Дараганаўскі дзетдом

Дараганаўскі дзетдом

Дзіцячы дом, школа-інтэрнат, санаторная школа-інтэрнат для дзяцей з малымі і затухаючымі формамі туберкулёзу, санаторна-лясная школа для дзяцей з захворваннямі верхніх дыхальных шляхоў і сардэчна-сасудзістай сістэмы, санаторная школа-інтэрнат для дзяцей з такім жа дыягназам — установы адукацыі з такімі рознымі назвамі знаходзіліся ў адным і тым жа месцы ў Дараганаве да 2002 года. Потым школу перанеслі ў Глуск.

З датай адкрыцця дзіцячага дома звязана пэўная загадка. У старадарожскай раённай газеце “За Савецкую Радзіму” 4 студзеня 1957 года (Дараганава ў той час уваходзіла ў склад Старадарожскага раёна — аўт.) паведамлялася: “Дажджлівым лістападаўскім днём 1921 года ўпаўнаважаны ЧК са станцыі Асіповічы прывёў дзесяць хлапчукоў у абшарпаных лахманах у дом былой пані Дараганіхі. Наспех абсталявалі спальню, пакой для заняткаў. Чэкісты выдзелілі са сваіх небагатых запасаў прадукты, бялізну, адзенне для абшчажыцця на першы час. Вось з гэтага дня і вядзе сваю гісторыю Дараганаўскі дзіцячы дом”.

Аднак іншых пацверджанняў названай вышэй даты пакуль не знойдзена, так што кропкай адліку будзем лічыць канец восені-пачатак зімы 1923 года. Яна ўзгадваецца ў газеце “Запаветы Леніна” 3 снежня 1968 года разам з пэўнымі падрабязнасцямі. У прыватнасці, першую групу дзяцей прывезлі са Слуцка, першым дырэктарам стаў Іосіф Георгіевіч Кудзеля. Дзіцячы дом у Дараганаве ў даваенны час быў адным з лепшых у Мінскай вобласці.

Такім чынам, сёлета Дараганаўскаму дзетдому споўнілася б 100 гадоў… Апошні раз круглая гадавіна ўстановы шырока адзначалася ў 1993 годзе. На ўрачыстую вячэру ў гонар яе 70-годдзя вялізная зала сталовай ледзь змагла ўмясціць у два заходы ўсіх гасцей.

Сёлета ж паспрабуем расказаць, абапіраючыся на ўспаміны колішніх выхаванцаў і знойдзеныя ў архівах газетныя артыкулы, пра тры самыя важныя перыяды з “біяграфіі” дома, які быў родным для некалькіх пакаленняў дзетак, што засталіся сіротамі.

“Мы былі па-сапраўднаму шчаслівымі!”

Пра даваеннае жыццё ў дзіцячым доме даюць уяўленне ўспаміны Мікалая Васільевіча Жарава. Ён нарадзіўся ў 1927 годзе, у Дараганава патрапіў у 1932-м і знаходзіўся там да кастрычніка 1941-га:

“У 1935 годзе я стаў вучнем першага класа Дараганаўскай няпоўнай сярэдняй школы. Там вучыліся як дзетдомаўцы, так і местачковыя дзеці. Вучыліся адразу пісаць мялкамі на грыфельных дошках і толькі ў другім класе атрымалі чарнільныя ручкі з асаблівымі пер’ямі — яны дапамагалі выпрацоўваць прыгожы, ахайны почырк. Майстэрству каліграфіі ў той час надавалася шмат увагі.

Акрамя агульнай адукацыі, нас пастаянна трымалі ў курсе міжнародных спраў, жыцця краіны. У клуб-сталовую штомесячна прывозілі кінафільмы, спачатку нямыя, а з 1938 года — з гукам. Таксама ў клубе быў радыёпрыёмнік, які працаваў на батарэях. У 1940 годзе пачала працаваць новая сталовая і адчынілася новая — цагляная — двухпавярховая школа.

Разам з навучаннем у школе нас прывучалі да працы. Дзіцячы дом меў тры агароды, дзе выхаванцы вырошчвалі капусту, моркву, буракі, агуркі, памідоры і іншую гародніну. Быў і свой гаспадарчы двор, дзе ўтрымліваліся два кані, некалькі кароў, свінні, гусі, куры і качкі. Меліся вытворчыя майстэрні, у якіх выраблялі табурэткі, сталы, парты і іншую мэблю, якой потым і карысталіся. Самі пілілі, секлі і складвалі дровы, у падшэфным калгасе займаліся праполкай, зборам каласкоў пасля жняярак, капалі бульбу.

