Выбух у маскоўскім аэрапорце “Дамадзедава” не мае, здавалася б, ніякага дачынення да беларускай чыгункі, аднак на працягу ўжо амаль двух тыдняў супрацоўнікі нашай транспартнай міліцыі нясуць службу ва ўзмоцненым рэжыме: суправаджаецца намнога больш, чым звычайна, цягнікоў, правяраюцца дакументы ва ўсіх падазроных пасажыраў, з дапамогай металадэтэктараў даглядаюцца вялікія сумкі і чамаданы…
Не ўсе пасажыры ўспрымаюць дзеянні міліцыі з разуменнем, але выклікаецца адмоўная рэакцыя выключна недаацэнкай беларускім грамадствам сур’ёзнасці сітуацыі.
Па інфармацыі Асіповіцкага АУСТ, адной з галоўных мэт увядзення жорсткіх мер засцярогі з’яўляецца дапамога расійскім калегам у пошуках удзельнікаў групы ваххабітаў-ісламістаў “Нагайскі джамаат”, якія, верагодна, маюць дачыненне да крывавага тэрарыстычнага акта. Не выключана, што галоўны фігурант міжнароднага вышуку — 33-гадовы жыхар Стаўрапаля Віталь Раздабудзька, ведаючы пра інтарэс праваахоўных структур да сваёй асобы, уцёк з тэрыторыі Расіі ў адну з суседніх краін. А ўсім вядома, што менавіта беларуска-расійская мяжа з’яўляецца найбольш “празрыстай” на ўсёй постсавецкай прасторы…
У зоне абслугоўвання Асіповіцкага аддзела ўнутраных спраў на транспарце за гэты перыяд нічога, што магло б паспрыяць расследаванню чарговага тэракта ў РФ, не было адзначана. Але гэта не азначае, што нашы міліцыянеры-транспартнікі дарэмна напружваюць свае сілы.