Воспоминания очевидцев о поселке Свислочь с точки зрения 1970-х годов

Воспоминания очевидцев о поселке Свислочь  с точки зрения 1970-х годов
Гэты населены пункт — адзін з самых старажытных не толькі ў нашым раёне, але і ўвогуле на беларускай зямлі. Колькі яму стагоддзяў, дакладна ніхто не скажа. Паселішча замкавага тыпу тут існавала тысячу гадоў таму. І які толькі статус не мела за гэты час Свіслач: і цэнтрам княства лічылася, і горадам была, нават райцэнтрам, калі Асіповічы яшчэ толькі пачалі забудоўвацца, затым мястэчкам.

Але не будзем так далёка паглыбляцца ў гісторыю. Узгадаем пра жыццё населенага пункта паўвека таму — у сямідзясятыя гады, калі жыццё тут кіпела, а такой сацыяльнай групы, як дачнікі, не ведалі. Летам, безумоўна, прыязджалі да больш сталых жыхароў унукі, і было іх вельмі многа, па гэтых хлопчыках і дзяўчынках можна было вывучаць геаграфію Савецкага Саюза. І кожнага такога прыезду чакала мясцовая дзятва: столькі вясёлых гульняў, апавяданняў, песень ад іх пераймалі. За некаторыя затым, праўда, атрымлівалі ад бацькоў. 

Улетку вясковыя вуліцы гудзелі гарэзлівымі галасамі. Каля кожнай сядзібы стаялі лаўкі, вось на іх і збіраліся. І кампаніі гэтыя былі рознаўзроставыя. Мячы, скакалкі, арэлі — бадай усе, так бы мовіць, цывільныя атрыбуты дзіцячых гульняў, а далей давалі волю фантазіі, стваралі біты для класікаў, збіралі што бог пашле для “сакрэцікаў”, а для большасці гульняў і наогул нічога не патрабавалася, акрамя спрыту, бо хавацца на вуліцах было дзе, а бегаць не перашкаджалі аўтамабілі, якіх было зусім мала. Гэта карцінка вясковай вуліцы — для таго, каб адчуць атмасферу.

Наогул жа вёска Свіслач ніколі не была глыбінкай. А для суседніх населеных пунктаў здавалася ледзьве не горадам: рабочых месцаў хапала, інфраструктура была даволі развітай, транспартныя зносіны на той час цудоўныя, а моладзі хоць адбаўляй.

У вёсцы размяшчаўся калгас “Усход”. На месцы цяперашняй царквы калісьці знаходзілася ферма, крыху далей — стайня для коней. Магазін “Еўраопт” сёння стаіць на месцы, дзе даўней быў машынны двор калгаса, насупраць якога месціліся будынак канторы і калгаснае гумно. А ўжо за вёскай — піларама і свінаферма, толькі замест свіней там цяпер стаяць каровы. Вакол калгасных пабудоў заўсёды хтосьці завіхаўся: у гаспадарцы было задзейнічана шмат людзей, бо на палях і лугах пераважала ручная праца.

Меліся і іншыя прадпрыемствы. Напрыклад, частка насельніцтва займалася сплавам лесу. Для іх нават універсам свой быў адкрыты (у народзе яго так і звалі — сплаўная), хаця карысталіся паслугамі карпаратыўнай крамы ўсе, незалежна ад месца занятасці. Сплаўная знаходзілася каля цяперашняй амбулаторыі. А перайшоўшы мост праз раку Свіслач, можна было трапіць на бандарню, дзе вырабляліся бочкі і іншыя гаспадарчыя прыстасаванні.

У Свіслачы працавалі некалькі магазінаў. Былы дом Яцко, які зараз знаходзіцца на рэстаўрацыі, шмат дзясяткаў гадоў служыў галоўным гандлёвым цэнтрам: на першым паверсе прадаваліся прадукты, на другім — прамысловыя тавары. А насупраць аўтобуснага прыпынку, на якім раней стаяла будачка, у якой прадавалі білеты муж і жонка Дубінскія, знаходзіўся яшчэ адзін: у адной частцы быў спачатку магазін хлебабулачных вырабаў, а потым культтавараў, у другой — прадстаўлены гаспадарчыя тавары ад вёдзер, цвікоў і газы да мэблі. Адну паліцу займалі дымкаўскія цацкі. Ці набываў іх хто, невядома, але яны заўсёды стаялі роўнымі радамі, упрыгожваючы гэты кангламерат жалеза і дрэва. У першым прыветліва сустракала наведвальнікаў Аляксандра Кучынская, у другім — Ніна Бакун. Быў у Свіслачы і ларок, у якім Алена Бондар гандлявала хлебам, бакалейнымі таварамі, запалкамі і іншымі таварамі першай неабходнасці. А міма сталовай не мог прайсці ці праехаць ніводзін чалавек. Там выпякаліся найсмачнейшыя пончыкі, хвораст, прадавалася халва, сокі на разліў — гэта для дзяцей. Падарожнікі маглі паабедаць, што ахвотна рабілі вадзіцелі лесавозаў. А вось мясцовыя мужчыны любілі пасядзець тут за кружкай піва, якое прывозілі ў бочках.

