Вёска Асавок размяшчаецца ў некалькіх дзясятках кіламетраў ад райцэнтра і кіламетры за тры-чатыры ад Каменіч

Жылых дамоў тут нямнога, насельнікаў яшчэ менш.

Марыя Гіліцкая старэйшая з жыхароў: жанчыне пайшоў ужо 93-ці год. Лёс паслаў яе сям’і шмат выпрабаванняў. У 1937-м бацьку, які працаваў на сплаве, прыцемкам звёз “чорны варанок”, больш яго ніхто не бачыў. Маці засталася адна з шасцю малымі, цяжарная сёмым. Неабходна было не толькі іх карміць, а яшчэ і харчовыя падаткі плаціць. Як выжылі — невядома. Да таго ж праз нейкі час жыхароў навакольных хутароў прымусілі перасяляцца ў вёскі. Матуля з’язджаць не мела магчымасці, але суровыя прадстаўнікі мясцовай улады скінулі страху, давялося неяк перавозіць хату разам з дзецьмі і пажыткамі ў вёску Масное — справа была на Клічаўшчыне.
Катком прайшліся па сям’і вайна і гады аднаўлення: елі траву, вымочвалі і варылі лубін, а бліны з мёрзлай бульбы, якую адкопвалі на полі, здаваліся далікатэсам. Вучыцца дзецям не было магчымасці: збіралі каласкі ды шчаўе, нарыхтоўвалі дровы, хадзілі па заробках — хлопцы пасвілі кароў, а Марыя прыладкавалася нянькай і пакаёўкай у сям’і настаўнікаў. Маці ад непасільнай працы памерла маладой. А Марыя хутка пайшла замуж.
Карл Гіліцкі перавёз маладую жонку праз Бярэзіну ў Асавок. Ён працаваў трактарыстам, яна — цялятніцай. Выгадавалі чацвярых дзяцей.
Марыя Мікалаеўна з хваляваннем расказвае, колькі гора перажыла іх вёска ў ваеннае ліхалецце. У час карнай аперацыі яе муж ледзьве не загінуў. Пашанцавала, што адзін з карнікаў загадаў прыгнаць суседскіх кароў. Скарыстаўшы момант, хлопчык даў дзёру ў лес.
Памяць пра вайну ў сям’і свята захоўваюць. Беражліва ляжаць у шафе і шматлікія граматы, якімі адзначалася праца Марыі Мікалаеўны. “Майстар-залатыя рукі” — так кіраўніцтва калгаса “Новы шлях” ахарактарызавала руплівага жывёлавода ў адным з дыпломаў.

Другая жыхарка Асаўка — Клаўдзія Каладзінская — таксама нарадзілася на Клічаўшчыне. У 1941-м. Тата не прыйшоў з вайны, а матуля па парадзе сяброўкі хутка пераехала з дзецьмі на Асіповіччыну. Тут Клаўдзія стварыла сям’ю. Працавала даяркай, затым тэхнікам-асемянатарам, муж Віктар шафярыў у калгасе.
Усё жыццё Клаўдзія Дзмітрыеўна спявала. Ведае шмат прыпевак, а ўжо як завядзе песню — заслухаешся! Самы ж важны здабытак бабулі Клавы — чацвёра дзяцей, восем унукаў, дзесяць праўнукаў і маленькі прапраўнучак.
Апошнім часам жанчына пражывала ў дачкі Алены ў Каменічах, але на лета перабралася ў родную хату. Зараз у яе гасцюе дачка Марына, настаўніца адной з мінскіх школ, якая прыехала на водпуск да маці.

