Аналіз і прагноз Крымінал і мы
Калі існуе нейкі закон, абавязкова будзе нехта, уступіўшы з ім у канфлікт. Як бы нам таго не хацелася, але цалкам пазбавіцца ад злачыннасці ні аднаму грамадству не ўдавалася за ўвесь час існавання чалавечай цывілізацыі. Відавочна, не атрымаецца і ў будучыні, таму эфектыўнасць работы органаў аховы правапарадку можна ацэньваць толькі з пункту гледжання дынамічнай раўнавагі, супастаўляючы тое, што было ўчора, з сённяшнімі рэаліямі.
Аб дзейнасці асіповіцкай міліцыі на працягу мінулага года і расказвае начальнік РАУС Андрэй Гаварака:
— Для райаддзела ўнутраных спраў 2011 год быў не столькі складаным, колькі павучальным. Маю на ўвазе знакаміты пабег двух злачынцаў з ізалятара часовага ўтрымання РАУС. У гэтай малапрыемнай падзеі як у люстэрку адбіліся і моцныя, і слабыя бакі існуючай на Асіповіччыне сістэмы аховы правапарадку. Калі коратка — інцыдэнт, які стаў магчымым “дзякуючы” легкадумнасці трох супрацоўнікаў ізалятара, патрабаваў шматтыднёвай звышнапружанай работы персаналу ўсіх міліцэйскіх структур раёна. У экстрэмальным рэжыме ўсе службы працавалі бездакорна: тэрыторыя была настолькі шчыльна блакіравана, што ўцекачы не мелі аніякай магчымасці для свабоднага перасоўвання. Але гэты непрыемны выпадак меў і пэўныя станоўчыя наступствы. Падчас правядзення аперацыі па затрыманні Шаржановіча была праве-дзена вельмі маштабная прафілактычная работа ў групах рызыкі, у супрацоўнікаў прыкметна абвастрылася пачуццё прафесійнай адказнасці.
У якасці прыкладу ўздзеяння моцнай псіхалагічнай матывацыі на эфектыўнасць праваахоўнай работы можна ўзгадаць крымінальную справу аб серыі крадзяжоў маёмасці з аўтамабіляў. Вялася яна не проста прафесіянальна, а, можна сказаць, прыгожа: дакладна працавала звязка вышуку і следства, пры выяўленні злачынцаў не было зроблена ніводнага лішняга руху. I галоўнае — злачынцаў узялі з палічным, што лічыцца верхам міліцэйскага майстэрства!
— Звычайнай рэакцыяй грамадства на эканамічныя цяжкасці з’яўляецца павелічэнне колькасці правапарушэнняў. Наколькі адчувалася гэтая заканамернасць на Асіповіччыне?
— Другая палова года сапраўды была больш напружанай. Але ў цэлым крымінал застаўся пад кантролем: у раёне было зарэгістравана 1.027 злачынстваў — на 1,3% меней, чым у 2010 годзе. З іх было выкрыта 66%, што крыху вышэй, чым у сярэднім па вобласці — 65,6%.
Прынамсі, найбольш складаным крымінальнае становішча было ў Лапіцкім сельсавеце — 85 злачынстваў, з якіх удалося вы-крыць 63,5%.
У Асіповічах самай небяспечнай тэрыторыяй стаў участак паміж вуліцамі Сумчанкі, Крупскай, Юбілейнай і Iнтэрнацыя-нальнай. Тут адбылося 116 злачынстваў.
— Самыя знакавыя злачынствы — забойствы і наўмыснае нанясенне цялесных пашкоджанняў, найбольш частыя — крадзяжы… Ці была нейкая спецыфіка ў іх здзяйсненні і выкрыцці?
— Колькасць забойстваў зменшылася з 5 да 3, і ўсе злачынцы выяўлены.
Таксама зменшылася — з 17 да 8 — колькасць выпадкаў наўмыснага прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Яны таксама выкрытыя ўсе.
Што тычыцца крадзяжоў, то іх колькасць узрасла з 561 да 626, а раскрыццё паменшылася да 48,6% (у 2010 годзе — 57,3%). Адбыліся і пэўныя структурныя зрухі ў гэтым відзе маёмасных злачынстваў. Адчувальна — з 40 да 54 — узрасла колькасць крадзяжоў маёмасці юрыдычных асоб, з 39 да 59 — рэчаў, пакінутых у аўтамабілях. Найбольшы ж рост з 5 да 38 — назіраецца ў незаконным прысваенні чорных і каляровых металаў.
Яшчэ адзін від асабліва небяспечнай злачыннасці, які мае тэндэнцыю да росту, — незаконнае абарачэнне наркотыкаў. Падчас спецыяльнай праграмы “Мак-2011” было знішчана 5.027 м2 яго плантацый (2010 — 48м2), 1.469,23 м2 канопляў (329 м2). Усяго выяўлена 52 выпадкі захавання, вырабу альбо рэалі-зацыі наркатычных рэчываў — кожнае дзясятае на Магілёўшчыне.
— Атрымліваецца, што ў крымінальным асяроддзі адбываюцца пэўныя зрухі, якія нічога добрага законапаслухмяным грамадзянам не абяцаюць. Ці здолее наша міліцыя знайсці адэкватны адказ на гэтыя выклікі?
— Зразумела, па выніках мінулагодняй работы зроблены грунтоўны аналіз, вызначаны накірункі дзейнасці, на якіх трэба засяродзіць максімум увагі.
Сярод іх, бадай, галоўнае — больш актыўнае ўжыванне мер прафілактыкі, пастаянны кантроль за асобамі, якія ўваходзяць у крымінальнае асяроддзе. Як вядома, злачынства лягчэй папярэдзіць, чым вы-крыць, а пільная ўвага з боку супрацоўнікаў мілі-цыі, грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў аказвае на патэнцыяльных правапарушальнікаў вельмі вялікі псіхалагічны ціск. Калі ж відавочна, што парушэнне закону звязана з яўнай рызыкай, зламыснік хутчэй за ўсё ад яго ўстрымаецца.
Ну, а калі яшчэ і сумленныя грамадзяне будуць крыху больш уважліва адносіцца да аховы ўласнай маёмасці, змагацца з крыміналам будзе намнога прасцей!
Гутарыў Дзмітрый САЎРЫЦКI.