Сёння гэта гучыць дзіўна, але яшчэ паўстагоддзя назад каноплі лічыліся карыснай сельскагаспадарчай раслінай. А сялян, якія дасягалі найвышэйшых ураджаяў гэтай культуры, нават адзначалі нагрудным знакам “Ганаровы канаплявод”.
Стагоддзямі нашы продкі атрымлівалі з канопляў трывалыя валокны, што ўжываліся ў тэкстыльнай вытворчасці, і насенне, з якога выраблялі замяняльнік малака альбо выціскалі алей. А тое, што лісце гэтай расліны ўтрымлівае наркотык — тэтрагідраканнабіёл (такую навуковую назву мае вядомая ўсім марыхуана) — нікому проста не прыходзіла ў галаву.
Вырошчванне канопляў было забаронена ў нашай краіне яшчэ напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя, але цалкам вынішчыць жывучую расліну аказалася складана. Яе ўсё яшчэ можна знайсці на старых сметніках, на закінутых хутарах і нават сонечных лясных палянах…
Па якой прычыне Мікалай Пятроў* восенню 2009 года патрапіў на закінуты кар’ер каля прыпыначнага пункта Кісялевічы, сёння ўжо не мае значэння. Галоўнае, што менавіта там ён знайшоў куст канопляў.
Дваццацігадовы хлопец у той час ужо быў вопытным наркаманам, таму находка яго вельмі ўзрадавала, але зрываць расліну-ізгоя ён не стаў. Сапраўды, навошта рызыкаваць, калі можна назбіраць спелага насення і вырошчваць наркотык у сябе дома — у ідэальных, з пункту гледжання канспірацыі, умовах.
Зноў жа, каб гарантаваць сябе ад любой рызыкі, Мікалай не спяшаўся ствараць дамашнюю “плантацыю” адразу — адклаў пасадку да вясны.
Калі калівы маладых канопляў крыху падраслі, ён пакінуў толькі тры самых дужых. Потым перасадзіў іх у спецыяльна зробленыя для гэтай справы вялікія скрыні з самай урадлівай глебай, рупліва паліваў, угнойваў, сачыў за рэжымам святла і тэмпературы. Каноплі ў такіх райскіх умовах раслі імкліва, і за два месяцы далі выдатны “ўраджай” зялёнай масы. Наркаман мог ганарыцца сваёй вынаходлівасцю: летам ён без аніякай рызыкі курыў “траўку” калі хацеў, а восенню атрымаў больш за 1,3 кг сухіх лісцеў марыхуаны. Прадаваць наркотык ён нікому не збіраўся, і такой колькасці атруты яму павінна было хапіць надоўга. Да таго ж пра назапашаную марыхуану ніхто не ведаў, таму патрапіць у поле зроку міліцыі наркаман мог толькі пры збегу самых неверагодных абставін. Вось толькі з тым, што амаль немагчыма тэарэтычна, у рэальным жыцці можна сутыкнуцца, як кажуць, на роўным месцы.
Фактарам, які Мікалай не ўлічыў, стала празмерная цікаўнасць да стану яго здароўя з боку маці і малодшага брата. Родныя пра марыхуану не ведалі, але хутка заўважылі выкліканыя яе курэннем змены ў паводзінах маладога чалавека. I занепакоіліся. “Надакучлівая” апека вымушала наркамана шукаць мясціны, дзе яму ніхто б не перашкаджаў курыць “траўку”. Рабіў ён гэта проста: браў з сабой крыху сухіх канапляных лісцеў, садзіўся на веласіпед і ехаў у які-небудзь бязлюдны куток.
Падчас адной з такіх паездак наркаман парушыў правілы руху на чыгуначным пераездзе, за што і быў за-трыманы супрацоўнікамі АУСТ. Веласіпедыст, які быў нібы п’яны, але не меў паху алкаголю, адразу выклікаў глыбокі прафесійны інтарэс у абаронцаў правапарадку…
Самаробная цыгарэта з каноплямі ляжала ў кішэні курткі затрыманага па пада-зрэнні ў незаконным абарачэнні наркатычных рэчываў Пятрова і, натуральна, была знойдзена пры аглядзе яго рэчаў. Пасля з’яўлення такой бясспрэчнай улікі апошняму нічога не заставалася, як расказаць праўду пра сваю “плантацыю” і выдаць назапашаныя каноплі.
Суд, разглядаючы справу “плантатара”, прызнаў яго вінаватым як у незаконным захаванні наркатычных рэчываў, так і ў вырошчванні забароненых раслінных культур.
Матэрыял для артыкула прадастаўлены Яўгенам ШалькевIчам, следчым Асіповіцкага АУСТ.