Участковы Дзягоўчанка 26.02.10, № 15-16
Размова з лепшым участковым інспектарам міліцыі-2009
толькі пачалася, як званок з “дзяжуркі” — Сяргей Анатольевіч знаходзіўся на
сутачным дзяжурстве па райаддзеле — патрабаваў ад яго разам з брыгадай “хуткай
дапамогі” ехаць у Вяззе: у мясцовай жыхаркі пачалося сезоннае абвастрэнне
шызафрэніі, і яе трэба было неадкладна даставіць на агляд псіхіятру. Да просьбы
“прэсы” прыняць удзел у гэтым выездзе Дзягоўчанка аднёсся з разуменнем, і наша
гаворка працягвалася ўжо ў дарозе. Хоць, калі быць дакладным, гэта быў хутчэй
яго маналог на зададзеную пры сустрэчы тэму:
— Раней працаваў на ўчастку Ясень-Татарка, летась быў
пераведзены ў Асі-повічы, назіраю за кварталамі, што ляжаць паміж ву-ліцамі
Берагавая і Абросімава.
Прызнацца, па старому ўчастку сумую: правёў там амаль
10 гадоў, добра ведаў кожнага чалавека, ды і мяне лічылі сваім. Да таго ж людзі
ў вёсцы больш адкрытыя і дапамагаюць участковаму ахвотна. Бывала, пакуль
раніцай з Асіповіч да Татаркі даедзеш на дызелі, то даведаешся пра ўсё, што на ўчастку
адбылося за ноч. Часам, дзякуючы своечасова атрыманым падказкам, удавалася па
гарачых слядах раскрываць сур’ёзныя злачынствы.
У горадзе ўсё інакш, кожны — сам па сабе, а што робіцца
на падворку суседа — гэта яго праблемы.
Участак мой даволі спакойны, хоць на паўднёвым баку і
лічыцца другім па патэнцыяльнай крымінагеннасці. Але за мінулы год нічога,
акрамя звычайнай цякучкі не было: застарэлая “вайна” суседзяў за размешчаны на
мяжы іх участкаў хлеў, канфлікты падвыпіўшых кліентаў з аховай кафэ “Стыль”,
самагоншчыкі, алкаголікі, абавязаныя асобы. Тых, каго трэба ўвесь час трымаць у
полі зроку з-за схільнасці да правапару-шэнняў і асацыяльнага споса-бу жыцця —
больш паўсотні. Прафілактычную работу з імі трэба весці пастаянна і не толькі ў
рабочы час. Добра, што жонка — супрацоўнік аддзела Дэпартамента аховы,
спецыфіку міліцэйскай дзейнасці разумее.
Дарэчы, сам я міліцэйскую службу пачынаў у
крымінальным вышуку. Адпрацаваў тры гады, а потым падаў заяву на перавод ва
ўчастковыя інспектары. Чаму? Крыміналісты ловяць злачынцаў, а задача
ўчастковага міліцыянера злачынствы прадухіліць. Такі занятак мне падабаецца
больш. Ды і справу даводзіцца мець з самымі рознымі людзьмі, а гэта цікава.
Апошняе разважанне суразмоўцы — з улікам мэты нашай
паездкі — прагучала вельмі інтрыгуюча…
Жанчына, якой патрабавалася медыцынская дапамога,
штосьці ўвесь час гаварыла — трызніла. На медыкаў, якія паспрабавалі
растлумачыць, навошта сюды з’явіліся, яна кінулася ледзь не з кулакамі. Калі
стала відавочным, што сітуацыя можа выйсці з-пад кантролю, Дзягоўчанка падышоў
бліжэй і сканцэнтраваў такім чынам на сябе ўвагу гарэтніцы. Хвілін дзесяць ён
стаяў, слухаў неразборлівы крык і нейкім асаблівым — спагадлівым і даючым
надзею — позіркам углядваўся ў твар жанчыны. Што ўбачыла тая ў вачах міліцыянера
— невядома, але раптам яе сувязь з рэальнасцю стала больш трывалай. Хворая
супакоілася, згадзілася на ін’екцыю, пачала жвава збірацца ў бальніцу…
Калі ехалі назад, Дзягоўчанка не сказаў ні слова. Ды
сам нічога больш не запытваў, бо толькі што зразумеў адказ на галоўнае пытанне,
якога так і не паспеў задаць: каб быць добрым участковым інспектарам міліцыі, трэба
найперш любіць людзей і ўмець станавіцца для іх надзейнай кропкай апоры ў
цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Званнем лепшага ўчастковага інспектара Асіповіцкага
РАУС Сяргей Дзягоўчанка першы раз быў адзначаны ў 2006 годзе.