖіРС
 Прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці два браканьеры-рыбакі, парушальнік правілаў збору ягад: за карыстанне «камбайнам» ён можа атрымаць штраф памерам да 30 базавых велічынь.
 Спынена парушэнне тэхналагічных патрабаванняў пры правядзенні лесанарыхтовак.

