Судовыя эксперты адзначаюць прафесійнае свята і дзесяцігоддзе ўтварэння Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз краіны

Судовыя эксперты адзначаюць прафесійнае свята і дзесяцігоддзе ўтварэння Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз краіны.
Карэспандэнт “АК” пагутарыла з начальнікам Асіповіцкага міжрайаддзела ДКСЭ падпалкоўнікам юстыцыі Аляксеем Навіцкім.
Камітэт судовых экспертыз функцыянуе з 2013 года. У яго былі ўключаны экспертныя падраздзяленні, раней падпарадкаваныя розным ведамствам, што дазволіла кансалідаваць сілы, рэсурсы і людзей, для таго каб вывесці судова-экспертную службу на новы ўзровень.
Эксперт значыць “дасведчаны”
Раскрыццё злачынства і вышук вінаватага — задача з многімі невядомымі. Вырашаць яе даводзіцца разам супрацоўнікам многіх падраздзяленняў праваахоўных органаў. На ўсіх этапах работы, вынікам якой павінна стаць рэалізацыя прынцыпу няўхільнасці пакарання, вялікае значэнне мае ўдзел супрацоўнікаў ДКСЭ. Часта менавіта яны могуць праліць святло на заблытаную сітуацыю.
— У склад мясцовага міжраённага аддзела ўваходзяць сектар судова-медыцынскіх экспертыз, экспертна-крыміналістычныя сектары па Асіповіцкім і Клічаўскім раёнах — яны абслугоўваюць каля 62 тысяч насельніцтва, якое пражывае на тэрыторыі звыш трох з паловай тысяч квадратных кіламетраў, — расказвае Аляксей Навіцкі. — Правядзенне судовых экспертыз, аказанне дапамогі праваахоўным органам пры аглядзе месца здарэння, правядзенні следчых дзеянняў і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў застаюцца галоўнымi напрамкамi дзейнасці экспертаў. Нашы крыміналісты здольныя правесці сем відаў экспертыз. Найбольш распаўсюджаны дактыласкапія — вывучэнне слядоў рук, а таксама трасалогія — гэта ўсё, што тычыцца прылад узлому, слядоў абутку ці шын транспартных сродкаў, пашкоджанняў на вопратцы і гэтак далей.
Вывады эксперта часта становяцца той самай кропкай над i, якая вырашае зыход усёй справы. Напрыклад, генетычная экспертыза дазваляе зрабіць вывады з верагоднасцю 99,9 працэнта, дактыласкапічная — на ўсе 100: папілярные ўзоры не паўтараюцца нават у двайнят. Першы памочнік эксперта — аўтаматычная iдэнтыфiкацыйная сістэма, у якой захоўваюцца адбіткі пальцаў усіх, хто калі-небудзь праходзіў дактыласкапію. Калі на месцы злачынства былі знойдзены “пальцы” з гэтай базы даных, лічы, палова справы ўжо зроблена. У 2022 годзе супрацоўнікамі міжрайаддзела з дапамогай гэтай сістэмы па слядах рук устаноўлены сотні супадзенняў з канкрэтнымi людзьмi. І вось не так даўно дзякуючы экспертызе ўдалося ўстанавіць асобу асіпаўчаніна, які здзейсніў крадзеж з гаража. Пазней падчас следства мужчына прызнаўся ў цэлай серыі падобных злачынстваў. І такіх прыкладаў, калі эксперты дапамагаюць зрабіць таемнае відавочным, нямала.
Кадры — самы каштоўны актыў
Кадравага голаду міжрайаддзел не адчувае. Калектыў цалкам укамплектаваны: нядаўна да экспертаў-крыміналістаў Андрэя Слаўка, Арцёма Ляўкова, Рамана Юшкевіча і начальніка сектара медыцынскіх судовых экспертыз Ірыны Міраш далучылася дзяржмедсудэксперт-стажор Юлія Жукава.
Жаданне стаць экспертам у студэнткі Віцебскага медуніверсітэта ўзнікла пры вывучэнні вучэбнай дысцыпліны “Судовая медыцына” — інтарэс дзяўчыны да прадмета заўважылі і аднакурснікі, і выкладчыкі. Але рэалізацыя мары адтэрмінавалася. Пасля заканчэння ВНУ ўраджэнка аграгарадка Свіслач вярнулася ў родны раён і, яшчэ праходзячы ў мясцовай паліклініцы інтэрнатуру па спецыяльнасці “педыятрыя”, звярнулася ў міжрайаддзел, каб прапанаваць сваю кандыдатуру ў якасці магчымага супрацоўніка. Адпаведнай вакансіі на той час не было, але Аляксей Навіцкі ўзяў ініцыятыўнага маладога медыка на заметку.
З таго моманту прайшло шэсць гадоў, за якія, дарэчы, Юлія абзавялася мужам і двума дзецьмі. А ў жніўні мінулага года яна зноў прыйшла ў міжрайаддзел — у якасці паўнапраўнага калегі:
— З большага нават рада, што менавіта так склаліся абставіны. Перападрыхтоўку, неабходную для атрымання прафесіі медыцынскага судовага эксперта, раней можна было атрымаць выключна ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў ДКСЭ, цяпер жа яна адбываецца на месцы стажыроўкі. Дзякуючы гэтаму ў судова-медыцынскім сектары міжрайаддзела я адразу пачала атрымліваць не толькі неабходныя тэарэтычныя веды, але і практычны вопыт. У якасці стажора прысутнічаю на экспертызах трупаў і жывых асоб, якія праводзіць Ірына Міраш, пераймаю вопыт. Часткова стажыроўка праходзіць і на базе ўпраўлення ДКСЭ па Магілёўскай вобласці.
Судмедэксперты вызначаюць ступень цяжару цялесных пашкоджанняў, механізм іх атрымання. Мэта экспертызы трупа — устанаўленне прычыны смерці і даўнасці яе наступлення. Зразумела, не любы памерлы чалавек падвяргаецца экспертызе, гэта здараецца толькі калі труп знойдзены на вуліцы, на ім выяўлены цялесныя пашкоджанні і гэтак далей. Напрыклад, нядаўна ў доме, дзе адбыўся пажар, было знойдзена абпаленае цела гаспадыні. Здавалася б, прычына смерці відавочная, але ў дзяржсудмедэксперта Ірыны Міраш узніклі пэўныя сумненні. І са-праўды, вынікі хімічнай экспертызы паказалі: карбоксігемаглабін у крыві памерлай адсутнічае. Гэта азначае, што жанчына не ўдыхала ўгарны газ. Так прыйшлі да высновы: усе апёкі атрыманы пасмяротна, а смерць наступіла ад хранічнай ішэмічнай хваробы сэрца, якая ўскладнілася вострай сардэчнай недастатковасцю.
Хутка Юліі Якаўлеўне трэба будзе здаць кваліфікацыйны экзамен. Калі ён пройдзе паспяхова — а ў гэтым няма ніякіх сумненняў, — Асіповіцкі міжрайаддзел ДКСЭ папоўніцца яшчэ адным унікальным спецыялістам, урачом, які па родзе дзейнасці кантактуе як з жывымі, так і з мёртвымі людзьмі, — дзяржаўным судовым медыцынскім экспертам.