Асiповiччына: міліцэйскія будні №96
На дне
У памяшканні вышуковага аддзялення крымінальнага вышуку
РАУС з раніцы мітусня: супрацоўнікі заходзяць і выходзяць, абмяркоўваюць
малазразумелыя старонняму назіральніку тэмы, чытаюць альбо друкуюць патрэбныя
дакументы, робяць тэлефонныя званкі. Той, каму тэлефануюць, напэўна, рады
пачуць голас сышчыка, які спрабуе дапамагчы, але сама па сабе гаворка аптымізму
не ўнушае:
— Вашу збегшую з
дому дачку днямі зноў бачылі ў Бабруйску. Выглядае яна намнога лепш, чым калі
тусавалася з мясцовымі алкаголікамі. Відаць, уладкавалася на работу. Калі зноў
не зап’е і не з’едзе ў невядомым накірунку, паспрабуем знайсці…
Зрабіўшы яшчэ некалькі падобных званкоў, старшы
оперупаўнаважаны Аляксандр Анікееў дастаў з сейфа асабістую зброю, наручнікі,
узяў тоўстую папку і пайшоў да машыны. Разам з напарнікам — оперупаўнаважаным
Яўгенам Ласкевічам — яму належала зрабіць чарговы аб’езд пунктаў, дзе
канцэнтруюцца асіповіцкія алкаголікі і бамжы. Забягаючы наперад, трэба
адзначыць, што гэтае “пагружэнне” на гарадское “дно” не было асабліва
выніковым: тыя, да каго планавалася завітаць, нібы адчулі намер міліцыянераў і
пахаваліся.
Тупік на вуліцы Ленінскай
Не паспеў міліцэйскі “Жыгулёнак” крануцца з месца, як
паступіў загад: тэрмінова праверыць кватэру, дзе па аператыўнай інфармацыі
хаваецца злачынца, на якога аб’яўлены вышук. Сігнал, праўда, не пацвердзіўся:
калі хтосьці падазроны сюды і прыходзіў, то гэта было даўно. Што ж, вяртаемся
на першапачатковы маршрут.
Тут самае месца растлумачыць, навошта крыміналістам весці
рэгулярны нагляд за “тусоўкай” мясцовых маргіналаў. Прычыны таму слушныя: тыя,
хто ўваходзіць у гэтае асяроддзе, як правіла, схільныя да правапарушэнняў,
бадзяжніцтва і непавагі да паш-партнага рэжыму. Да таго ж, даволі часта
менавіта сярод “бамжоў” знахо-дзяць людзей, якія лічацца знікшымі без вестак.
Так, падчас нядаўняй праверкі была ўстаноўлена асоба сышоўшага з дому ў
невядомым накірунку прафесара аднаго з вядомых ВНУ. Аказалася, што мужчына неяк
выпіў лішку, нарабіў рознага глупства і ад сораму збег…
Але гэтая трагікамічная гісторыя выключэнне.
Сярэднестатыстычны “бомж” — асоба не вельмі інтэлігентная і ад маральных
ваганняў у цэлым свабодная.
…Дзверы прыватнага дома на вуліцы Ленінскай, куды
накіраваліся сы-шчыкі, адкрыла жанчына з нейкім пакамечаным тварам і ад таго
незразумелага ўзросту. Да візіту нечаканых гасцей аднеслася абыякава, а вось
мужчына, што сядзеў на за-шмальцаванай прадаўленай канапе, жвава ўскочыў і
ўзняў руку, у якой штосьці мільганула металічным бляскам.
— Не рухацца! — прафесіянальна зрэагаваў на незразумелы
рух Анікееў і пацягнуўся да пісталетнай кабуры.
Але трывога аказалася дарэмнай: падазроны прадмет
аказаўся звычайнымі пласкагубцамі. Гаспадар дома быў цвярозы, знаходзіўся ў
добрым гуморы і курочыў інструментам нейкі кавалак алюмінію. Асаблівых пытанняў
да яго не было, а вось у сяброўкі дакументы праверылі. Тая аказалася жыхаркай
Гродзенскай вобласці, нядаўна адбыла пакаранне за крадзеж. На пытанне, як
патрапіла ў Асіповічы, кабета толькі паціснула плячыма. Адчувалася, што тут, у
неацеппленым брудным будынку, дзе даўно абрэзана электраправодка і цячэ дах,
знайшла ўсё, што ёй патрэбна. Але ж ці доўга працягнецца гэтая ідылія?
На вуліцы Сумчанкі, недалёка ад крамы “Хутарок”, стаіць
двухкватэрны дом. У адной яго палове жыве прыстойная сям’я, у другой —
“квітнее” прытон-бамжатнік. Некалькі разоў там пачынаўся пажар, неаднаразова
адбываліся бойкі, адна з якіх скончылася нанясеннем цяжкага цялеснага
пашкоджання…
Калі ў жыцці многа не трэба
Якімі б мізэрнымі не былі патрэбы маргінала, пэўная
колькасць жыццёвых выгод яму ўсё ж неабходна. Які-небудзь дах над галавой
знайсці нескладана: на “дне” грамадства, дзе людзі жывуць адным днём, пусціць у
сваё жыллё малавядомага сабутэльніка на некалькі дзён — самая звычайная справа.
Грошы ж на выпівыпіўку і немудрагелістую закусь літаральна ляжаць пад нагамі:
збірай грыбы-ягады, шукай бутэлькі, металалом, макулатуру ў кантэйнерах для
смецця. Хто яшчэ не страціў працоўныя навыкі — наймаецца на падзённую работу на
будоўлю прыватных дамоў альбо ў брыгаду сарціроў-шчыкаў на гарадскі палігон
ЦБА. Выбіраючы са смецця шкло, металы і іншыя другасныя рэсурсы, можна
стабільна зарабляць 300-400 тысяч у месяц.
Менавіта з улікам
звычайных спосабаў здабывання і расходавання грошай, кантроль за маргінальнымі
асобамі прасцей за ўсё весці, наведваючы пункты прыёму шклатары ў крамах.
Адначасова гэта да-зваляе выявіць гандлёвыя кропкі, дзе парушаюцца правілы
продажу алкагольнай прадукцыі.
У некаторых такіх
пунктах прыёмшчыкамі працуюць тыя ж маргіналы. Супрацоўнікаў міліцыі яны
сустракаюць прыязна і ахвотна адказваюць на іх пытанні. Часам атрыманая
інфармацыя дапамагае ў рабоце, часам проста дае нагоду для здзіўлення.
Вось жыве ў вёсцы
Цэль чалавек. З раніцы пешшу ідзе ў Асіповічы. Па дарозе збірае грыбы-ягады,
здае іх у каапнарыхтпрам альбо прадае на рынку. На заробак купляе дзве бутэлькі
“бырла”, “паўтарашку” піва, хлеба, таннай каўбасы і таксама пешшу ідзе дадому.
На прывале выпівае адну бутэльку віна, вечарам дома — яшчэ адну, а півам
пахмяляецца з раніцы.
I так — кожны дзень…
Зміцер КАЛЯДА.