З песняй і матчынай мовай у сэрцы

З песняй і матчынай мовай у сэрцы

Ці сустракалі вы жанчыну, якая добра вудзіць рыбу, пляце кашы, выпякае пірагі, малюе пейзажы, цудоўна спявае, шые шапкі, бязмежна любіць родную мову, да таго ж умее кахаць па-сапраўднаму? Заінтрыгавалі? Тады знаёмцеся — Марыя Мікітаўна Цвыркоўская.

Нарадзілася ў вёсцы Вярэйцы. Калі пабудавалі ГЭС, сям’я перасялілася ў Зборск, а затым у Вяззе. Пасля школы дзяўчына скончыла гандлёвы тэхнікум і набыла спецыяльнасць таваразнаўцы прадуктовых і прамысловых тавараў.

Яшчэ ў гады вучобы сустрэла сваё першае і адзінае на ўсё жыццё каханне. Мікалай быў яе земляком. Калі яго прызвалі на службу ў ваенна-марскі флот, чатыры гады чакала каханага, рэгулярна пісала лісты і з нецярпеннем сустракала паштальёна з доўгачаканымі адказамі. Калі марачок дэмабілізаваўся, згулялі вяселле. Ды якое! Вось толькі некаторыя адметнасці той падзеі: урачыстасць адбылася 1 мая 1966 года; у загс маладыя ехалі на бартавым ЗІЛе, які жаніх папярэдне вымыў гарачай вадой з содай; букет нявесты складаўся з падснежнікаў; музычнае афармленне забяспечваў ансамбль з брата-гарманіста, яго сябра з бубнам і дзядзькі-скрыпача.

Працоўным месцам Марыі стаў аддзел рабочага забеспячэння ў нашым райцэнтры. Падобныя арганізацыі якраз ствараліся на Беларускай чыгунцы. Пры АРЗ была ўласная пякарня, сталовая, магазіны. Марыя стала працаваць буфетчыцай у сталовай, якую ў той час узначальвала Алена Логіна. Пазней гэту пасаду заняла сама Марыя. А сталовая са старой драўлянай пабудовы пераехала ў будынак лакаматыўнага дэпо.

Ва ўстанове харчавання кармілі лакаматыўныя брыгады, а перад адпраўкай у рэйс забяспечвалі іх сухімі пайкамі. Машыністы з удзячнасцю ставіліся да сваіх “карміцелек”, а перад прыездам нярэдка тэлефанавалі з просьбай прыгатаваць любімыя стравы.

38 гадоў адпрацавала ў аддзеле рабочага забеспячэння Марыя Мікітаўна. Доўгі час узначальвала прафкам. Актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці, самадзейнасці, прымала ўдзел у арганізацыі конкурсаў “Лепшы па прафесіі”, “А ну, дзяўчыны!” і іншых мерапрыемствах.

Муж нашай гераіні працаваў побач — слесарам-рамонтнікам вагоннага дэпо. Адзін з нямногіх на прадпрыемстве атрымаў званне “Ганаровы чыгуначнік”. Марыя Мікітаўна ганарыцца ім, як і іншымі прадстаўнікамі сваёй сям’і, якія працуюць на стальной магістралі, а іх нямала.

Кола яе інтарэсаў вельмі шырокае. І не толькі традыцыйнае рукадзелле яно ўключае. Да ціхага палявання на грыбы і ягады ды агародных спраў падключылася рыбалка. У жанчыны цэлая калекцыя рыбалоўнага рыштунку, з якім яна з дачкой і яе сяброўкамі ездзіць на раку. Любіць гатаваць розныя стравы. А якая выпечка атрымліваецца ў Марыі Мікітаўны!

Сцены яе дома ўпрыгожваюць карціны, створаныя ўласнымі рукамі. А найбольш вольнага часу былая чыгуначніца аддае ўдзелу ў мастацкай самадзейнасці. Як і матуля калісьці, з дзяцінства любіла спяваць. Яе браты і муж заліхвацкі ігралі на гармоніку — дзе ж тут устаіш! І яна спявала. Дома і ў складзе музычнага калектыву “Сяброўкі” пры чыгуначным клубе, а цяпер і раённага хору ветэранаў. Любіць розныя творы, але да народных песень, як і да беларускай мовы, у яе адносіны асаблівыя. Сама мілагучна размаўляе на ёй і задаволена тым, што мясцовыя навіны даведваецца з раённай газеты, дзе яны друкуюцца на мілай сэрцу матчынай мове.

Последние новости

Общество

Честь, долг, память: страницы истории воина-интернационалиста из Осиповичей

15 февраля 2026
Читать новость
Общество

Гороскоп на 15 февраля для всех знаков Зодиака

15 февраля 2026
Читать новость
Образование

Дзіцячы сад № 6 “Сонейка” вясной адзначыць 30-годдзе

14 февраля 2026
Читать новость
Общество

Елизовский сельсовет: малая родина большого масштаба

14 февраля 2026
Читать новость
Армия

Военнослужащий 465 ракетной бригады Виктор Артёмов принял активное участие в расчистке города во время циклона «Улли»

14 февраля 2026
Читать новость
Общество

Комбинат бытового обслуживания функционирует в Осиповичах с 1960 года

14 февраля 2026
Читать новость

Рекомендуем