Зрабілі стаўку на малако

Зрабілі стаўку на малако

Сям’я Снігіроў у 2017 годзе праславілася на ўсю краіну, атрымаўшы ў падарунак карову Белку ад Прэзідэнта краіны. Тая жываціна і дала пачатак утварэнню асабістай падсобнай гаспадаркі, калі нарадзіла дзвюх цёлак. Зараз Сяргей і Вольга Снігіры даглядаюць 15 галоў буйной рагатай жывёлы, восем з якіх дойныя. Кароў набывалі амаль з усёй краіны — ад Гомеля да Жодзіна, бо шукалі пэўныя пароды. Сёлета сям’я ўзяла 40 гектараў зямлі для выпасу і сенанарыхтоўкі, якія ўжо засадзілі шматгадовымі травамі, і тры — для агародніцтва. Каб было больш зручна апрацоўваць глебу, Сяргей самастойна зрабіў два міні-трактары.

— Жывёлу часцей даглядае муж, — расказвае Вольга. — Я адказваю за перапрацоўку малака. Атрымліваем дамашнія смятану, тварог, масла. Не так даўно зацікавілася вытворчасцю сыроў. Чаму ж не паспрабаваць, калі ёсць з чаго рабіць? Канечне, часу на гэта нямнога, шматдзетныя матулі мяне зразумеюць, аднак некалькі гатункаў сыру ўжо навучылася вырабляць. Акрамя малочных прадуктаў, частуемся хатнімі яйкамі. І не толькі курынымі: набылі яшчэ і перапёлак. Ды і гародніна ў нас свая. Спадзяёмся ажыццявіць мару і набыць вялікі трактар.

Тое, што маладая сям’я ў згодзе з «братамі меншымі», бачна адразу. Акрамя сельскагаспадарчай, жывуць на падворку яшчэ некалькі сабак і катоў. А ў хляве на зіму знайшоў прытулак бусел. Лёс у птушкі незайздросны: радавое гняздо ў дзіцячым садку ў Старых Дарогах упала на зямлю, і бусел зламаў крыло. Там яго выхадзілі, аднак падчас моцнага ветру птушка неяк патрапіла ў Бабруйск, дзе блукала некалькі дзён. У мінулым месяцы валанцёры прывезлі яе Снігірам на ператрымку.

У сям’і расце шасцёра дзяцей. Пяцёра навучаюцца ў школе, а маленькай Дашы хутка споўніцца два годзікі. Старэйшаму Івану ўжо 12. Летам ён дапамагае назапашваць корм для жывёлы, а зімой — даглядаць гаспадарку. Нягледзячы на вялікі аб’ём работы, Вольга знаходзіць час і на творчасць: сцены дома яна ўпрыгожыла ўласнымі малюнкамі.

Вольга і Сяргей Снігіры далі прытулак на зіму буслу

Найбуйнейшая гаспадарка сям’і Карсуновічаў, якім належыць СФГ “Барвала”, знаходзіцца ў Грынёўцы і паспяхова развіваецца ўжо больш за дзесяць гадоў.

— Пачыналі мы з 15 кароў, зараз у гаспадарцы налічваецца амаль 80, 60 з іх дойныя, — расказвае Наталля Валер’еўна. — Работаем сямейным падрадам. Муж з сынамі рамантуюць тэхніку, займаюцца корманарыхтоўкай. Пракарміць столькі жывёлы няпроста: пад выпас і сенажаці мы выкарыстоўваем 130 гектараў угоддзяў. Лішкі малака здаём у філіял “Асіповіцкі” ААТ “Бабушкина крынка”, а тры гады таму набылі малакавоз і пачалі перавозіць на завод “белае золата” з уласных гаспадарак усяго раёна. Гэтым таксама займаюцца мужчыны.

Даглядаць жывёлу, даіць яе і ўпраўляцца з малаком жанчына вучылася сама. Не так даўно гаспадары нанялі некалькі работнікаў, якіх Наталля Валер’еўна навучала гэтай справе. Яна і зараз часта бярэцца за прылады працы. Засмучае гаспадыню толькі тое, што шмат часу патрабуецца на вядзенне дакументацыі, а хочацца ўдзяліць яго жывёле.

