Зямля продкаў: падарожжа ў Свіханава

Зямля продкаў: падарожжа ў Свіханава

Сумесны партрэт насельніцтва Свіханава (1958г.)

У Свіханаве зарэгістравана дзевяць жыхароў. Большасць з іх маюць гарадское жыллё, толькі дом у гэтым маляўнічым кутку ні на што не хочуць мяняць.

“Вёска ў зялёным вяночку” — так ахарактарызавала Свіханава адна з гасцей населенага пункта. І гэта азначэнне даволі ўдала апісвае знешні выгляд паселішча, размешчанага ў абрамленні лесу, за 9 км ад аграгарадка Дараганава. Елкі ды сосны выконваюць ролю агароджы, якая абараняе жыхароў ад нягод і непагадзі.

Дарэчы, як успамінаюць жыхары, яшчэ ў па­чатку 1950-х гадоў вёска мела сапраўдную ваколіцу: кампактны населены пункт — вуліца ў 16 хат — быў абнесены плотам, па абодвы канцы якога размяшчаліся брамы. І жылі насельнікі дружна, амаль як вялікая сям’я. Дарэчы і сёння тут тая ж вуліца ў 16 хат, з аднаго краю якой жывуць Валянціна і Валерый і з другога — Валянціна і Валерый. Але аб усім па парадку.

— У 1907 годзе мой дзед Якаў разам са стрыечным братам Іосіфам арандавалі некалькі валок зямлі ў жонкі пана Дарагана, бо сам гаспадар да таго часу памёр, — расказвае Віктар Галіеўскі. — Яны пасяліліся тут у адной невялічкай хат­цы, апрацоўвалі зямлю. Дзед, дарэчы, быў майстрам на ўсе рукі. Шыў абутак, бандарнічаў. Пасля рэвалюцыі браты пабудавалі тры хаты: у трэцяй пасяліўся іх родзіч Гіляр. Так што Свіханава пайшло ад роду Галіеўскіх. Пасля вайны з хутара перабраліся ў Свіханава Юстын, Адам і Дзмітрый Сасіноўскія. Потым тут з’явіліся Вер­нікоўскія, Туміловічы, Паўловічы. Усе былі ката­ліцкай веры.

І хоць першых пасяленцаў вёскі даўно няма на свеце, іх дамы выглядаюць па-ранейшаму дыхтоўна.

— Падруба ў дома дубовая, калі нядаўна абшываў яе — іскры сыпаліся: інструмент не мог прабіць шчыльную драўніну, — успамінае Віктар Канстанцінавіч.

Дарэчы, ён вырас у гэтым доме, а затым адправіўся ў сталіцу. Там асталяваўся, зрабіў кар’еру, выгадаваў дзяцей. На малую радзіму ездзіў часта, а калі разам з жонкай Людмілай пайшлі на заслужаны адпачынак, на ўвесь цёплы час года сталі перабірацца ў вёску, дзе замест шуму, натоўпу і мітусні атрымалі першазданную цішыню і прыгажосць прыроды, чыстае паветра і магчымасць нетаропка з асалодай смакаваць кожны дзень жыцця.

Асіпаўчанка Ганна Кычакова таксама нарадзілася ў Свіханаве. Жыццёвы шлях пакружыў яе па неабсяжных прасторах планеты — ад Германіі да Камчаткі, 12 гадоў працавала начальнікам чыгунач­най станцыі Дзёс Байкала-Амурскай магістралі. І ўсё ж душа прывяла на малую радзіму, да вытокаў.

Тут лепшае месца ў свеце, — канстатуе жан­чына. — Лес пачынаецца амаль з агарода, так што грыбоў назбіраць можна літаральна на падворку. Насельніцтва ў нас добразычлівае, а прыгажосць якая!

Можа таму і пасябравала яна з песняй яшчэ з дзіцячых гадоў, што калі ішла па полі, на якім каласуе жыта, міма бярозак, што шапацяць на ўзлеску, удыхала водар кветак, які напаўняе прастор, песні самі ліліся з душы. Шмат гадоў Ганна Канстанцінаўна ўдзельнічае ў раённым хоры ветэранаў, на рэпетыцыі і канцэрты ездзіць нават з дачы.

Яе сяброўка Валянціна Васільева жыве на краю вуліцы. Больш дакладна, яны з мужам Валерыем асіпаўчане. Але, нібы тыя птушкі, кожную вясну ляцяць у дом дзяцінства, вядуць тут гаспадарку, адпачываюць. Валянціна Мікалаеўна расказвае пра сваю вёску:

Вялікай яна не была, хутчэй, больш ажыўленай. Калісьці тут размяшчаліся цялятнік, канюшня, кузня. А вось калодзеж — адзін на ўсё сяло, аднак вады хапала на ўсіх, бо зроблены быў па-гаспадарску.

