Нож + спіртное = ?

Студзень, в. Каўгары. Калядны вечар скончыўся забойствам: ударам 20-сантыметровага нажа ў сэрца дзядзька пазбаўляе жыцця роднага пляменніка.
Люты, пас. Сасновы. Два раней судзімыя грамадзяніны высвятляюць адносіны з дапамогай нажа — адзін цудам застаецца ў жывых.
Сакавік, паўднёвы бок г. Асіповічы. На вачах маці бацька замахваецца на забойства ўласнага сына: наносіць нажом мноства ран.
За I квартал здзейснена і чатыры наўмысныя прычыненні цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Аб’ядноўваюць гэтыя злачынствы ступень цяжкасці, выбар прылады і, галоўнае, алкагольнае ап’яненне ўсіх удзельнікаў трагедый.
У паток прамысловага алкаголю ў раёне ўліваецца нямала алкаголю саматужнай вытворчасці: і танней, і купіць можна ў любы час сутак. I мала каго з аматараў спіртнога бянтэжыць, што набыццё самагону цягне папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да 5 базавых велічынь з канфіскацыяй напояў. Попыт жа, як вядома, нараджае прапанову — і самагонаварэнне для некаторых стала прыбытковым падпольным бізнесам.
За студзень-сакавік аддзелам аховы правапарадку і прафілактыкі было выяўлена 37 фактаў вырабу і распаўсюджвання самагона, канфіскавана і знішчана 2 самагонныя апараты, 3.796 літраў брагі, самагону і вадкасцей з утрыманнем спірту. 20 асоб прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Як вядзём барацьбу з “коранем зла”? Слова начальніку аддзела Мікалаю Гайваронскаму:
— Паміж п’янствам і злачыннасцю існуе прамая сувязь, таму частка нашай работы — спыненне вытворчасці і распаўсюджвання самаробнага алкаголю. Ні адна бабуля, якая зрабіла для сябе 4-5 літраў самагонкі, да адказнасці прыцягнута не была. Мы караем толькі тых, хто паставіў вытворчасць самагонкі на паток. Такіх, да жалю, нямала.
Рэагуючы на інфармацыю, якая паступіла ў аддзел, правялі дагляд гаспадарчых пабудоў у двары непрацуючага К. Аказалася, што гэты чалавек вырабляе самагон практычна ў прамысловых маштабах. Выявіць “міні-завод” было ня-проста: да яго К. пракапаў тунэль, уваход у які старанна закамуфляваны. Дагляд не мог не ўразіць: 640 літраў брагі ў 100-літровых бітонах і 32 літры самагонкі! Вынесці бітоны было немагчыма — прыйшлося зліваць вадкасць праз акно…
Прайшоў тыдзень. Правялі паўторны рэйд — грамадзянін К. паспеў зрабіць яшчэ 150 літраў брагі! Па законе, паўтор вырабу моцных алкагольных напояў на працягу года — гэта накладанне штрафу ад 5 да 30 базавых велічынь з канфіскацыяй. Зразумела, што чалавек нядрэнна зарабляе на самагонцы, дадзенае пакаранне не надта страшыць, але яго можна прыцягнуць да адказнасці за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць…
Барацьба з самагоншчыкамі і наступствамі іх дзейнасці будзе працягвацца, вось толькі да поўнай перамогі пакуль далёка. Звяртаюся да ўсіх свядомых грама-дзян: паведамляйце аб фактах вырабу і распаўсюджвання саматужных напояў па тэлефонах 102 або 20-0-00. Магчыма, гэтым учынкам вы прадухіліце чарговае “п’янае” злачынства і ўратуеце каму-небудзь жыццё.