Наведванне выцвярэзніка ў якасці пацыента, як вядома, працэдура платная. Пасля працверажэння кожны перапіўшы грамадзянін знаёміцца са складзеным на яго пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні, пасля чаго павінен у месячны тэрмін выплаціць штраф — 87,5 тысячы рублёў (2,5 базавыя велічыні).
Сума па сённяшніх мерках не асабліва вялікая, аднак трапляюць сюды людзі розныя, і далёка не ўсе з іх згаджаюцца ўладкаваць свае адносіны з законам такім простым спосабам. Па інфармацыі начальніка медвыцвярэзніка Андрэя Кавалёва, спаганяемасць штрафаў з грамадзян, якія дастаўляюцца для працверажэння, за студзень-жнівень складае 65,3%. Гэта параўнальна неблагі паказчык: у Мінску — 50%.
Як правіла, ухіляюцца ад выплаты штрафаў непрацуючыя асобы. Яны перакананы, што калі ў да-дзены момант з іх узяць нічога нельга, то з цягам часу пра візіт у выцвярэзнік забудуцца: правапарушэнне ж нязначнае, а ў міліцыі надзённых клопатаў хапае.
Такія спадзяванні маюць рацыю толькі пры адной умове: калі правапарушальнік — безнадзейны алкаголік альбо “бомж”. Усім іншым рана ці позна штраф даводзіцца плаціць. Вось толькі прамаруджванне ў гэтай справе можа мець цэлы букет дадатковых непрыемнасцей.
Асабістыя дадзеныя кожнага пацыента выцвярэзніка ўносяцца ў агульнарэспубліканскую базу да-дзеных аб правапарушэннях. Параўноўваючы яе з інфармацыяй Фонду сац-абароны насельніцтва і спісамі персаналу прадпрыемстваў, супрацоўнікі выцвярэзніка выяўляюць тых неплацельшчыкаў, якія ўладкаваліся на работу. Праверка праводзіцца цыклічна, пакуль усе штрафы, накладзеныя за пэўны перыяд часу, не будуць спагнаныя. Сёлета, напрыклад, правяраюцца нявы-плачаныя штрафы за 2008 год, і штомесяц выяўляецца 10-15 даўжнікоў. Многія з іх ужо даўно забыліся пра колішні візіт у выцвярэзнік, і напамінак пра свой доўг перад законам успрымаюць з вялікім здзіўленнем. З тых, хто не жадае плаціць усё роўна, штраф спаганяецца праз бухгалтэрыю прадпрыемства, куды накіроўваюцца адпаведныя дакументы. Калі справа даходзіць да звароту ў адміністрацыю суб’екта гаспадарання, да неплацель-шчыка звычайна прымяняюцца і іншыя дысцыплінарныя меры: пазбаўленне прэміі альбо іншых бонусаў, што ўваходзяць у сацыяльны пакет, перанос адпачынку на менш зручны час, часам нават звальненне.
Справы афіцыйна непрацуючых неплацельшчыкаў разглядаюцца ў судзе, пасля чаго спагнаннем штрафу і судовых выдаткаў займаюцца судовыя выканаўцы. Права адабраць частку маёмасці даўжніка дзейнічае на працягу 3 гадоў, але можа бясконца ўзнаўляцца на такі ж тэрмін.
Узгаданы механізм кантролю за спагнаннем адміністрацыйных штрафаў тлумачыцца кожнаму наведвальніку выцвярэзніка, але за ўсю гісторыю ўстановы не было ніводнага выпадку, каб неплацель-шчык уладкаваўся на работу і заплаціў запазычаны штраф добраахвотна. Дзіўная рэч, чалавечая псіхалогія…