Месцам актыўных наведванняў быў комплексна-прыёмны пункт, у якім шылі адзенне, рабілі прычоскі, набывалі нейкія прадметы гардэробу. Побач стаяла грамадская лазня, у ёй можна было сустрэць насельніцтва ўсёй вёскі: у пятніцу — жаночую яго  частку,  у суботу — мужчынскую.

Дзіцячы сад, аптэка, пошта, бальніца ложкаў на 20 стваралі інфраструктуру цэнтра вёскі. А давяршаў яго клуб, у якім бадай кожны дзень паказвалі кіно, праводзілі танцы, на якіх час ад часу ўзнікалі бойкі з задзірыстымі ялізаўскімі хлопцамі, што любілі наведвацца да суседзяў. А ў парку побач з клубам была зроблена драўляная танцпляцоўка, і калі хто ладзіў вяселле, а  было гэта даволі частай падзеяй, ахвотна скарыстоўваўся яе паслугамі, на радасць мясцовым пенсіянеркам, якім пасля кожнага такога свята было размоў на тыдзень: каго, у чым і з кім яны бачылі.

Школа ў пачатку 1970-х перабралася ў новы двухпавярховы будынак, у якім яна і зараз знаходзіцца. Ад старой школы застаўся цудоўны сад, куды доўгі час бегалі летам дзеці.

Безумоўнай асаблівасцю вёскі быў санаторый, адкрыты ў 1970-х гадах на месцы былога дзіцячага дома. У здраўніцу ахвотна ехалі працаваць маладыя ўрачы, медсёстры, настаўнікі, повары. Моладзь стварала сем’і. І было з кім: штогадова прыбывалі маладыя спецыялісты ў калгас, школу, на суседнія шклозавод, леспрамгас… Усе сяліліся ў вёсцы, не ездзілі, як цяпер, з горада, бо ўмовы жыцця задавальнялі: медыцына, адукацыя, гандаль. Была нават свая “мадыстка”, якая шыла для мясцовых модніц абновы. Былі і “прадпрымальнікі”, што забяспечвалі вострадэфіцытнымі таварамі, якія цяжка было набыць нават у гарадскіх магазінах. Яны займаліся зборам другаснай сыравіны, за пэўную колькасць кілаграм  якой пакупнік атрымліваў права на набыццё, напрыклад, металічных накрывак на шклянкі, шпалераў, кашамі-равай хусткі.

Уласнага транспарту ў насельніцтва амаль не было, таму безумоўнай папулярнасцю карыстаўся грамадскі: аўтобусы ў райцэнтр і Бабруйск хадзілі па некалькі разоў у дзень. А крыху пазней нават да сталіцы можна было даехаць без перасадак. Гаворачы пра транспарт, хочацца адзначыць і яшчэ адзін яго від — водны. Вядома, цеплаходы па мясцовых рэках не курсіравалі, затое кацеры з ланцужком гружаных барж — звычайная карціна на Бярэзіне: менавіта яна была судаходнай. Фарватар ракі штогадова чысціўся земснарадам, а бялюсенькі пясок на абодвух узбярэжжах ствараў цудоўныя пляжы. Такой і запомнілася Бярэзіна: уздоўж ракі белы пясок і  навігацыйныя знакі, а на вадзе — кацеры, з якіх ліецца музыка, баржы з сыравінай для шклозавода або лесаматэрыяламі, а яшчэ маторкі. І побач — дрывішча, дзе можна назбіраць кветак, арэхаў, шчаяў, нават суніц, ажыны і грыбоў…

Последние новости

Общество

Истории переселенцев из Чернобыльской зоны

26 апреля 2026
Читать новость
Общество

Гороскоп для всех знаков на 26 апреля

26 апреля 2026
Читать новость
Общество

Чернобыль 40 лет спустя: загрязненные территории: от восстановления к уверенному будущему

26 апреля 2026
Читать новость
Общество

Як супрацьстаяць хатняму гвалту?

25 апреля 2026
Читать новость
Спорт и туризм

Международный Осиповичский марафон прошел 18 апреля

25 апреля 2026
Читать новость
Общество

Зачем спилили деревья

25 апреля 2026
Читать новость