Будні IАЖіРС Лапіцкі інцыдэнт 12.01.10, № 2
Будні IАЖіРС
Лапіцкі інцыдэнт
Сярод браканьераў сустракаюцца розныя людзі. Некаторыя з іх, патрапіўшы ў поле зроку інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, імкнуцца праявіць свайго роду пачуццё гумару і прыдумляюць розныя фантастычныя тлумачэнні сваім учынкам: маўляў, паехаў ноччу на машыне-усюдыходзе з фарай-шукальнікам на кукурузнае поле, каб злавіць там збегшага каня, а незарэгістраваную стрэльбу знайшоў па дарозе. Другія адносяцца да вымушаных зносін з ІАЖіРС філасофскі, як да непазбежнай прафесійнай рызыкі, і літаральна на наступны дзень пасля выплаты штрафаў альбо нават вызвалення з месцаў адбыцця пакарання бяруцца за звыкла-незаконны промысел.
Але часам сярод парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства сустракаюцца тыя, на каго з’яўленне супрацоўні-каў інспекцыі дзейнічае, вобразна кажучы, як чырвоная ануча на раз’юшанага быка. Сустрэча з такім “двухногім парнакапытным” можа быць вельмі небяспечнай!
Напрыканцы леташняга мая літаральна ў лічаных метрах ад штаб-кватэры ІАЖіРС у Лапічах яе супрацоўнік Аляксандр Кузьміч з вялікім здзіўленнем убачыў веласіпедыста, які на багажніку вёз прадмет, вельмі падобны на адну з забароненых прылад лову. Паколькі ўзгаданая сустрэча адбылася ў ахоўнай зоне Асіповіцкага вадасховішча, дзе забаронена нават перавозка браканьерскіх прылад, інспектар Кузміч па-трабаваў, каб пада-зроны груз быў прад’яўлены для агляду. Аднак веласіпедыст — як пазней стала вядома, гэта быў мін-чанін Аляксандр Д., — у адказ на законнае патрабаванне афіцыйнай асобы спачатку кінуўся наўцёкі, а калі адчуў, што гэта немагчыма, адарваў нагрудны знак і пагоны з форменнай курткі Кузьміча і паспрабаваў адправіць яго ў накаўт магутным аперкотам у сківіцу. Не чакаўшы нападу, інспектар быў вымушаны ўступіць у няроўны бой з раз’юшаным бамбізай і выкарыс-таць балончык са слёзатачывым газам. Спецсродак на нейкі час пазбавіў парушальніка магчымасці ісці ў атаку, аднак невядома, чым бы скончылася гэтае сутыкненне, калі б на дапамогу не паспелі іншыя работнікі інспекцыі. Нават звязаны і зацягнуты ў службовую машыну для да-стаўкі ў РАУС і правядзення медэкспертызы Д. не змірыўся — пляваўся, нецэнзурна лаяўся, пагражаў “ворагам” забойствам…
Калі справу Аляксандра разглядаў суд, той да канца працэсу імкнуўся даказаць, што стаў “бязвіннай” ахвярай інспектараў ІАЖіРС, якія… злоўжылі службовымі паўнамоцтвамі. Праўда, спроба тая аказалася няўдалай. Агрэсіўны мінчанін быў пры-знаны вінаватым у гвалтоўным нападзе на службовую асобу з мэтай перашкодзіць ёй выкананне законнай дзейнасці, за што атрымаў пакаранне ў выглядзе 2 гадоў вы-праўленчых работ. Давялося выплачваць і кампенсацыю маральнай шкоды пацярпеламу ў затрыманні інспектару. Сума выплаты адносна невялікая — усяго 1 мільён рублёў, але тут, як кажуць, галоўнае — прынцып. Ну і, зразумела, быў “налічаны” адміністрацыйны штраф за спробу браканьерства…
Пастфактум: штогод інспектары ІАЖіРС затрымліваюць каля 400 парушальнікаў правілаў палявання і рыбалоўства. Браканьераў, якія падчас затрымання аказваюць непадпарадкаванне (уцякаюць), многа — каля 80%, але тых, хто праяўляе агрэсіў-насць, увогуле ня-шмат. У 2008 годзе іх было 2, летась — 10. Тым не менш, узгаданы паказчык мае тэндэнцыю да ўзрастання, так што рызыка атрымаць маральную альбо фізічную шкоду ў супрацоўнікаў ІАЖіРС становіцца ўсё больш непазбежнай. І наўрад ці можна лічыць прынцыпова важным факт, што “вайну” супраць тых, хто абараняе нашу прыроду, вядуць не мясцовыя браканьеры, а прыезджыя, у асноўным мінчане.
Па словах начальніка ІАЖіРС Антона Шабовіча, у сітуацыях, калі браканьер аказвае супра-ціўленне, самае важнае — не страціць самакантроль і не перайсці мяжу дастатковай абароны. Часам гэта бывае складана, аднак супрацоўнікі інспекцыі абавязаны заўсёды памятаць, што неадэкватная рэакцыя парушальніка з’яўляецца, як правіла, праяўленнем стрэсу альбо страху ад перспектывы выплаты вялікага штрафу. Так што ў пэўным сэнсе агрэсіўныя парушальнікі выклікаюць нават спачуванне. Але ж разуменне матываў браканьерскіх паводзін — гэта адно, а прадухіленне парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства — зусім другое…
/Выкарыстаны матэрыялы, прадстаўленыя следчым пракуратуры Асіповіцкага раёна Яўгенам Ермакаўцом/.