Калі падышлі да дома яшчэ аднаго жыхара Асаўка, Івана Казачонка, першымі ля веснічак сустрэлі чараду галасістых шчанюкоў, што зараз складаюць кампанію гаспадару. Іван Іванавіч з пяшчотай узгадвае гады дзяцінства, як гулялі ў шашкі з настаўнікам пачатковай школы Іванам Яўхімавічам, бегалі з сябрукамі ў клуб на кінасеансы — капеек у кішэнях не вадзілася, таму гарэзы імкнуліся прабрацца ў глядзельную залу незаўважна для кінамеханіка.
Пасля школы хлопец атрымаў у Буйнічах прафесію трактарыста, працаваў у Бабруйску, Нарыльску, Ніжнявартаўску — паматаўся па свеце, але асеў у Асаўку — прынамсі, захавалася бацькоўская хата, — зараз жыве на малой радзіме і навучыўся радавацца простым рэчам.

Вось і ўсё больш-менш пастаяннае насельніцтва Асаўка. Дачнікаў тут таксама нямнога. У адным з падворкаў, аздобленых кветкамі, сустрэлі Кіру Шчурко. Бацькі паехалі ў горад, а дзяўчына з братам адпачывалі — канікулы ж! Звяртаюць увагу адмысловая канапа ў двары, якая ў адным прадмеце аб’ядноўвае два крэслы і журнальны столік, незвычайныя веснічкі, калодзеж з ажурнай разьбой. Матуля дзяўчынкі Вікторыя Шчурко пазней растлумачыла, што ўсе мужчыны ў сям’і Белабародавых былі добрымі сталярамі, таму і зараз у двары шмат самаробных рэчаў.
Дом стаіць у зацішку, воддаль ад вуліцы, дворык утульны, навокал шмат кветак.
— Мой тата родам з Цэзарова, дзед з Прыцерпы, я вырасла ў Асаўку. Тут мая радзіма, — расказвае Вікторыя. — Ездзім у вёску ўсёй сям’ёй. У гэтай мясціне і зімой прыгожа. Пайду на пенсію — перабяруся сюды.
На канцы сяла ўбачылі сапраўдную вясковую ідылію — за круглым сталом пад разгалістым клёнам абедалі тры жанчыны і мерна вялі гутарку.
Старэйшая з іх — Наталля Якушка — расказала:

— У вёсцы было 57 дамоў, з іх 51 даваенны. Наш дом родныя пабудавалі пасля перамогі на месцы старой хаты. Мае бацькі — удзельнікі вайны. Іван Фёдаравіч ездзіў на цягачы, узнаўляў чыгунку пасля бамбёжак. А Ганна Пятроўна ў нас сапраўдная гераіня. Ваявала і яе сястра, дайшла да Кёнігсберга. Мама ж была разведчыцай у партызанскім атрадзе Ціхамірава. У яе нават у апошнія гады жыцця была цудоўная памяць. У 90 гадоў чытала вершы Пушкіна, Лермантава, Купалы. Гэта яе якасць знайшла прымяненне і ў час вайны: матуля павінна была запамінаць і перадаваць у атрад важную інфармацыю. Яна насіла Галіне Новік, якая працавала нямецкай перакладчыцай, сукенкі, спадніцы і іншыя ўборы: нібы прадавала ці мяняла на ежу. У час “прымерак” Галіна перадавала ёй атрыманыя звесткі, якія неабходна было аператыўна дастаўляць у атрад. Матуля добра арыентавалася ў лесе, таму яе выкарыстоўвалі і ў якасці правадніка. У час акружэння яна абмарозіла пальцы. Колькі перажыла за тыя гады — нават уявіць цяжка!
Жыхары Асаўка наогул з павагай берагуць гісторыю свайго населенага пункта. Аб мінулым нагадваюць таксама абеліск на брацкай магіле ахвяр вайны і 11 пліт з граніту з надпісам: “8 студзеня на гэтай зямлі было расстраляна і спалена 228 мірных жыхароў вёскі Асавок”.


Памяць для Асаўка паняцце свяшчэннае. Яна жыве ў душы кожнага. Жыхары стараюцца не забываць ні імёнаў, ні дат, а словы пра мінулае для іх гучаць як наказ: шанаваць гісторыю і берагчы жыццё.
Кацярына ІВАНОВА
