Захаванне таварна-матэрыяльных каштоўнасцейсельгаспрадпрыемстваў з году ў год застаецца адным з прыярытэтных накірункаў праваахоўнай дзейнасці. І — адным з найбольш складаных, таму што галоўнымі прычынамі, якія спрашчаюць здзяйсненне крадзяжоў маёмасці СВК, з’яўляюцца адсутнасць належнай арганізацыі аховы і дрэнная тэхнічная ўмацаванасць ахоўваемых аб’ектаў.
З мэтай прадухілення ўзгаданых злачынстваў супрацоўнікамі РАУС сумесна з прадстаўнікамі райвыканкама штотыднёва праводзяцца праверкі ўмоў захавання каштоўных матэрыялаў ды абсталявання. І практычна ў кожным з сельгаскааператываў выяўляюцца тыя ці іншыя недахопы.
Грунтоўнае вывучэнне існуючай сітуацыі дазволіла выявіць стандартны набор хібаў: вартаўнікі знаходзяцца на дзяжурстве ў нецвярозым стане альбо ўвогуле адсутнічаюць на рабочых месцах, на шэрагу малочнатаварных ферм, зернетакоў, мехдвароў і іншых «стратэгічных” аб’ектах няма тэлефоннай сувязі, належнага асвятлення тэрыторый.
Усяго ў адрас кіраўніцтва асіповіцкіх СВК сёлета было накіравана 31 прадстаўленне аб ліквідацыі прычын і ўмоў, якія спрыяюць здзяйсненню правапарушэнняў. У адносінах да прадстаўнікоў СВК «Калгас «Ясень” (старшыня Пётр Сашчэка), ААТ «Пратасевічы” (дырэктар Сяргей Гатальскі) і СВК «Калгас «Лапічы” (старшыня Мікалай Аляшкевіч), у чыю кампетэнцыю ўваходзіць арганізацыя аховы маёмасці гаспадарак, узбуджаны адміністрацыйны працэс з мэтай прыцягнення іх да адказнасці за непрыняцце мер па ліквідацыі выяўленых раней парушэнняў.