У перыяд з 11 па 17 ліпеня адбылося 11 супрацьпраўных учынкаў: крадзяжы — 9, выраб самагону — 2. Узбуджана 6 крымінальных спраў.
12 чысла ў штучным вадаёме каля вёскі Малая Грава патануў 45-гадовы мясцовы жыхар. Абставіны яго смерці высвятляюцца.
15 ліпеня на будынак бізнес-цэнтра на вуліцы Рымы Кунько, 2 (былая хімчыстка) быў здзейснены сапраўдны налёт, падчас якога з памяшканняў, дзе размяшчаецца маёмасць IП “Струпінскі Ю.С.”, студыі “R-53” і магазіна “Цэтлік”, зніклі газавы ацяпляльны кацёл, офісная аргтэхніка, цяслярны і слесарскі інструмент на агульную суму каля 30 млн. руб.
Сярод узбуджаных крымінальных спраў дзве тычацца нядаўніх уцекачоў з ізалятара часовага ўтрымання — Дзмітрыя Шаржановіча і Анатоля Гара-дзецкага. Першы абвінавачваецца ў крадзяжы халоднай зброі — паляўнічага нажа — у жыхара вёскі Дварок, другі — у спробе прысваення рэчаў, якія належаць гаспадару дачнага дома ў пасёлку Сасновы.
У ноч з 14 на 15 ліпеня ў ЦРБ дастаўлены непрацуючы 42-гадовы асіпаўчанін са шматлікімі траўмамі твару і галавы, ударам галаўнога мозгу. Пацярпелы, які на момант аказання медыцынскай дапамогі знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення, не пажадаў тлумачыць паходжанне сваіх цялесных пашкоджанняў і адмовіўся падаваць заяву ў міліцыю.
ДАI
Спынена 108 парушэнняў правілаў дарожнага руху, прыцягнута да адказнасці 6 п’яных вадзіцеляў. Адбылося 15 ДТЗ.
16 чысла вадзіцель аўтамабіля ВАЗ-2102 на 111 км шашы Мінск-Гомель ва ўмовах моцнага дажджу і дрэннай бачнасці страціў кантроль над машынай, у выніку чаго яна выехала на сустрэчную паласу руху і пасля бакавога сутыкнення з “Сітраенам С-5” з’ехала ў кювет і перакулілася. Гаспадар разбітых ушчэнт “Жыгулёў” з пагражаючым жыццю пераломам сцягна і мноствам іншых цялесных пашкоджанняў дастаўлены ў райбальніцу.
На наступны дзень жыхар вёскі Каўгары, кіруючы ўласнай “Аўдзі”, на закругленні дарогі Каўгары-Канцы-Краі не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у кювет і перакуліўся. Вынікам аварыі для 32-гадовага мужчыны, які не карыстаўся рамянём бяспекі, сталі пераломы рэбраў і рэзаныя раны твару. А вось пасажыр іншамаркі ехаў прышпіленым, таму цялесных пашкоджанняў не атрымаў.
Надвячоркам 17 ліпеня на шашы Асіповічы-Свіслач каля вёскі Вяззе легкавы аўтамабіль урэзаўся ў статак кароў, якія пераходзілі дарожнае палатно. У выніку сутыкнення 5 жывёл загінула. Вядзецца праверка абставін незвычайнага ДТЗ.
АДАI нагадвае, што правесці рэгістрацыю мапедаў па спро-шчанай працэдуры — непасрэдна ў Асіповічах, без дастаўкі транспартных сродкаў у Бабруйскае МРЭА — можна да 1 жніўня. Рэгістрацыя вядзецца па наступным графіку: аўторак, чацвер — з 14.00 да 17.00, серада — з 8.00 да 12.00.
АУСТ
Затрымана 48 правапарушальнікаў, узбуджана 3 крымінальныя справы па фактах крадзяжоў, затрыманы злачынца, які знаходзіўся ў вышуку. Канфіскавана 3,5 л кантрабанднага алкаголю.
У зоне адказнасці АУСТ і стралкова-пажарнай каманды на станцыі Асіповічы адбыўся выпадак суіцыду: 32-гадовая жанчына легла на рэйкі перад таварным цягніком. Трагедыя адбылася ў межах горада, паблізу ад пераезду на вуліцы Крыловіча.
Дэпартамент аховы
Перасечана 4 выпадкі распіцця алкагольных напояў у месцах грамадскага карыстання, 5 дробных правапарушэнняў, 1 факт самагонаварэння.
15 чысла затрыманы раней судзімы грамадзянін, які амаль адразу пасля вяртання дадому з месца адбыцця пакарання за крадзеж, паспрабаваў здзейсніць угон аўтамабіля ВАЗ-2101.
IАЖіРС
Складзена 3 пратаколы па фактах парушэння правілаў лесакарыстання, канфіскавана 1 браканьерская сетка, у якой знаходзілася 7 кг рыбы.