Ў Шклове адбыўся абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2026”

Ў Шклове адбыўся абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2026”

У гэты дзень Шклоў аб’яднаў усе рэгіёны Магілёўшчыны і стаў сапраўдным цэнтрам прыцягнення для тых, хто шануе працу і дасягненні сельскіх працаўнікоў. Ужо з самай раніцы на фестывалі чакалі наведвальнікаў падворкі раёнаў, на якіх шырока былі прадстаўлены ўнікальныя традыцыі і рамёствы, а таксама інтэрактыўныя пляцоўкі, дзе кожны мог прыняць удзел у займальных майстар-класах і актыўнасцях.

На працягу свята працавалі разнастайныя тэматычныя лакацыі: «Млын ураджаю» з выставамі-прэзентацыямі, якія адлюстроўвалі аграпрамысловы патэнцыял, турыстычныя, культурныя і іншыя брэнды, гандлёвыя рады, выставы з лепшымі ўзорамі сельскагаспадарчай тэхнікі, пляцоўкі МНС, Дэпартамента аховы з паказальнымі выступленнямі і дэманстрацыяй аварыйна-выратавальнай тэхнікі, шмат іншага. Праводзілася спартыўная праграма, працавала пляцоўка БРСМ.

Каля раённага Дома культуры разгарнулася фотавыстава “Наш гонар”, прымеркаваная не толькі да сельскагаспадарчага свята, але і да Года беларускай жанчыны. Адметна, што першым у галерэі працоўных партрэтаў быў фотаздымак нашай Надзеі Піляк, якая ў час уборачнай працавала памочнікам камбайнера ў ААТ “ЖорнаўкаАГРА”.

Першая ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання прайшла на базе Лядовай арэны. Гэта мерапрыемства было асабліва хвалюючым для асіповіцкай дэлегацыі: на сцэну выклікаліся ў тым ліку нашы землякі.

Падзяка старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта аб’яўлена майстру-тэхнолагу (зменнаму) ААТ “Асіповіцкі хлебазавод” Таццяне Баяка і зменнаму майстру элеватара Асіповіцкага вытворчага ўчастка ААТ “Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў” Яніне Каржэвіч, Ганаровай граматай Прэзідыума абласнога камітэта Магілёўскай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу адзначана праца трактарыста-машыніста ААТ “Авангард-Ніва” Дзмітрыя Каранькова.

Пасля ўрачыстасці ўзнагароджаныя падзяліліся ўражаннямі: для кожнага такое ўшанаванне было важным і хвалюючым, усе яны ўпершыню былі запрошаны на абласныя Дажынкі, і гэта ўжо высокая ацэнка работы.

Пасля палудня на галоўнай дажыначнай сцэне распачалася асноўная ўрачыстасць са святочным канцэр­там «Слава людзям, што працуюць на зямлі!». Асаблівыя пачуцці — і гонар, і захапленне — выклікаў парад караваяў ад усіх рэгіёнаў вобласці.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Крутой зачытаў Прывітальнае слова Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам і гасцям свята “Дажынкі-2026”: “У бягучым годзе Магілёўшчына ў чарговы раз даказала, што можа дабівацца добрых вынікаў. Ваша доля ў рэспубліканскім караваі салідная — 1 мільён 220 тысяч тон збожжа і рапсу без уліку кукурузы, прычым тры раёны дасягнулі 100-тысячнага рубяжу.

Усё гэта — заслуга сяльчан, якія ад зары да зары працуюць у полі, вынік напружанай працы механізатараў, аграномаў, вадзіцеляў, аператараў зернесушыльных комплексаў, іншых спецыялістаў і кіраўнікоў гаспадарак.

Дзякую кожнаму, хто ўнёс уклад у правядзенне ўборачнай кампаніі. Вашы прафесіяналізм, вытрымка і любоў да справы выклікаюць самую глыбокую павагу”.

Дзмітрый Крутой уручыў узнагароды лепшым прадстаўнікам аграпрамысловага комплексу Прыдняпроўскага краю.

