Днямі ў актавай зале райаддзела ўнутраных спраў адбылося ўрачыстае ўручэнне падзякі і грашовай узнагароды Васілю Сашчэку — чалавеку, які дапамог затрымаць уцёкшага з-за кратаў злачынцу (падрабязнасці — у матэрыялах “Як злавілі Шаржановіча?” (АК № 61 ад 15.07.11), “Пабег па-асіповіцку: новыя падрабязнасці” (АК № 60 ад 12.07.11). Пасля сустрэчы з афіцэрамі міліцыі Васіль Міхайлавіч і расказаў “раёнцы” аб сваім удзеле ў нарабіўшай шуму крымінальнай гісторыі, падзяліўшыся некаторымі назіраннямі аб адносінах землякоў да структур, якія ахоўваюць правапарадак.
— Увогуле тое, што я стаў удзельнікам буйной міліцэйскай спецаперацыі — справа выпадку і вынік збегу пэўных абставін. Не магу сказаць, што ўспаміны аб гэтай прыгодзе дастаўляюць задавальненне, хутчэй адчуваю сябе як пасля малапрыемнай, але неабходнай работы.
Пачалося ўсё праз дзень-два пасля ўцёкаў Шаржановіча. Дачка разам з зяцем начавала на дачы ў вёсцы Дварок, прачнулася ноччу і ёй падалося, што на лесвіцы, якая вядзе на другі паверх, бачыць чалавечую нагу. Потым пачула з-пад страхі нейкія гукі. Разбудзіла мужа, але той палічыў, што ўбачанае жонцы прымроілася, а гукі выдае кот, які забраўся праз незачынены выхад на балкон.
Раніцай гэтае тлумачэнне ў пэўным сэнсе пацвердзілася: кавалак сала, які быў пакінуты на кухонным стале, ляжаў пад балконам і быў яўна аб’едзены нейкай жывёлінай.
Яшчэ праз некалькі дзён з дачы знік паляўнічы нож. Ён звычайна знаходзіўся на кухні і ўжываўся выключна ў кулінарных мэтах, таму ножны ляжалі асобна. Калі б знік толькі нож, можна было б падумаць, што яго хтосьці ўзяў і не паклаў на месца, але адначасовае знікненне ножнаў дазваляла думаць, што на дачы быў нехта чужы.
Пацвердзіў такое падазрэнне і агляд акна на верандзе. Шыба трымалася ў ім толькі на адным цвіку…
Калі пераканаўся, што ў доме нічога болей не знікла, незвычайныя падзеі апошняга часу склаліся ў адну мала-прыемную карціну. Па ўсяму выходзіла, што ўцёкшы рэцыдывіст бываў на маёй дачы не адзін раз і, хутчэй за ўсё, асталяваў недзе ў ёй сабе схованку.
Паклікаў на падмогу зяця, і ён сапраўды тую схованку знайшоў. Паміж столлю пакоя на другім паверсе дачы і дахам існуе гэткая трохвугольная труба, дзе ляжалі куртка, паўпакета соку, майка. Тут жа знаходзіўся наш стары дыван, на якім няпрошаны госць, відаць, спаў.
Эксперты РАУС вызначылі, што рэчы сапраўды належаць Шаржановічу і што жыў ён тут даволі працяглы час. На дзень сыходзіў куды-небудзь, а ноччу хаваўся ў “трубу”. Выбраў менавіта маю дачу невыпадкова: яна стаіць крыху асобна ад астатніх вясковых забудоў, з яе добра бачны ўсе пад’езды да Дварка і бліжэй за ўсё да лесу.
— А ці была падобна рэальная пагоня за злачынцам на тую, якія паказваюць у тэледэтэктывах?
— Мяркуйце самі. Пасля таго, як уцякач паспрабаваў прайсці ў горад і ў цемры адарваўся ад міліцэйскай пагоні, яго вяртання ў Дварок ніхто не чакаў. Тым не менш, наступнай раніцай супрацоўнікі міліцыі яшчэ раз агледзелі маю сядзібу, але нічога там не знайшлі. Потым я выйшаў на вуліцу, дзе сустрэўся з суседам, студэнтам адной са сталічных ВНУ. Хлопец — яго завуць Андрэй Мядзелец — сказаў, што таксама праверыў гарышча свайго дома. Прыкмет пранікнення старонняга чалавека не заўважыў, аднак пазней пачуў з-пад страхі нейкі шолах.
