Ясеньшчына. У прыярытэце — зямля і работа

Ясеньшчына. У прыярытэце — зямля і работа

Па колькасці жыхароў Ясеньскі сельсавет самы нешматлікі на Асіповіччыне: у 14 населеных пунктах пражывае 653 чалавекі. У большасці гэта людзі працаздольнага ўзросту. Насельніцтва сканцэнтравана пераважна ў аграгарадку і на станцыі Ясень, у Заельніку ды Асяродку. Аднак пра іншыя вёскі, дзе літаральна некалькі жыхароў, у сельвыканкаме таксама не забываюць. Аб арганізацыі жыццядзейнасці на даверанай тэрыторыі і пагутарылі са старшынёй сельвыканкама Андрэем Шацілам.

— Якія фактары маюць уплыў на жыццё населеных пунктаў сельсавета?

— Добрыя транспартныя зносіны — асаблівасць Ясеня. Тут і аўтамагістраль М5, і чыгуначная станцыя. Безумоўна, многія карыстаюцца такой магчымасцю і ездзяць на работу ў Асіповічы і Бабруйск. І, адпаведна, з гэтых гарадоў людзі дабіраюцца на працу ў Ясень. Транспарт зрабіў Ясеньшчыну “дачнай меккай”. Дарэчы, на тэрыторыі сельсавета знаходзіцца цэлы шэраг садаводчых таварыстваў. Самыя буйныя з іх “Ясень”, дзе каля 350 участкаў, у “Канструктары” — 150, “Гаі” — 70. А ўзніклі яны яшчэ 20-30 гадоў назад. Таксама ажываюць вёскі летам за кошт тых людзей, якія прыязджаюць у хаты сваіх бацькоў, займаюцца агародамі, добраўпарадкаваннем сядзіб.

— Адзін з асноўных рэсурсаў сельскага жыхара — зямля. Як ёю распараджаюцца ясеньцы?

— Можна сказаць, што наш сельсавет — тэрыторыя фермераў, зямлю тут па-сапраўднаму цэняць. Напрыклад, амаль 400 гектараў абрабляе Іван Навумовіч. Займаецца гаспадар садаводствам, вырошчваннем гародніны і збожжа. А апошнім часам развівае і жывёлагадоўлю — разводзіць быкоў-абердзінаў. СФГ “Садовае” — гэта дзясятак рабочых месцаў, што немалаважна.

На ўвесь раён вядома гаспадарка па вытворчасці малака “Барвала”, дзе таксама працуе некалькі чалавек. Узрастае цікавасць да работы на зямлі, уласнага падворка ў маладых сямей. І гэта тэндэнцыя радуе.

Ну а асноўны аграрый і работадаўца ў нас акцыянернае таварыства “Ясеньскае”. Тут задзейнічана восем дзясяткаў чалавек. Жывёлагадоўля сканцэнтравана на дзвюх сучасных фермах — у Заельніку і Копчы. Галоўнае дасягненне гаспадаркі сёлета — стабільная станоўчая дынаміка ў развіцці. Гэта тычыцца і вытворчасці малака, якая вырасла ў параўнанні з адпаведным леташнім перыядам у паўтара раза, і прываг. Ды і зарплата ў людзей падрасла, а значыць, яны будуць працаваць яшчэ з большай ахвотай.

Варта сказаць і пра лесаапрацоўчае прадпрыемства, якое дае работу 25 землякам. Гэта ТАА “Ясеньлес”, дзе зараз вырабляецца дзіцячая мэбля.

— Як арганізавана абслугоўванне насельніцтва?

— Калі браць гандаль, то гэта дзве стацыянарныя крамы Глускага райспажыўтаварыства і выязныя аўталаўкі, якія працуюць па пэўным графіку. Зараз, дарэчы, тэрмінова вырашаем пытанне з вакансіяй прадаўца ў адным з магазінаў. Здаецца, людзей многа, а на практыцы не так і проста знайсці патрэбнага спецыяліста. Пэўную дапамогу ў забеспячэнні неабходнымі таварамі аказваюць і два індывідуальныя прадпрымальнікі, якія час ад часу разгортваюць свой палатачны гандаль, дзе можна набыць адзенне і тавары паўсядзённага побыту.