Калі з’явіліся новыя — маладыя — выхавальнікі, жыццё ў дзіцячым доме стала яшчэ больш насычаным і рознабаковым. Нашым кумірам і аўтарытэтам быў Іван Канстанцінавіч, невычэрпнай энергіі чалавек. Франтавік — ваяваў з японцамі на Халхін-Голе, — ён арганізаваў ваенна-патрыятычнае выхаванне, іграў на ўсіх струнных інструментах і гармоніку, быў добрым спартсменам.

Усе мы ў апошнія мірныя гады былі па-сапраўднаму шчаслівыя”.

Пра перадваеннае жыццё Дараганаўскага дзіцячага дома расказвае і артыкул раённай газеты “Калгаснае жыццё” ад 12 снежня 1939 года:

“…Дзяцей выхоўваюць 27 спецыялістаў-выхавацеляў. Многа чаму тут ужо дзеці навучыліся. Сярод іх ёсць добрыя фізкультурнікі, танцоры, музыканты і выдатнікі. Асабліва па вучобе выдзяляюцца Міхадзюк Рыгор, Надзя Давыдоўская, Вера Фурс, Ніна Лапшына і другія. Сярод дзяцей ёсць 18 значкістаў ППХА (проціпаветраная і хімічная абарона) і 12 БГАА (будзь гатовы да абароны Айчыны).

Пры дзіцячым доме арганізаваны самадзейныя гурткі — драматычны, балетны, фізкультурны і шумавы аркестр. Сіламі гэтых гурткоў ужо праведзены ў калгасе “Камінтэрн” вечар самадзейнасці, прысвечаны выбарам у мясцовыя Саветы дэпутатаў працоўных. Таксама ў пасёлку Дараганава гурток самадзейнасці дзіцячага дома выступіў з балетнымі нумарамі. Трэці вечар будзе паказаны ў калгасе “Чырвоны трудавік” гэтага ж сельсавета”.

Летам 1941-га

З успамінаў Мікалая Жарава:

“22 чэрвеня праслухалі паведамленне савецкага кіраўніцтва аб нападзе Германіі на Савецкі Саюз. Усе былі абсалютна прыгнечаныя, не ведалі, чым сябе заняць. Вечарам па радыё пачулі пераможныя рэляцыі: нашы далі сакрушальны адпор фашыстам, так што першую ваенную ноч спалі спакойна. Раніца 23 чэрвеня — няма традыцыйнага пад’ёму, няма фіззарадкі: нешта парушылася ў звыклым рытме жыцця. І вось яшчэ трывожная навіна: з канюшні зніклі лепшы конь, лепшая пралётка. Знік і наш “Баця”, дырэктар.

У тую ж раніцу над намі праплыла першая чарада варожых самалётаў. Іх было 60 штук, усе двухматорныя. Рушылі кірункам на Асіповічы ці Бабруйск. Бліжэй да поўдня ўсюдыісныя нашы пацаны знайшлі забітага чырвонаармейца з каманды, якая ахоўвала чыгуначны мост. Казарма размяшчалася непадалёк ад пераезда. Пабеглі туды — ніводнага вай-скоўца, толькі дзве аўчаркі на прывязі спалохана маўчаць. У казарме ложкі не прыбраныя, зброі і боепрыпасаў няма. На прадуктовым складзе ўсе пакінутыя харчы абліты газай. У той жа дзень знікла яшчэ некалькі выхавальнікаў <…>.

24 чэрвеня мы з тымі выхавальнікамі, што засталіся, пайшлі ў бок Асіповічаў у надзеі, што там нас вывезуць па чыгунцы. Але ў кожнай вёсцы, якія праходзілі, жыхары раілі вяртацца: “Асіповічы пастаянна бамбяць, з Асіповіч не пайшоў ні адзін эшалон…” Нашы арганізатары вырашылі не рызыкаваць, так што з паўдарогі мы павярнулі назад.

Наступныя дні запомніліся доўгімі калонамі адступаючых чырвонаармейцаў. Дзіўна, але варожая авіяцыя іх не турбавала. А потым убачылі першых немцаў <…>.