Звяртаючыся да працаўнікоў вёскі, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка падкрэсліў значнасць працы хлебаробаў:

— За кожнай тонай збожжа і кожным гектарам убранага поля стаяць раннія пад’ёмы, трывога за надвор’е, адказнасць за тэхніку і, вядома, велізарная адданасць сваёй справе. Сельская праца ніколі не бывае лёгкай.

Але менавіта яна забяспечвае харчовую бяспеку краіны і ўпэўненасць у заўтрашнім дні кожнай беларускай сям’і. Уборачная кампанія 2026 года зноў пацвердзіла: Магілёўшчына можа дасягаць годнага выніку. Наперадзе ўборка кукурузы на зерне, і мы плануем выйсці на агульны намалот
1 мільён 400 тысяч тон, як і летась. Гэта сведчыць аб сістэмнай, стабільнай рабоце нашых аграрыяў, нягледзячы ні на якія цяжкасці і ўмовы надвор’я. На наступны год наша задача выйсці на паўтара мільёна тон.

Па выніках абласнога спаборніцтва лідарам стаў Шклоўскі раён, на другім месцы — Магілёўскі, трэцім — Кіраўскі. Старшыня аблвыканкама ўручыў пераможцам заслужаныя ўзнагароды. Аб’яўлена, што абласныя Дажынкі ў наступным годзе пройдуць у Дрыбіне.

Увогуле, шмат цікавага і нават незвычайнага можна было ўбачыць на сельскагаспадарчым фэсце. Без перабольшвання, абноўлены падворак нашага раёна — яркі і прыгожы — карыстаўся ў гасцей Дажынак вялікай папулярнасцю.

Наведвальнікі з задавальненнем знаёміліся з вырабамі асіповіцкіх рамеснікаў, удзельнічалі ў майстар-класах, гульнях, дэгуставалі прадукцыю нашых перапрацоўчых прадпрыемстстваў. А пачастункаў было шмат, і ўсе — смачныя і карысныя.

Выдатную фотазону падрыхтаваў доследны лясгас, жадаючыя сфатаграфавацца на фоне лясных трафеяў літаральна выстройваліся ў чаргу. А жывыя экспанаты — авечкі — выклікалі захапленне не толькі дзяцей, але і дарослых. Каля імправізаванай сажалкі з рыбай ААТ «Рыбгас «Свіслач»» было вельмі многа тых, хто імкнуўся паспрабаваць рыбацкую ўдачу.

Прыцягвалі ўвагу конкурсныя работы нашых майстроў раённага цэнтра народных рамёстваў. І нядзіўна: талент і ўмелыя рукі могуць перадаваць асаблівую энергетыку. З задавальненнем фатаграфаваліся наведвальнікі з “жывымі статуямі” народнага тэатра “Надзея”.

Сустракалі гасцей на падворку Гаспадар і Гаспадыня — Жанна Ліхадзіеўская і Алег Матусевіч з народнага ансамбля народнай песні “Чыстыя крыніцы” Вязаўніцкага СДК. На працягу дня стваралі святочны настрой сваімі песнямі, у тым ліку аўтэнтычнымі абрадавымі, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль народнай песні “Вязанка” Вяззеўскага СДК і народны ансамбль народнай песні і музыкі “Люлечка” раённага Цэнтра культуры і адпачынку, далучаючы да танцаў і гасцей фестывалю-кірмашу.

Агульнае свята  атрымалася каларытным, цёплым, сардэчным і шчодрым. Дзякуй усім, хто для гэтага пастараўся.

Валянціна КОРБАЛЬ

Последние новости

Общество

Молодежная женская платформа «Территория РОСТа» — это уникальный проект для молодых девушек со всей Беларуси

14 октября 2026
Читать новость
Культура

Что посмотреть на неделе в Осиповичах?

14 октября 2026
Читать новость
Общество

Мамины советы, которые осиповчане используют всю жизнь: истории, которые трогают

14 октября 2026
Читать новость
Общество

«Труд матерей — в основе всех достижений страны, которыми мы по праву гордимся»

14 октября 2026
Читать новость
Общество

Гороскоп на 4 октября для всех знаков Зодиака

14 октября 2026
Читать новость
Общество

II Открытый фестиваль моды и дизайна «Синий дом»

13 октября 2026
Читать новость

Рекомендуем