Выязное пасяджэнне Пастаяннай камісіі па пытаннях сацыяльнай сферы, сацыяльнай абароны грамадзян і справах моладзі раённага Савета дэпутатаў прайшло на базе Дараганаўскай СШ

У мерапрыемстве прынялі ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Алег Дзячэнка і старшыня райсавета дэпутатаў Уладзімір Рыжанкоў.
Асноўная ўвага была нададзена абмеркаванню вопыту работы па ідэалагічным, грамадзянскім і патрыятычным выхаванні ў Дараганаўскім сельсавеце і адукацыйных установах раёна. Удзельнікі пасяджэння адзначылі, што патрыятычнае выхаванне з’яўляецца неад’емным складнікам фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці моладзі. Зараз, калі дзеці сутыкаюцца з рознымі выклікамі часу, важна, каб у іх была выразная сувязь з гісторыяй сваёй краіны, культурай і традыцыямі.
У гэтым кантэксце дырэктар Дараганаўскай СШ Жанна Пінчук расказала пра розныя ініцыятывы і праекты, якія рэалізуюцца сярод школьнікаў і накіраваны на развіццё любові да Радзімы, краю, павагі да іх гісторыі і культуры, а таксама фарміруюць у дзяцей пачуццё гонару за нашу краіну і месца, дзе яны растуць.
Не менш важным элементам патрыятычнага выхавання з’яўляюцца ваенна-патрыятычныя клубы “Гарнізон” і “Волат”. Кіраўнік раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Вольга Хазяінава паведаміла прысутным пра дзейнасць гэтых аб’яднанняў.
Краязнаўства — адзін з найважнейшых аспектаў патрыятычнага выхавання. Яно дазваляе навучэнцам глыбей зразумець гісторыю і культуру, усвядоміць значнасць свайго рэгіёна ў кантэксце ўсёй краіны. У рамках пасяджэння ўдзельнікі мелі магчымасць наведаць Дараганаўскі школьны комплексны краязнаўчы музей. Яго экспанаты расказваюць аб багатай гістарычнай спадчыне раёна, выдатных асобах і значных падзеях, звязаных з Дараганаўскім сельсаветам.
