Жыхароў аграгарадка Ясень абслугоўвае магазін Глускага адасобленага структурнага падраздзялення Клічаўскага райста

Жыхароў аграгарадка Ясень абслугоўвае магазін Глускага адасобленага структурнага падраздзялення Клічаўскага райста, астатнія 13 населеных пунктаў, размешчаных на тэрыторыі Ясеньскага сельсавета, забяспечваюць прадуктамі аўталаўкі.
У адзіным гандлёвым аб’екце гэтага адміністрацыйнага раёна заўсёды шматлюдна. Прадавец Таццяна Калеснікава працуе ў краме чатыры гады. Паток пакупнікоў ніколькі не палохае яе, бо папярэдні вопыт работы інжынерам па ахове працы сельгаспрадпрыемства, мастацкім кіраўніком установы культуры і паштальёнам прызвычаіў да стасункаў з людзьмі. Таццяна Уладзіміраўна ў аднолькавай меры ўмее знайсці падыход і да малых, і да дарослых, а таксама людзей паважанага ўзросту: “З дзецьмі размаўляем на роўных, хіба ж можна з імі абысціся без усмешкі? Яны такія непасрэдныя, вельмі іх люблю”. І пакупнікі адказваюць узаемнасцю, у чым пераканаліся ў час размовы. Пацікавіўшыся ў прадаўца асартыментам тавараў, пачулі ад наведвальнікаў: “У нашай цёці Тані ёсць усё!”, “Заўсёды сустракае нас у добрым настроі, радуецца кожнаму пакупніку, і наогул каманда ў яе цудоўная”.
А яе калектыў — сапраўды каманда. Разам з грузчыкам Віталіем Калеснікавым і прыбіральшчыцай Аленай Кавальчук прымаюць тавар, выкладваюць яго, наводзяць парадак на прылягаючай тэрыторыі, адказваюць на пытанні пакупнікоў. Тавар жа прыбывае што-дзённа: машыны з розных прадпрыемстваў дастаўляюць сваю прадукцыю стабільна.
Адметна, што з 30 чэрвеня магазін разам з іншымі гандлёвымі аб’ектамі Глускага райста ўвайшоў у склад Глускага АСП Клічаўскага райста. У яго рабоце быццам бы нічога і не змянілася, чаго не скажаш пра асартымент тавараў: хлебабулачныя вырабы глускай вытворчасці змянілі клічаўскія батоны і боханы.
— А ведаеце, мы неяк хутка прызвычаіліся і да новай прадукцыі, — разважае мясцовая жыхарка Вольга Снігір. — Маёй сям’і падабаюцца і хлеб, і здоба. Шмат пячэння, пірожных прывозяць. Усё свежае і смачнае.
Булкі, рулеты, кексы і на самой справе пульхныя, пахучыя, з рознымі напаўняльнікамі. Нездарма да іх цягнуцца юныя пакупнікі, якіх у магазін завітала адразу некалькі. Малыя спрактыкавана накіроўваюцца да халадзільніка з марожаным і бутэлек ліманаду — якое ж лета без гэтых ласункаў! А дарослыя набіраюць у карзіны мясныя і малочныя тавары, якіх тут таксама дастаткова.
— Праз дзень прывозяць малочку “Бабушкиной крынки”, — тлумачыць Таццяна. — А кожную сераду дастаўляецца прадукцыя гандлёвай маркі “Савушкин продукт”. Усё робім для таго, каб прадставіць як мага больш шырокі асартымент малочных прадуктаў. Мясная прадукцыя таксама завозіцца рэгулярна — Магілёўскага, Бабруйскага, Брэсцкага, Слонімскага мясакамбінатаў.
Безумоўна, і без садавіны-агародніны ніяк не абысціся! Магазін прапаноўвае не толькі прывычныя бульбу, моркву і цыбулю, але і кавуны, дыні, лімоны, іншыя карысныя прадукты.
А паток пакупнікоў не збаўляецца. У памяшканне заходзяць усё новыя людзі, якія ахвотна ўступаюць у дыялог.
— Мы бабруйчане з дачнага пасёлка, — тлумачыць Наталля Астравухава. — Прайшлі пяць кіламетраў, каб атаварыцца. Магазін гэты нам падабаецца, бываем тут часта. Абслугоўванне на вышэйшым узроўні!
Падобныя водгукі чулі і ад іншых пакупнікоў. Ці гэта не найлепшая адзнака работы гандлёвага аб’екта?