Будні асіповіцкай міліцыі
Паралельна з асноўным заданнем
Нагляд за
арганізацыяй варты на фермах сельгаскааператываў для ўчастковых інспектараў
аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС — работа звычайная. Начныя рэйды
праводзяцца рэгулярна, так што сітуацыя ў цэлым трымаецца пад кантролем.
Міліцыя дакладна ведае, дзе створаны належныя ўмовы для аховы жывёл і маёмасці,
а дзе ў сістэме абароны ад крадзяжоў ззяюць “дзіркі”. Зразумела, праблемным
фермам удзяляецца больш увагі, але ж і там, дзе нараканняў звычайне не бывае,
кантралюючы нарад часам сустракаецца з самымі неспадзяванымі нечаканасцямі. Так
што лішнімі гэтыя міліцэйскія клопаты назваць нельга.
Забягаючы
ўперад, трэба адзначыць — чарговая праверка гаспадарак прайшла без істотных
заўваг, а свінаферма СВК “Калгас “Лапічы” ўвогуле сустрэла
кантралёраў бездакорным выкананнем усіх ахоўных правіл. Але ж акрамя наведвання
ферм, дзяжурная група выконвае яшчэ і іншыя абавязкі па ахове правапарадку, так
што беднай на падзеі паездку на маршруце Асіповічы-Ліпень-Вязычын-Свіслач-Малая
Грава-Жорнаўка—Лапічы-Асіповічы ўсё ж не была.
…Выезд з
райаддзела міліцыі быў назначаны на дзесяць гадзін вечара, а пачатак работы
непасрэдна на аб’ектах нагляду планаваўся на
поўнач. Справа адбывалася ў суботу, таму па дарозе ўдзельнікі рэйда —
участковы інспектар Аляксандр Налівайка і старшы оперупаўнаважаны аддзела
крымінальнага вы-шуку Уладзімір Злобіч — павінны былі здзейсніць “марш-кідок”
па дыскатэках. У Ліпеньскі СДК даехалі хутка, магчыма, нават хутчэй, чым трэба:
у танцзале яшчэ нікога не было, а невялікія купкі моладзі “тусаваліся” у двары.
Непаўналетніх сярод іх бачна не было, а супрацоўнікі СДК былі ўпэўнены, што
нават у разгар вечарынкі наўрад ці набярэцца тры дзясяткі наведвальнікаў.
Наступнымі пунктамі кантролю былі запланаваны Свіслацкі і Ялізаўскі СДК, але
калі машына праязджала па тэрыторыі знакамітай Вязычынскай фермы, з ажыўшай
рацыі прагучала паведамленне, што каля вёскі Прыцерпа была знойдзена гумавая
лодка, якая па прыкметах падобная на ўкрадзеную некалькімі тыднямі раней на
ўчастку Налівайкі, і пажадана, каб той прыняў удзел у яе апазнанні. Што ж, у
Свіслачы паварочваем не ўправа, да СДК, а ўлева — у накірунку Прыцерпы.
…Гумавую
лодку ўпэўнена ідэнтыфікаваць не ўдалося, затое ад працаваўшых з ёй
крыміналістаў даведаліся пра абставіны яе знаходкі. Лодка, ўпакаваная для
транспарціроўкі, ляжала ў прыбярэжных кустах і выпадкова патрапіла пад ногі
адной са шматлікіх кампаній рыбакоў, якая асталявалася побач. Аб чым тыя адразу
і паведамілі ў РАУС па мабільнай сувязі.
Што ж тычыцца найбольш верагоднай прычыны
прапажы плаўсродку, то яна, як кажуць, з разраду банальных. Прыязджаюць сюды, у
аддалены куток Асіповіччыны, мноства розных людзей, прычым немалая частка рыбаловаў
— аматары “насычанага” рэлаксу на прыро-дзе, прыкладна такога, як паказана ў
папулярнай камедыі “Асаблівасці нацыянальнай рыбалкі”. Але тое, што смешна ў
кіно, насамрэч выглядае зусім не весела: стомленыя доўгім “застоллем” рыбакі
ўрэшце моцна засынаюць, кідаючы свае палаткі, лодкі, маторы да іх, іншыя не
танныя прадметы без аніякага нагляду. Для знікнення рэчаў лепшых умоў не
стварыць. Часам тая ж дрэнна прывязаная лодка адплывае ад берага самастойна,
часам, нехта ёй у гэтым дапамагае…
Скончыўшы
патрэбныя фармальнасці, едзем далей, наведваць варту на фермах калгасаў
“Чырвоны ўдарнік” і “Лапічы”. А паралельна — правяраць чутку пра “вялізную гару
нічыйнага металалому, што ляжыць недзе каля вёскі Лапічы”. Напярэдадні рэйда аб
незвычайным “радовішчы” жалеза паведаміў адзін з чытачоў “раёнкі”. Інфармацыя
была не поў-най, таму пошукі занялі нямала часу, і, як высветлілася, не зусім
дакладна адпавядала рэчаіснасці. Уражваючае нагрувашчванне вялікіх бакаў і
іншых буйнагабарытных металічных прадметаў існуе на самой справе, але належыць
яно ДРБУ № 199 і ўяўляе сабой маёмасць, якая чакае спісання на вытворчай
пляцоўцы дарожнай арганізацыі. Сістэматычны нагляд за металічным “кладам”
сапраўды адсутнічае, ды ён асабліва і не патрэбны: хутка і без спецыяльнага
абсталявання тыя ж грувасткія бакі вывезці немагчыма. Праўда, адна спроба
ўкрасці метал у дарожнікаў аднойчы ўсё ж была, аднак знікшыя прадметы мелі
настолькі своесаблівыя вага-габарытныя характарыстыкі, што знайсці іх і
прыцягнуць аматара лёгкага заробку да крымінальнай адказнасці аказалася справай
не асабліва складанай.
Ды і жыхароў прылягаючых дамоў можна лічыць
добраахвотнымі памочнікамі дарожнікаў. Не паспела наша машына прастаяць на
вытворчай пляцоўцы і дзесяці хвілін, як да яе жвава падруліў МТЗ з прычэпам, і
малады трактарыст задаў сакраментальнае пытанне: “І што вы тут, даражэнькія,
робіце, а?”
Пасля абмену
“візітнымі карткамі” разгаварыліся. Як высветлілася, хлопец — мясцовы
механізатар — вяртаўся дадому і вырашыў на ўсялякі выпадак пацікавіцца
незразумелым варушэннем каля металічных “заляжаў”. Вось у такой дробязі і
вызначылася вартая павагі грамадзянская пазіцыя чалавека. Шкада, што не
за-пісаў яго імя…
Дзмітрый САЎРЫЦКІ.