Вёска журавоў, казуль і адзінай жыхаркі

Святлана Брэус пасля 35 гадоў жыцця ў горадзе, калі яно быццам бы ўстаканілася і ішло сваёй чаргой, вырашыла змяніць добраўпарадкаваную кватэру ў Бабруйску на сціплую хатку ў аддаленай вёсцы Журавец.
Выбар паміж тым, дзе жыць — у горадзе ці вёсцы — калі-нікалі паўстае перад многімі. І кожны вырашае гэту дылему па-свойму. Усё залежыць ад таго, чаго жадае душа. Адны хочуць па максімуму пазбавіцца розных бытавых клопатаў і зрабіць жыццё бесклапотным і лёгкім. Іншыя бачаць хараство не ў павышаным камфорце жылплошчы і даступнасці ўсіх даброт, а ў блізкасці да прыроды, імкненні да натуральнага і жаданні быць самім сабой. Святлана Міхайлаўна выбрала менавіта другі варыянт і вярнулася ў хату, якую яе бацька ўласнымі рукамі пабудаваў у 1939 годзе.
У сям’і было трое дзяцей. Старэйшыя брат і сястра пайшлі па жыцці уласным шляхам, а вось малодшая “зачапілася” каранямі за родны кут.
І нельга сказаць, што вёска была чымсьці незвычайная. Жылі тут, як успамінае жанчына, бедна. Але людзі і не былі распешчанымі. Яны ні ад каго нічога не чакалі, проста працавалі і знаходзілі нагоды для радасці ў самым будзённым. Гэты філасофскі мінімалізм з цягам часу стаў для Святланы Брэус рухаючай сілай для перамены месца і ладу ўласнага існавання.
Журавец прымасціўся на востраве сярод балота. Вакол здаўна сяліліся журавы. Гэтыя птушкі адчувалі сябе як дома, відаць, і назва населенага пункта пайшла ад пярнатых “тубыльцаў”.
Спадабаўся Журавец і буслам. Пара белакрылых прыгажуноў здаўна аблюбавала тэлеграфны слуп у цэнтры вуліцы. З гэтай буслянкай звязана цэлая гісторыя. Пасля таго як птушкі з’явіліся ў вёсцы, у дзвюх сямейных пар, што жылі побач, хутка нарадзіліся двойні. Потым электрыкі праводзілі планавыя работы і разбурылі гняздо. Вясной птушкі звілі новае на тым жа месцы. Але на гэты раз работнік электрагаспадаркі скідаць гняздо адмовіўся: пасля мінулага разу ў яго памёр бацька. З гэтай прычыны пры замене слупоў на бетонныя драўляны, на якім асталявалася буслянка, не быў знесены. Так і стаяць два слупы побач…
Святлана Міхайлаўна прывыкла бачыць буслоў на градах: яны гуляюць побач, нібы свойская птушка.
Пасябравала жанчына і з казулямі. Калі сядзіць ля вакна, нярэдка бачыць на агародзе жывёл, якія ласуюцца пад яблынямі ападкамі. Некаторыя падыходзяць да шыбіны, нібы жадаюць пазнаёміцца бліжэй.
Чула жанчына, што ў навакольных лясах бачылі сляды мядзведзя, але гэта паведамленне не пужае: яна не мае нічога супраць такога суседства…
Сем гадоў таму пайшоў з жыцця муж Святланы Уладзімір, і цяпер яна засталася ў вёсцы зусім адна. А на пытанне, ці не сумна, толькі пасміхаецца: “Пра гэта нават і не думаю. Што б я рабіла ў гарадской кватэры на пенсіі? Ляжаць на канапе і глядзець бясконцыя серыялы альбо па магазінах хадзіць — гэта не па мне. А тут я ўвесь час у тонусе: штораніцы палю печ, гатую ежу, трэба і вады прынесці, і па гаспадарцы шмат чаго зрабіць. У вольную хвіліну бяру пруткі і вяжу”.
Канечне, Святлана Міхайлаўна не Рабінзон, а вёска, дзе яна зараз адзіны жыхар, зусім не закінутая ў акіяне выспа. Ёсць тэлевізар, тэлефон. Пры жаданні можна было б абзавесціся інтэрнэтам, але такой патрэбы яна не мае:
— Аўталаўка сюды заязджае рэгулярна, снег зімой чысцяць своечасова, медыцынская дапамога належная. Дзеці часта наведваюцца, клічуць у горад, а маёй душы так хораша ў бацькоўскай хаце!
Святлана Міхайлаўна, нібы Гаспадыня Меднай гары, кожны дзень абходзіць сваю вёсачку, аглядае кожную хату, успамінае яе гаспадароў. Вёска не павінна асірацець, лічыць яна. І робіць для гэтага ўсё, што можа…