У перыяд з 27 чэрвеня па 3 ліпеня адбыўся 1 крадзеж і выяўлены 1 факт самагонаварэння. На дзіва спакойныя крымінальныя абставіны, верагодна, тлумачацца пераходам усіх сілавых структур раёна на надзвычайны рэжым работы ў сувязі з уцёкамі двух злачынцаў з ізалятара часовага ўтрымання Асіповіцкага РАУС.
ДАI
Спынена 184 парушэнні правілаў дарожнага руху. Прыцягнута да адказнасці 8 вадзіцеляў за язду ў стане алкагольнага ап’янення, 16 — за парушэнне хуткаснага рэжыму. Адбылося 15 ДТЗ, у найбольш цяжкіх з якіх былі вінаваты матацыклісты.
Каля 10 гадзін 29 чэрвеня на шашы Бярэзіна-Бабруйск вадзіцель матацыкла збіў пешахода, які ад атрыманых пашкоджанняў адразу памёр. З месца здарэння матацыкліст знік, аднак надвячоркам таго ж дня быў затрыманы. Злачынца і яго ахвяра аказаліся жыхарамі пасёлка Ялізава і — здараюцца ж такія супадзенні — мелі аднолькавыя прозвішчы.
2 ліпеня на шашы Замошша-Лучыцы яшчэ адзін “байкер” не справіўся з кіраваннем, ад чаго яго “Ява” ўпала на праезную частку. Пры ДТЗ пасажырка атрымала сур’ёзную траўму галавы, вадзіцель застаўся цэлым. Апошні таксама пакінуў месца аварыі, чамусьці не аказаўшы дапамогі пацярпелай і кінуўшы незарэгістраваны матацыкл. Асоба ўцекача ўстаноўлена, вядзецца праверка.
АУСТ
Затрымана 52 правапарушальнікі, узбуджана 3 крымінальныя справы па фактах падробкі дакументаў на права набыцця псіхатропных сродкаў, захавання наркатычых рэчываў і рабаўніцтва пасажыра ў купэ цягніка.
У зоне адказнасці АУСТ і ваенізаванай аховы на чыгуначнай станцыі Асі-повічы адбыўся няшчасны выпадак. Раніцай 3 ліпеня на перагоне Асіповічы-Дзераўцы машыніст таварнага цягніка заўважыў двух чалавек, якія ляжалі на чыгуначным палатне і не рэагавалі на гукавы сігнал. Прымяненне экстраннага тармажэння жыццё мужчыны — ён ляжаў паміж рэек — не захавала, а вось жанчына засталася цэлай: лакаматыў толькі адкінуў яе на некалькі метраў ад палатна. Абодва пацярпелыя былі моцна п’янымі.
Дэпартамент аховы
Спынена 8 выпадкаў распіцця алкагольных напояў у месцах грамад-скага карыстання.
29 чысла затрыманы злодзей, які 3 чэрвеня здзейсніў крадзеж відэамагнітафона ў пенсіянера з в. Лапічы.
Медвыцвярэзнік
Аказана дапамога 25 мужчынам і 2 жанчынам. Дарэчы, З ліпеня наведвальнікамі ўстановы сталі толькі два пацыенты, якія не здолелі паведаміць звесткі аб сабе. Усіх астатніх перапіўшых пры святкаванні Дня Незалежнасці грамадзян міліцыянеры дастаўлялі дадому.
РАНС
30 чэрвеня ў в. Крынка загарэлася гаспадарчая пабудова на адной з сядзіб. У агні загінуў конь.
IАЖіРС
Спынены 4 выпадкі незаконнай здабычы рыбы, парушэнне правілаў перавозкі лесу, аштрафаваны аматар збору ягад з дапамогай забароненага механічнага прыстасавання — “камбайна”.