Землякі падзяліліся сваімі разважаннямі напярэдадні стагоддзя раёна

Што такое малая радзіма? Ці ёсць такая адміністрацыйная адзінка? І як вызначыць гэтую канкрэтную кропку на карце? Думаецца, адказ можа быць толькі адзін: гэта тая мясціна, дзе адчуваеш сябе дома, дзе твая сям’я, сябры, дзе ведаеш кожны куточак.
І няважна, нарадзіўся ты ў гэтай мясцовасці або трапіў па волі лёсу. Карэспандэнты раёнкі спыталі ў землякоў, якія ў той ці іншай ступені ўплываюць на жыццё Асіповіччыны, што іх звязвае з гэтым краем.

Сяргей Пацкевіч, інструктар-метадыст Асіповіцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы:
— Мой лёс вельмі цесна пераплецены з раёнам. І нядзіўна: усё жыццё з самага нараджэння — тут. Вось ужо 46 гадоў працую ў мясцовай спартшколе, 34 з якіх узначальваў яе. Пабачыць давялося і моманты заняпаду мясцовага спорту, і яго адраджэнне, і станаўленне прафесійных спартсменаў і каманд, з’яўленне новых спартыўных аб’ектаў — хапала ўсякага. З радасцю ўспамінаю і сваіх вопытных і надзейных настаўнікаў, і шматлікіх вучняў, многія з якіх дабіліся поспехаў — у тым ліку і ў спорце. Заўсёды ганаруся нашымі землякамі, якім выпаў гонар выступаць пад беларускім сцягам на Алімпійскіх гульнях розных гадоў, — ялізаўскімі канаістамі Аляксандрам і Андрэем Багдановічамі і лёгкаатлеткай з Ліпеня Анастасіяй Пузаковай. Шмат сярод выхадцаў раёна пераможцаў і прызёраў розных іншых спартыўных спаборніцтваў сусветнага і рэспубліканскага маштабаў. Было б выдатна, каб іх прыклад натхняў сучасную моладзь на новыя яркія выступленні і рэкорды.
Натуральна, прыемна назіраць, як зараз развіваюцца аб’екты фізічнай культуры і спорту, як у раёне з’яўляецца больш месцаў для розных актыўнасцей. Спадзяюся, у гэтым кірунку Асіповіччына будзе рухацца і ў будучым, бо наяўнасць спартыўна-культурных, забаўляльных устаноў і пляцовак актуальна для прадстаўнікоў усіх узростаў. Фізічна актыўныя людзі — здаровая нацыя!
А напярэдадні свята жадаю любімай малой радзіме росквіту і міру!

Ігумен Максім (Юндзіл), настаяцель манастыра ў гонар іконы Божай Маці “Жываносная крыніца”:
— Сам са Слонімшчыны, а ў Асіповіцкім раёне служу ўжо 12 га-доў: гэтыя мясціны таксама сталі для мяне роднымі. Вельмі прыемна, што людзі звяртаюцца, цягнуцца да Бога, імкнуцца спа-знаць яго, накіраваць сваё жыццё ў лепшы бок, пераглядаюць свае маральныя і духоўныя каштоўнасці. А галоўнае, разумеюць, што любоў, цярпенне і міласэрнасць, жаданне і магчымасць дапамагаць адзін аднаму — важныя складальнікі жыцця кожнага чалавека, незалежна ад яго веры.
Яшчэ адзін важны момант для мяне — узнаўленне многіх храмаў. Напрыклад, зараз займаемся добраўпарадкаваннем манастыра ва ўрочышчы Прошча.
Увогуле, Асіповіцкая зямля дала выдатную глебу для духоўнага развіцця. Калі людзі прыхо-дзяць да мяне, дзеляцца патаемным, чакаюць падтрымкі, гэта добры знак, паказальнік, што я нездарма выбраў менавіта такі шлях. Трэба разумець, што калі мы разам — мы сіла. І толькі гуртам зможам вырашыць усе праблемы, якія ўзнікаюць, без якіх, на жаль, жыццё немагчыма. Няхай у нашай краіне заўсёды будзе мір. Дзякуйце Богу за ўсё і радуйцеся таму, што маеце.