Юрый Суравец нават не ўяўляе свайго рабочага дня без аўтамабільнай баранкі. Яно і зразумела: паўвека за рулём!

Вадзіцельскія правы Юрый атрымаў у хуткім часе пасля заканчэння школы. Адслужыў у арміі, зразумела, за “баранкай”, а потым прыйшоў у перасоўную механізаваную калону. Тут працуе і сёння. Прызнаецца, што іншай работы ніколі не шукаў: як кінуць справу, калі работы шмат? Нельга ж падвесці калектыў, які на цябе разлічвае. Гэта не ў яго правілах.
Юрый Міхайлавіч чалавек адказны. Яму даверылі аўтобус, на ім ён і дастаўляе меліяратараў на аб’екты і назад. А ў час правядзення работ дапамагае ім у якасці падсобнага рабочага. Узгадвае, што раней у арганізацыі была ўласная сталовая, з якой ён дастаўляў калегам абеды. Зараз такая неабходнасць адпала, але работы не стала менш: хапае і паўсядзённых спраў, і адказных даручэнняў.
Вопытны вадзіцель, ён як свае пяць пальцаў ведае размяшчэнне ўсіх меліярацыйных сістэм раёна, іх адметныя асаблівасці, арыентуецца ў сетцы рэк, рачулак і каналаў, да многіх з якіх дабрацца не так і проста. Здаралася і загрузнуць на палях, і тады ўся надзея на калег-трактарыстаў.
Нярэдка даводзілася і ў камандзіроўкі адпраўляцца. Так, каля двух гадоў калона працавала ў Горках, калі горад рыхтаваўся да рэспубліканскага фестывалю-кірмашу “Дажынкі”, дапамагаюць і суседзям — меліяратарам з Бабруйскай ПМК. Падтрымліваюць таксама сельгаспрадпрыемствы ў гарачую пару, калі аграрыям не хапае тэхнікі для ўборкі ўраджаю.
За час работы ў ПМК № 95 “Вадбуд” Юрый Міхайлавіч памяняў ужо трэці аўтобус. Да тэхнікі ставіцца па-гаспадарску, пільна сочыць за яе “здароўем”, так што машыны ў Сураўца працуюць максімальна магчымыя тэрміны.
Ды і ў самога вадзіцеля працоўны стаж пачэсны. Аднак на заслужаны адпачынак ісці не мае жадання. Работа падабаецца, спраўляецца з ёй бездакорна. Увогуле Юрый Суравец згодзен з вядомым прыслоўем: шчаслівы чалавек з задавальненнем раніцай ідзе на работу, а вечарам з тым жа пачуццём вяртаецца дадому.
Дарэчы, пра дом. Юрый Міхайлавіч шмат увагі надзяляе і сваёй сям’і. Жонка Вера доўгі час працавала на заводзе аўтаагрэгатаў. Ёсць сын, дачка, пяцёра ўнукаў. А набіраецца сіл на дачы. Што можа быць лепш за агарод і рыбалку — спакой, прырода і адпачынак.
Инна Заскевич