На жаль, не заўсёды абставіны спрыяюць нават працавітым і прадбачлівым людзям. Калісьці гаспадары набылі ў калгасе два хлявы, але пакуль выкарыстоўвалі толькі адзін. Мінулай зімой Карсуновічаў чакаў непрыемны сюрпрыз: з-за вялікага снегу на пустой пабудове праваліўся дах. І трэба ж было такому здарыцца ў той час, калі пагалоўе павялічылася і жывёлу ўжо неабходна пераводзіць у другое памяшканне, якое зараз патрабуе добрага рамонту. Гэта справа вельмі дарагая, пакуль за яе ўзяцца няма магчымасці.

Януш Карсуновіч збірае малако ў насельніцтва ў любое надвор’е

Валянціна і Павел Яўмененкі змянілі бабруйскую прапіску на заельніцкую каля дзесяці гадоў таму. Адразу бацькоўская хата служыла дачай, дзе сям’я вырошчвала гародніну ды адпачывала ад гарадскога жыцця. Потым завялі свінак, аднак з-за эпідэміі АЧС жывёлы прыйшлося пазбавіцца. Набылі кароў і перабраліся ў вёску на пастаяннае жыхарства.

— Спачатку я вучылася працаваць з малаком, — гаворыць Валянціна. — Вырабляла смятану, тварог, ражанку. Лішкі малака здавалі на перапрацоўку, але вырашылі, што трэба развівацца і варыць сыр. Адразу спрабавала “бабуліны рэцэпты”, але яны не прынеслі жаданага выніку, таму запісалася на анлайн курсы і па ім вучылася гэтай няпростай справе. Першы, які засвоіла, быў “Качота” — італьянскі паўмяккі сыр з водарам арэха. Амаль за тры гады, што займаюся сыраварэннем, набіла руку ўжо на дзесяці відах, сярод якіх брынза, мацарэла, адыгейскі, “Чэчыл” касічка, сулугуні і іншыя. Да таго ж вырабляю масла, ражанку, пахту і ёгурт.

Акрамя дзевяці кароў і некалькіх бычкоў, супругі трымаюць індыкоў, цацарак, курэй і гусей. Таму гаспадарка багата не толькі малочнымі прадуктамі, але і яйкамі. Усё гэта Валянціна і Павел рэалізуюць. Два разы на тыдзень возяць у Бабруйск, ды і “сарафаннае радыё” працуе: у месенджары “Вайбер” існуе група пастаянных кліентаў “Молочко из деревни (ЭКОПРОДУКТЫ)”, якая ўключае больш за 100 удзельнікаў. Вырабляюць сыры і на заказ.

— Мы і ў Асіповічы з задавальненнем прыязджаем, калі ёсць заказчыкі. Кошт, канечне, трошкі вышэй за магазінны, але гэта ж натуральны прадукт і заўсёды свежы. Аднойчы паспрабуеце — і ўжо не адкажаце сабе ў асалодзе есці менавіта дамашні сыр. Некаторыя віды пакідаем на паспяванне, тады смак і водар раскрываюцца ярчэй. Прадукцыю на продаж фасуем з дапамогай вакуумнага ўпакоўшчыка. Словам, робім усё магчымае, каб спажывец  атрымаў якасны і смачны прадукт.

Валянціна Яўмененка вырабляе сыр найвышэйшай якасці

Последние новости

Общество

Истории переселенцев из Чернобыльской зоны

26 апреля 2026
Читать новость
Общество

Гороскоп для всех знаков на 26 апреля

26 апреля 2026
Читать новость
Общество

Чернобыль 40 лет спустя: загрязненные территории: от восстановления к уверенному будущему

26 апреля 2026
Читать новость
Общество

Як супрацьстаяць хатняму гвалту?

25 апреля 2026
Читать новость
Спорт и туризм

Международный Осиповичский марафон прошел 18 апреля

25 апреля 2026
Читать новость
Общество

Зачем спилили деревья

25 апреля 2026
Читать новость