Аднекуль на вуліцы ўзнікла легкавая машына. З яе выйшлі тры вайскоўцы ў ня-звыклай форме і накіраваліся да натоўпу ля пякарні. Людзі разгубіліся, пачалі разбягацца. Сярод жыхароў мястэчка былі чырвонаармейцы. Яны таксама разгубіліся, а немцы, усвядоміўшы сітуацыю першымі, шпарка пабеглі ў блізкі бор. Чырвонаармейцы пачалі страляць, аднак безвынікова. Немцы ж выбеглі да галоўнага корпуса дзіцячага дома, супакоіліся і перайшлі на крок. Задыханыя, успацелыя, і толькі ў аднаго з іх быў пісталет. Прайшлі ў бок рэчкі і зніклі ў кустоўі. Ніхто за імі не гнаўся.

Яшчэ праз некаторы час пад Будай адбыўся бой. Вёска недалёка ад Дараганава, так што кананаду было добра чуваць. Цераз некалькі дзён пайшлі паглядзець, што там адбылося.

На лузе каля лесу, у якім немцы акружылі адступаючыя часці Чырвонай арміі, дзясяткі, калі не сотні, асядланых коней — цэлых, пакалечаных і забітых! Сустракаліся і непрыбраныя трупы кавалерыстаў.

У гэтым жа лесе пад Будай пазнаёміліся з уцалелымі воінамі. Яны зладкавалі некалькі зямлянак і палатак, жадалі працягваць барацьбу з ворагам і паставілі нам задачу дапамагаць у зборы зброі, боепрыпасаў, амуніцыі. Мы туды і ў далейшым наведваліся, выконваючы розныя просьбы. Гэта, напэўна, было адно з першых звенняў у партызанскім руху на Асіповіччыне.

Калі праз Дараганава пачалі рушыць нямецкія падраздзяленні, страху не было, бо тады яшчэ захопнікі не чынілі шкоды мірнаму насельніцтву. Чужынцы выклікалі ў нас цікаўнасць, нават было жаданне мець нейкія зносіны, бо ў школе вывучалі нямецкую мову.

Усё змянілася, калі пачала дзейнічаць акупацыйная адміністрацыя. З’явіліся ў мястэчку аб’явы з загадамі аб стварэнні яўрэйскага гета, пагрозамі расстрэлу за хаванне яўрэяў, камуністаў, камісараў, параненых чырвонаармейцаў, за захоўванне зброі. На тэрыторыі дзетдома ж пастаянна знаходзіліся параненыя камандзіры і чырвонаармейцы. Да таго ж камсорг Іван Кіслы і старшыня дзіцячага савета Рыгор Міхадзюк імкнуліся далучыцца да супраціўленняя акупантам. Яны пашкодзілі тэлефонную лінію, насілі раненым байцам у лес медыкаменты і ежу. Юныя мсціўцы пад-клалі міну на перагоне станцый Дзераўцы-Дараганава і падарвалі варожы цягнік. Калі акупанты забралі ў жыхароў вёскі кароў і гналі іх з Дараганава, хлопцы з-за кустоў кінулі ў ахову гранаты.

Нейкім чынам аб “выхадках” дзятдомаўцаў стала вядома ў мясцовай камендатуры. Раніцай 5 верасня дзіцячы дом акружылі, усіх выгналі на вуліцу. Ваню і Грышу арыштавалі. Праз некалькі гадзін карнікі прывялі хлопцаў назад. Яны дасталі са схованак наган і карабін. А потым Ваню і Грышу расстралялі — разам з мужчынамі-яўрэямі, якіх было каля 24 чалавек. Сярод забітых яўрэяў быў і адзін работнік дзетдома — Ігнацій Львовіч Наумюк”.

* * *

У кастрычніку выхаванцаў дзіцячага дома адправілі ў Крынку, у лагер, створаны для юных пацыентаў мясцовага санаторыя. Мікалай Жараў знаходзіўся там да канца 1942 года, а потым быў вывезены ў Германію.

Дзесяць гадоў пасля вайны

Аднаўленне Дараганаўскага дзетдома пачалося амаль адразу пасля вызвалення Асіповіччыны.

Да жніўня 1944 года было прынята каля 60 рабят. На той час сядзіба дзетдома была разбурана, жылы будынак стаяў без страхі, не было мэблі. Але ў хуткім часе завезлі трафейныя жалезныя ложкі, нямецкія матрацы і падушкі, якія набілі саломай. Суконныя шэрыя коўдры выдзелілі ваенныя. Дзеці і іх выхавацелі з вялікім натхненнем працавалі на вучэбна-доследным участку, займаліся рамонтам і будаўніцтвам, рабілі для сталовай сталы, табурэты.