Наконт паштовага абслугоўвання нараканняў няма: працуюць аддзяленні сувязі ў Ясені і на станцыі. У больш дробныя вёскі заязджае перасоўная пошта. У пэўнай ступені аддзяленні сувязі выконваюць і ролю магазінаў.

Толькі хваляць людзі мясцовую амбулаторыю ўрача агульнай практыкі. Доктара Андрэя Дземідзенку тут ведаюць і паважаюць. Калі ўзнікаюць непаладкі са здароўем, абавязкова дапаможа. Дасведчаны спецыяліст, якому землякі давяраюць.

Адзін з праблемных момантаў — бытавое абслугоўванне. Ужо на працягу больш як пяці гадоў комплексна-прыёмны пункт у Ясені не дзейнічае. Аднак зрухі ў гэтым кірунку ёсць. Магчыма, КПП адновіць сваю работу, нават і чалавек падабраны ўжо. Другое пытанне — ці будзе гэта эканамічна мэтазгодна КБА.

— Заўсёды клопат сельвыканкама — добраўпарадкаванне тэрыторыі. Як ідуць справы?

— Існуе спецыяльная зацверджаная праграма, на якую і арыентуемся ў рабоце. Вуліцы, паркі, воінскія пахаванні — а іх у нас 18 — замацаваны за прадпрыемствамі, установамі, арганізацыямі. На тэрыторыі сельсавета чацвёра грамадзянскіх могілак, якія ў снежні 2022 года перададзены на баланс ЖКГ. На працягу года ў месцах агульнага карыстання ліквідавана больш за паўсотні звалак смецця, высаджаны кустарнікі і дзясяткі дрэў абапал вуліцы Цэнтральнай у аграгарадку.

Пустуючыя дамы сёлета не зносіліся, аднак ужо ёсць дазвол на ліквідацыю двух у Асяродку, а таксама па адным у вёсках Ражнетава і Люлева, яшчэ на два дамы зараз дакументы знаходзяцца ў судзе. Гэта дастаткова складаная працэдура, але неабходная: трухлявыя хаты з зарослымі бур’яном участкамі не ўпрыгожваюць вёску, павінен быць парадак.

Значны клопат заўсёды — дарогі, большасць з якіх у нас грунтовыя. Стараемся надзяляць увагу гэтаму пытанню нават у такіх населеных пунктах, дзе жыве мала людзей.

— Вядома, што надзейна можна глядзець у будучыню, калі чуваць на вуліцы дзіцячы гоман…

— Згодны. Мясцовую школу наведвае зараз больш за 60 хлопчыкаў і дзяўчынак. Заўсёды можна сустрэць дзетвару ў сельскім клубе і дзвюх бібліятэках. І адна з асноўных задач — выхаваць сапраўдных патрыётаў. А гэта, у першую чаргу, людзей, якія любяць сваю малую радзіму. Таму педагогамі, работнікамі культуры праводзіцца адпаведная работа, ну а наша мэта — зрабіць так, каб населены пункт, дзе жывуць нашы дзеці, сапраўды быў прыгожым, зручным і прывабным, каб сюды хацелася вярнуцца пасля атрымання прафесіі, пусціўшы новыя карані.

Последние новости

Общество

Программа мероприятий республиканского праздника “Купалье” (“Александрия собирает друзей”). Агрогородок Александрия Шкловского района Могилёвской области

3 июля 2025
Читать новость
80 лет Великой Победе

Неожиданный “Багратион”

3 июля 2025
Читать новость
Общество

Поздравление осиповчан с Днем Независимости Республики Беларусь

3 июля 2025
Читать новость
Общество

Гороскоп на 3 июля для всех знаков зодиака

3 июля 2025
Читать новость
Общество

ФК “Осиповичи” — ФК “Локомотив” — 1:1

2 июля 2025
Читать новость
Общество

В Осиповичах пройдет турнир по быстрым шахматам, посвященный Дню Независимости Республики Беларусь

2 июля 2025
Читать новость

Рекомендуем