Вырашылі паглядзець яшчэ раз. Узялі сякеру, падняліся. Частка гарышча была занята шчытамі з дошак. Калі Андрэй зазірнуў у шчыліну паміж імі і страхой, адразу закрычаў. Стала зразумела чаму, і мы імкліва пабеглі ўніз.
Андрэй зачыніў уваходныя дзверы, мы выбеглі на вуліцу і адразу ўбачылі, як праз акно выскачыў чалавек у чорным адзенні. Ён спрытна пераскочыў праз высокую агароджу з сеткі і шпарка пабег за ваколіцу вёскі. Мы з Андрэем рушылі следам. На бягу па мабільніку звязаўся з дзяжуркай РАУС і паведаміў аб сітуацыі. Пасля гэтага заставалася толькі трымаць Шаржановіча ў полі зроку і своечасова паведамляць міліцыі аб яго перасоўваннях.
Калі б быў адзін, хутчэй за ўсё злачынца змог бы адарвацца, але нас было двое, і схавацца ён не здолеў.
Шаржановіч выбег з вёскі і звярнуў налева, у бок чыгуначнага моста, ад якога зусім недалёка да Асіповічаў. Месца там адкрытае, так што пагоню ён убачыў адразу. Дабег да моста, потым раптам знік. Мы не маглі зразумець, што адбылося, пакуль не заўважылі, як ад зарасніку прыбярэжнай расліннасці пайшла моцная хваля. Прыгледзеліся — уцякач там і засеў. Той у сваю чаргу назіраў за намі, таму зрэагаваў імгненна: вы-скачыў з канавы і пабег у бок вёскі Малоцін.
Я рушыў следам, а Андрэй застаўся на мосце, каб назіраць за пуцямі. Шаржановіч праз нейкі час зноў зрабіў правы паварот і, перамахнуўшы чыгуначныя рэйкі, знік у лясным зарасніку. Але там ужо знаходзілася міліцэйская засада.
Дарэчы, і заўважыў, што злодзей накіраваўся ў лес, і паведаміў аб гэтым аператыўнікам менавіта Андрэй.
Схапілі Шаржановіча недалёка ад старога гарадскога сметніка. Мяркуючы па часе, прабег ён па лесе яшчэ не адзін кіламетр…
— Ці ёсць нейкае тлумачэнне дзіўным паваротам, якія рабіў уцякач падчас пагоні за ім? Што Вы адчувалі ў такой незвычайнай сітуацыі?
— Хутчэй за ўсё злачынца спачатку разгубіўся і дзейнічаў інстынктыўна. Магчыма, спачатку яму падалося, што ў населеных пунктах будзе прасцей схавацца. Потым, відаць, ацаніў сітуацыю больш адэкватна, ды позна ўжо было.
Ну а пра сябе што скажаш… Увогуле было страшнавата: мы ж не ведалі, ёсць у Шаржановіча якая зброя, ці не паспрабуе ён у адчаі зрабіць напад на тых, хто яго сагнаў са сховішча. Таму імкнуліся трымацца на такой дыстанцыі, каб ён не меў магчымасці нарабіць яшчэ большага глупства.
Ну а калі ўсё скончылася, больш тыдня не мог прыйсці ў сябе — расход нервовай энергіі ўсё ж быў празмерна вялікі.
— Як Ваш мужны ўчынак ацанілі блізкія, сябры, знаёмыя?
— Вельмі ўсіх цікавіла, ці праўда, што міліцыя сапраўды выплачвае ўзнагароды за дапамогу ў пошуках небяспечных злачынцаў. Ну а ў астатнім рэакцыя была стрыманай. Маўляў, і трэба табе было выконваць за міліцыянераў іх работу?..
Адказваю адназначна: трэба! Не паважаю людзей, якія не жадаюць жыць уласнай працай. Ды і, калі можна так сказаць, ёсць да асіповіцкіх зладзеяў асабісты рахунак: маю дачу яны ўзломвалі ўжо тройчы.
Дарэчы, апошні зламыснік у будынку нічога для сябе каштоўнага не знайшоў, але ўмудрыўся згубіць там свой пашпарт…