Зваротная сувязь. У працяг матэрыяла “Да працы і абароны — аднолькава сумленна”, надрукаванага ў “АК” № 58

У “АК” № 58 быў надрукаваны матэрыял “Да працы і абароны — аднолькава сумленна”, у якім расказвалася пра ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Паўла Янушэўскага, які пасля Перамогі жыў у нашым горадзе і працаваў машыністам. Меў шмат урадавых узнагарод, але звестак пра самога Паўла Антонавіча ўдалося знайсці няшмат.
На публікацыю адгукнулася асіпаўчанка Ніна Гурэцкая. Яна расказала, што ведала сям’ю Янушэўскіх і ў пачатку 50-х гадоў 6-7-гадовай дзяўчынкай не раз бывала ў іх у гасцях. Жыў машыніст разам з жонкай Соф’яй на другім паверсе дома № 28 на вуліцы Вакзальнай. Камунальная кватэра была разлічана на тры сям’і, таму на агульнай кухні было заўсёды шматлюдна. Ніна Антонаўна ўспамінае, як яе частавалі там смачнымі вафлямі з начынкай з павідла, што для дзяўчынкі з шматдзетнай сям’і здавалася дзівосным ласункам.
Бацька Ніны Антон Жыдовіч працаваў на чыгунцы рознарабочым, а дзядзька Іосіф Ясевіч — машыністам. А ў той час усе чыгуначнікі былі знаёмыя паміж сабой, многія сябравалі сем’ямі. Так і Нініна матуля, якая добра шыла і гафтавала, выконвала нейкія заказы і для Соф’і Янушэўскай.
Ніна Антонаўна добра памятае гэту невысокую паўнаватую жанчыну з нязменнай хустачкай, ражкі якой гаспадыня завязвала на лбе. “Цёця Соня вельмі цёпла адносілася да мяне, — узгадвае яна. — І наогул была добрай і ветлівай. А Паўла Антонавіча вось такім і запомніла, як на фотаздымку ў газеце: коратка пастрыжаны, высокі, у касцюме, сур’ёзны. Цёця Соня займалася хатнімі справамі, а яе муж часта ездзіў у паездкі, прывозіў адтуль гас-цінцы. Калі да яго прыходзілі сябры, яны часта расказвалі нешта пра вайну, але я была малая і не ўнікала ў размовы дарослых. Праз нейкі час Янушэўскія атрымалі кватэру на чыгуначным мікрараёне, і больш я да іх не хадзіла. Толькі чула ад мамы, што хтосьці з іх цяжка хварэў. А як склаўся далейшы лёс гэтай сям’і, не ведаю: маё жыццё напоўнілася новымі цікавымі па-дзеямі. І пра той эпізод я рэдка ўспамінала. А калі прачытала ў газеце пра Паўла Янушэўскага, адразу перад вачамі паўстала камунальная кватэра, чыгуначнік і яго жонка, гады дзяцінства, калі мы жылі на вуліцы Пралетарскай… Калі б матуля была жывая, яна б многа чаго расказала пра гэту сям’ю, але, на жаль, яе ўжо няма з намі”.