Алег Курганскі — начальнік раёна электрычных сетак філіяла “Бабруйскія электрасеткі” РУП “Магілёўэнерга” і дэпутат Вяззеўскага сельскага Савета дэпутатаў. Як у яго дзейнасці спалучаюцца дзве гэтыя справы?

“Людзям трэба дапамагаць!”
Алег Курганскі — начальнік раёна электрычных сетак філіяла “Бабруйскія электрасеткі” РУП “Магілёўэнерга” і дэпутат Вяззеўскага сельскага Савета дэпутатаў. Як у яго дзейнасці спалучаюцца дзве гэтыя справы?
Улічваючы асноўную сферу кампентэнцый дэпутата, звароты выбаршчыкаў пераважна маюць тэматычны напрамак. Часцей за ўсё ідуць з праблемамі асвятлення вясковых вуліц, падключэння электраацяплення. Дарэчы, апошніх зараз становіцца ўсё болей. Насельніцтва Вяззя і прылягаючых да цэнтра сельсавета вёсак адрозніваецца сваёй энергічнасцю і інфармаванасцю па розных пытаннях. Таму менавіта тут хутка “пралічылі” перавагі гэтай навацыі перад газавым і іншымі відамі ацяплення. У раёне на сёння больш за 300 спажыўцоў перайшло на электрычнасць, каля 10% з іх — жыхары Вяззя. Натуральна, за кансультацыяй яны звяртаюцца да свайго дэпутата. І тут інтарэсы супадаюць, таму што развіццё электра-ацяплення — адзін са стратэгічных кірункаў у развіцці айчыннай электраэнергетыкі. Але магчымасці такога пераходу неаднолькавыя і залежаць ад стану лініі электраперадач. Калі тэхнічныя магчымасці дазваляюць (у першую чаргу, гэта ўзровень зношанасці, які не павінен перавышаць 70%), то ствараецца група жадаючых атрымаць электраацяпленне. Уласнікі жылых дамоў аплочваюць дзве трэці кошту паслугі, а трэць — фінансуе дзяржава. Калі ж лінія цалкам зношана, яна ўключаецца ў графік і замяняецца цалкам за сродкі прадпрыемства.
Алег Барысавіч адзначае, што актыўна ўдзельнічае ў добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Разам з калектывам займаецца прывядзеннем у парадак вуліцы Рымы Кунько ад перасячэння з Юбілейнай да перасячэння з Каданчыка. Дапамагае наводзіць парадак і ў родным Вяззі, са старшынёй сельвыканкама якога цесна супрацоўнічае і высока ацэньвае яго гаспадарлівасць.
У сувязі з тым, што апошнім часам нярэдка здараюцца моцныя вятры, насельніцтва неаднаразова звярталася па дапамогу ў зносе зламаных і паваленых дрэў. І, хоць гэта справа не ўваходзіць у прамыя абавязкі раёна электрасетак, але Алег Курганскі робіць усё магчымае, каб паскорыць яе ход у межах вёсак Зборск, Вяззе, Орча, Цяплухі, асабліва калі паваленыя дрэвы і іх галіны за-ўважаліся на лініі электраперадач.
“Людзям трэба дапамагаць!” — менавіта такім дэвізам кіруецца Алег Курганскі. І дзейнічае адпаведна. Як кіраўнік і як дэпутат.