Збіраемся ў школу. Крамы і індывідуальныя прадпрымальнікі гатовы да наплыву пакупнікоў: асартымент неабходных тавараў вельмі шырокі — на любы густ і кашалёк.

Да новага навучальнага года засталося амаль тры тыдні. Час падрыхтавацца, зрабіць рэвізію наяўнага і набыць усё неабходнае да школы яшчэ ёсць, але цягнуць з шопінгам не варта: спіс патрэбных пакупак да першага верасня даволі доўгі. У некаторых бацькоў у гэтай справе ўжо ёсць пэўны досвед і яны збіраюць сына ці дачку па знаёмым сцэнарыі, а вось да першакласнікаў падыход асобы: трэба не толькі даведацца пра неабходныя для школы рэчы, але і знайсці месца, дзе іх набыць. Крамы і індывідуальныя прадпрымальнікі гатовы да наплыву пакупнікоў: асартымент неабходных тавараў вельмі шырокі — на любы густ і кашалёк. Карэспандэнты раёнкі завіталі ў фірменны магазін “Світанак”.
Вопратка для школы знаходзіцца на самым бачным месцы — насупраць дзвярэй. Адразу сустрэлі пакупнікоў: Ганна Панкіна пойдзе сёлета ў першы клас, і яе бабуля Святлана дапамагае дзяўчынцы падабраць школьную форму. Для школьнікаў малодшага ўзросту асартымент тут шырэйшы: па некалькі мадэлей спадніц, сарафанаў, сукенак, джэмпераў і “гольфікаў”, штаноў і спартыўных касцюмаў. Ёсць у наяўнасці і абавязковы элемент адзення для большасці школ раёна — камізэлька. Для старэйшых школьнікаў таксама можна падабраць два-тры камплекты на змену. Па словах загадчыка магазіна Наталлі Віткоўскай, на днях прыбыў новы тавар, і ў бліжэйшы час прадстаўлены асартымент яшчэ больш пашырыцца.
— Рыхтавацца да школы некаторыя пачынаюць ужо з сярэдзіны ліпеня, — расказвае Наталля Валер’еўна. — Нямала было пакупнікоў з Расіі. Жыхары з нашага раёна таксама задаволены якасцю рэчаў. Акрамя школьнага адзення, многія набываюць бялізну і панчошна-шкарпэтачную прадукцыю. У нас прадстаўлена вопратка не толькі вытворчасці “Світанак”, але і Брэсцкага панчошнага камбіната, Жлобінскай швейнай фабрыкі, ёсць і бабруйскі трыкатаж.
Цанавы дыяпазон пакупнікоў напэўна задаволіць. Да таго ж дзейнічае сістэма зніжак — сезонных і на вырабы мінулагодніх калекцый. Напрыклад, спартыўны касцюм на малодшага школьніка можна набыць за 60 рублёў, ёсць мадэль на падлетка за 40 руб. Кошт джэмпераў вагаецца ад 13 да 35 руб., штаноў — ад 39 руб., камізэлькі — ад 27 руб. Спадніца на старшакласніцу абыдзецца ў 41 руб., а для дзяўчынак малодшага школьнага ўзросту — 17-22 руб. Цана вар’іруецца ў залежнасці ад узросту і наяўнай зніжкі.
Падрыхтоўка да новага навучальнага года — гэта не толькі тэрміновыя клопаты, але і прыемнае чаканне. Правільнае планаванне і рацыянальны падыход да пакупак дапамогуць зрабіць гэты працэс лёгкім і выгадным. Не забывайце, што галоўнае — камфорт і зручнасць вашага дзіцяці, а выгадныя пакупкі — прыемны дадатак да гэтага!