Тэлефон міліцыі 102
“Чым можам дапамагчы?” —
менавіта гэтымі словамі
пачынаецца размова супрацоўніка аператыўна-дзяжурнай
службы з чалавекам, які звярнуўся ў
райаддзел міліцыі па ўсім вядомых тэлефонах 102 ці 22-1-02.
Прынамсі, сутнасць звароту не
абавязкова тычыцца права-ахоўнай справы. Ёсць людзі, якія тэлефануюць, каб
проста пагаварыць, папрасіць парады альбо паведаміць аб нейкім незвычайным
здарэнні.
Нядаўна вось прагучаў сігнал пра
непазнаны лятаючы аб’ект. Апісанне НЛА было такім дэталёвым і праўдападобным,
што вырашылі накіраваць на праверку аператыўную групу. Праўда, гэта аказаўся
ўсяго толькі вялікі пластыкавы пакет, узняты высока ў неба моцным ветрам.
Але такія нестандартныя званкі ўсё ж
выключэнне, пераважная большасць з 10.865 зваротаў (па стане на 11 снежня)
тычыліся спраў сапраўды сур’ёзных: крадзяжоў, выпадкаў сямейнага насілля і
іншых злачынстваў, адміністрацыйных правапарушэнняў. Хаця здараюцца і лжывыя
паведамленні, якіх сёлета было 47. Дурныя “жарты” з міліцыяй дарэмна не
праходзяць: па ўсіх выпадках узбуджаны крымінальныя справы.
Дарэчы, найбольш напружаныя дзяжурствы
для супрацоўнікаў АДС — пятніца, субота і дні зарплат на буйных прадпрыемствах.
Дадае клопату і моладзь, якая прыязджае на малую радзі-му падчас летніх канікул.
Калі дзяжурны альбо яго памочнік
атрымліваюць паведамленне аб правапарушэнні, яны павінны дакладна разабрацца ў
сітуацыі і вызначыць, каго трэба накіраваць для рэагавання: аператыўную групу,
патруль ДАI, нарад патрульна-паставой службы ці ўчастковага інспектара. Як ні
дзіўна, але задаваемыя міліцыянерамі пытанні — робіцца апытанне не дзеля
ўласнай цікаўнасці, а па дэталёва прапісанай службовай інструкцыі — часта
выклікаюць у патэлефанаваўшых грамадзян незадаволенасць. Маўляў, я пра
“непарадак” паведаміў, а цяпер вы прыязджайце ды самі разбірайцеся ў дэталях.
Па словах начальніка аператыўна-дзяжурнай службы Дзмітрыя Мароза, калі б
грамадзяне перад тым, як звяртацца з паведамленнем, абдумвалі, што жадаюць
сказаць, і хоць крыху стрымлівалі эмоцыі, працаваць у “дзяжурцы” было б намнога
прасцей.
Вельмі рэдка людзі, якім АДС
арганізавала аказанне дапамогі, тэлефануюць, каб выказаць словы падзякі. Але
супрацоўнікі службы ўспрымаюць сваю непрыкметнасць з разуменнем. Яны насамрэч
не навідавоку і непасрэднага ўдзелу ў раскрыцці злачынстваў ды за-трыманнях
правапарушальнікаў не прымаюць. Ну а тое, што ад кампетэнтнасці і ўмення
трымаць пад кантролем аператыўную абстаноўку ў раёне залежыць зладжанасць
работы ўсіх падраздзяленняў райаддзела міліцыі, дык гэта не болей, як штодзённая
работа “дзяжуркі”.