У верасні 1944 года прыступілі да вучобы. Урокі праходзілі ў дамах вяскоўцаў, падручнікаў не хапала, не было сшыткаў, так што пісалі на любых кавалках паперы. Ручкі былі самаробныя, чарнілы таксама. Іх атрымлівалі з сажы або галаў — шарападобных наростаў на лістах дуба.

Неўзабаве ў дзетдоме была створана піянерская дружына імя Лізы Чайкінай.

Дзяцей кармілі тры разы на дзень, але ежы ў першыя пасляваенныя гады было мала. На дзень атрымлівалі 500 грамаў хлеба — па сто на сняданак і вячэру, астатняе на абед. Хлеб быў цяжкі, дрэнна выпечаны. Важыў многа, а кавалачкі былі маленькія. Усім хацелася, каб патрапіў  акраец: яго даўжэй можна есці. Тлушчаў было мала. Яны ішлі для запраўкі супу з аржаной сечкі — шэранькага, рэдзенькага, з парай кавалачкаў бульбы.

Дапамагала “лясная сталовая”: летам нарыхтоўвалі ягады, грыбы, рвалі шчаўе, лавілі рыбу ў Пцічы. Некаторая колькасць прадуктаў і такія жаданыя прысмакі паступалі па лініі Чырвонага Крыжа. Калі прыходзіла доўгачаканая пасылка, у дзяцей было свята.

І ўсё ж паляпшалася жыццё даволі хутка. Вялікую дапамогу аказвалі шэфы. Яны пабудавалі лазню, пральню, абсталявалі клуб, кухню і сталовую, падарылі піяніна і мяккую мэблю. Адрадзілася дапаможная гаспадарка: конь, дзве каровы, свінні, качкі. Дзетдому выдзелілі ўчастак зямлі на месцы колішняга ляснога хутара, дзе ўласнымі сіламі вырошчвалі бульбу, жыта, пшаніцу, гародніну.

У 1945 годзе ўпершыню выхаванцы ўдзельнічалі ў рэспубліканскай алімпіядзе мастацкай творчасці школьнікаў, і небеспаспяхова. Прызамі і граматамі былі ад-значаны Аня Жэшка, Давід Налібоцкі, Клара Комава, Эма Гальперын і іншыя.

У 1947 годзе адбыўся першы выпуск выхаванцаў: Аляксей Колтун, Сцяпан Тарасаў, Уладзімір Чарнышэвіч, Адам Сяркоў, Аляксандр Пятроўскі паехалі на вучобу ў рамеснае вучылішча.

У 1952 годзе з’явілася свая грузавая машына, ды і коней дабавілася. Быў пасаджаны сад з яблынямі, вішнямі, парэчкай. Набылі пяць пчаліных вулляў. Пчол даглядаў Павел Антонавіч Сеўрук і гурток юных пчалаводаў.

А ў 1955 годзе ўдзельніца гуртка юных натуралістаў Вера Кітаева была ўзнагароджана медалём Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставы ў Маскве…

Напачатку 60-х дзіцячы дом быў пераўтвораны ў школу-інтэрнат. Але гэта ўжо іншая эпоха.

Мікалай ТАМАШОЎ.

Поўны тэкст даследавання гісторыі Дараганаўскага дзіцячага дома будзе ў хуткім часе размешчаны на сайце праекта “Электронная книга «Память. Осиповичский район»”.

Последние новости

Власть

Лукашенко принял с докладом главу Администрации Президента

21 ноября 2024
Читать новость
Власть

“Я даже не ожидал, что так будет”. Лукашенко оценил уже собранные более 1,5 млн подписей за его выдвижение на президентских выборах

21 ноября 2024
Читать новость
Новости

Вопрос-ответ

21 ноября 2024
Читать новость
Власть

Лукашенко: проблемы, которые тревожат людей, для меня очень важны, чтобы потом исправлять недостатки

21 ноября 2024
Читать новость
Новости

Кровавая полоса на снегу или борьба с «бесами»

21 ноября 2024
Читать новость
Власть

Лукашенко: председатели райисполкомов не несут той нагрузки, которую должны нести

20 ноября 2024
Читать новость