Прафесія міліцыянера патрабуе выключнай метадычнасці ў выкананні сваіх службовых абавязкаў. Што і зразумела: супрацьстаянне злачыннасці — не справа, дзе можна дапускаць нейкія ўхіленні ад устаноўленых правілаў. Аднак заўсёды існуе верагоднасць, што рашаючую кропку ў складанай сітуацыі ўдаецца паставіць, дзякуючы выпадковаму збегу абставін, нечаканай падказцы, успышцы інтуіцыі.
Аб выпадках, дзе гэтыя непрадказальныя фактары праявілі сябе ў поўнай меры, напярэдадні прафесійнага свята ўзгадваюць работнікі розных падраздзяленняў РАУС.
— Неяк сыну на дзень нараджэння падарылі сабаку рэдкай пароды саншы. Лічыцца яна паляўніча-вартаўнічай і вельмі хутка засвойвае тое, чаму яе вучыць чалавек. Тое-сёе з арсеналу службова-вышуковай работы мы з ім і “праходзілі” — каб цікавей бавіць вольны час.
Аднойчы ў горадзе ўгналі аўтамабіль, а праз дзень на адной з яго ўскраін адбылося транспартнае здарэнне: машына папсавала агароджу прыватнай сядзібы. Вырашыў паглядзець на гэтае месца і паказаць яго сабаку — можа што заўважыць.
Абнюхаўшы некалькі кавалкаў пластыку, якія ляжалі каля пашкоджанага плоту, Рэкс упэўнена пабег да… размешчанай побач прыбіральні. Там ляжаў сарваны з угнанай машыны дзяржнумар!
Выявіць бліжэйшы дом, дзе пражываюць асобы з асацыяльнымі паводзінамі, і затрымаць іх для разбіральніцтва аказалася справай зусім простай. Калі праводзілася затрыманне, кампанія якраз займалася вырабам экстракцыйнага опію. Тубыльцы наркатычнага прытону амаль адразу прызналіся ў здзяйсненні ўгону і дадалі, што ў хуткім часе пасля ўжывання наркотыкаў збіраліся ўзяцца за разборку крадзенага аўтамабіля.
Так што калі б не нюх малайчыны Рэкса, наўрад ці ўгнаная машына вярнулася б да гаспадара цэлай.
Старшы ўчастковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх маёр
Аляксандр Патапейка:
— У 2010 годзе на Алеі герояў былі разбіты адразу 4 мемарыяльныя пліты. Гэтая падзея выклікала вялікі грамадскі рэзананс, і, натуральна, у яе раскрыцці была задзейнічана ІСН.
Побач з Алеяй знаходзіцца СШ № 1, таму адразу пачаў апытанне яе вучняў і настаўнікаў. Паразмаўляў недзе з сотняй чалавек — ніхто вулічных вандалаў не бачыў. Напрыканцы дня галава гудзела ад стомы, а перад вачамі чамусьці ўпарта стаяў убачаны на дошцы аднаго з класаў матэматычны прыклад, у якім ад адной лічбы адымалася другая. Раптам зразумеў, што школьная матэматыка дае выдатную падказку!
З наступнай раніцы паспрабаваў метадам адымання вызначыць, у які час ніхто ўвогуле не мог бачыць зламыснікаў. Як высветлілася, такая “мёртвая зона” сапраўды ўзнікае ў другой палове дня і доўжыцца 15 хвілін.
У “вылічаны” час ужо знаходзіўся непадалёку ад Алеі герояў — было цікава праверыць уласныя матэматычныя разлікі. Яны аказаліся дакладнымі: на ўласныя вочы ўбачыў, як двое школьнікаў з разбегу збіваюць рукамі яшчэ некалькі мемарыяльных пліт. Хлопчыкі-другакласнікі былі зусім маленькімі, і нікому б у галаву не прыйшло, што яны здолеюць зваліць і разбіць цяжкія гранітныя помнікі.
Оперупаўнаважаны аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі лейтэнант Сяргей Трухановіч:
— Барацьба з правапарушэннямі ў гаспадарчай сферы мае такую спецыфічную рысу: зламыснікі звычайна ведаюць пра тое, што пра іх ведае АБЭЗ. І, зразумела, робяць усё магчымае, каб пакідаць як мага меней слядоў незаконнай дзейнасці. У сваю чаргу супрацоўнікам нашага аддзела даводзіцца ўвесь час шукаць новыя, нечаканыя метады пошуку патрэбных улік — каб збіць з панталыку “прадугледзеўшых усе дробязі” раскрадальнікаў маёмасці.
Часам выявіць эканамічнае злачынства дапамагае ўдумлівы аналіз звычайных чутак. Яны, няхай і ў скажонай форме, амаль заўсёды распаўсюджваюць фрагменты вельмі карыснай інфармацыі. Правільна і хутка склаўшы іх у своеасаблівы мысленны “пазл”, можна атрымаць ня-дрэнны “ўлоў”.
Аднойчы такім “уловам” стала затрыманне на месцы злачынства вадзіцеля бензавоза і перакупшчыка-“салярачніка”, якія ў момант з’яўлення супрацоўнікаў АБЭЗ перакачвалі 200 літраў дызпаліва і 60 — бензіну ў падрыхтаваныя каністры. Канешне, пра асобы канкрэтных зламыснікаў мы не ведалі нічога, а вось час і месца, дзе ў гэты дзень існавала найвышэйшая верагоднасць незаконнага гандлю палівам, чуткі “расказалі” дакладна.
Начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі маёр Уладзімір Хашкоўскі:
— Здараецца, што пры раскрыцці злачынства можа ўключыцца свайго роду звышадчуванне — так званая “міліцэйская чуйка”.
Неяк падчас майго дзяжурства па райаддзелу паступіла паведамленне аб тым, што невядомыя асобы накінуліся з нажом на жанчыну ў “чаромушках”. Аператыўная група пачала агляд прылягаючай тэрыторыі, але адчуваю, што робім не тое. Сапраўды: хвілін праз 40 такое ж рабаўніцтва адбылося зусім у іншым месцы. Калі прыбылі туды, убачыў пакінуты адным з рабаўнікоў след. У галаве нешта шчоўкнула і адразу зразумеў, куды трэба рушыць. Разам з нарадам ППСМ хутка дабеглі да аднаго з дамоў — і тыя ж сляды ўбачылі зноў. У пустым хляве затрымалі падазронага п’янага мужчыну, у доме — другога. Там жа знаходзіўся ўкрадзены ў адной з жанчын мабільны тэлефон.
Як высветлілася, рабаўнікі былі паднагляднымі асобамі, таму кожнага з іх ведаў аса-біста, не раз наведваў па месцы жыхарства. Ну а характэрныя прыкметы слядоў абутку запомніў інстынктыўна. У патрэбны момант гэты ўспамін і паставіў усё на свае месцы — цяжкае злачынства было раскрыта ўсяго за 90 хвілін.