Як расказваюць жыхары, некалі папулярнасцю ў жыхароў суседніх населеных пунктаў карыстаўся свіханаўскі самагон. А чым ён адрозніваўся ад іншых гатункаў — сказаць цяжка. Зараз жа вытвор­часцю гэтага напітка тутэйшыя насельнікі не займаюцца, хаця гэтай пікантнай старонкі гісторыі вёскі не саромеюцца.

Успамінаюць і пра тое, як адзначалі калісьці святы. Асабліва Тройцу. Гулялі разам вяселлі. У час аднаго такога свята, у 1958 годзе, і быў зроблены фотаздымак усяго вясковага насельніцтва. Яго сфатаграфаваў бацька Валерыя Сасіноўскага, які ў розны час працаваў фотакарэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” і “Звязды”.

Валерый Антонавіч, дарэчы, мінчанін, але ўсё дзяцінства яго праходзіла ў дзядулі.

Не ведаў, што такое дзіцячы сад і піянерскі лагер, — дзеліцца суразмоўца. — Памятаю, як радаваліся, калі ў вёсцы правялі электрычнасць, як бегалі купацца на кар’ер. Мы, дзеці пяцідзясятых, сыны франтавікоў, часта гулялі ў вайну, а абсталяванне для гэтага знаходзілі ў лесе: патроны, гільзы, нямецкі штык-нож, каска — якіх толькі трафеяў не прыносілі ў вёску. Ганялі і ў футбол.

Палюбіла вёску і жонка Валерыя Валянціна. Пабраліся шлюбам яшчэ ў студэнцкія гады,
і з маладосці ездзяць адпачываць у сціп­лую гасцінную вёсач­ку.

З усіх жыхароў аседла жыве ў Свіханаве бадай толькі Таццяна Паўловіч.

Яна, як і іншыя, пасля школы паспрабавала гарадскога хлеба, але хутка зразумела, што “лепшае на глобусе месца” — тое, дзе яна вырасла. І вось ужо больш за два дзясяткі гадоў жыве ў бацькоўскай хаце. І справу сабе жан­чына знайшла: нарыхтоўвае грыбы, ягады, шышкі. Займаецца агародам, вяжа. Да яе часта прыязджае сястра, і тады яны ўспамінаюць, як калісьці бегалі на танцы ў Мязовіцкі клуб, збіраліся разам з іншай моладдзю ля кастра, спявалі, весела бавілі час у роднай вёсцы.

А дамы, пабудаваныя калісьці бацькамі сённяшніх жыхароў, праслужаць яшчэ не адзін дзясятак гадоў. Тым больш што яны доўга не бываюць незаселенымі. Калі наследнікі самі не выкарыстоўваюць, то знаходзяцца пакупнікі, якія ацэньваюць усе плюсы гэтай чароўнай мясціны.

Лічыце, што вёска — гэта адсутнасць зручнас­цей? Пабываўшы ў Свіханаве, зразумееце, што гэта не так. Тут побач з прадметамі даўніны зручна размяшчаюцца кандыцыянеры і спадарожнікавыя антэны, а сістэма аўтаматызацыі працэсаў асвятлен­ня, ацяплення і падачы ежы дайшла нават да куратніка. Але незвычайнасць мясціны не ў тэхналогіях, а ў людзях, якія беражліва ставяцца да мінуўшчыны. Такія населеныя пункты маюць будучыню. Гэта пацвердзіла і зязюля, якая праводзіла рэдакцыйную машыну сваім доўгім прагнозам-кукаваннем.

Іна Заскевіч

Последние новости

Общество

Расписание движения автобусов по обслуживанию участников республиканского праздника «Купалье» («Александрия собирает друзей»)11-12 июля 2026 г.

6 июля 2026
Читать новость
Общество

Расписание движения поездов для подвоза/вывоза гостей и участников праздника «Купалье» 11-12.07.2026

6 июля 2026
Читать новость
Общество

Программа мероприятий республиканского праздника ”Купалье“ (”Александрия собирает друзей“)

6 июля 2026
Читать новость
Власть

Лукашенко вручил генеральские погоны высшему офицерскому составу

6 июля 2026
Читать новость
Власть

Международные задачи и спорт. Лукашенко принял с докладом президента НОК

6 июля 2026
Читать новость
Общество

Зямля продкаў: падарожжа ў Свіханава

6 июля 2026
Читать новость

Рекомендуем