Воспоминания очевидцев о поселке Свислочь с точки зрения 1970-х годов

Гэты населены пункт — адзін з самых старажытных не толькі ў нашым раёне, але і ўвогуле на беларускай зямлі. Колькі яму стагоддзяў, дакладна ніхто не скажа. Паселішча замкавага тыпу тут існавала тысячу гадоў таму. І які толькі статус не мела за гэты час Свіслач: і цэнтрам княства лічылася, і горадам была, нават райцэнтрам, калі Асіповічы яшчэ толькі пачалі забудоўвацца, затым мястэчкам.
Але не будзем так далёка паглыбляцца ў гісторыю. Узгадаем пра жыццё населенага пункта паўвека таму — у сямідзясятыя гады, калі жыццё тут кіпела, а такой сацыяльнай групы, як дачнікі, не ведалі. Летам, безумоўна, прыязджалі да больш сталых жыхароў унукі, і было іх вельмі многа, па гэтых хлопчыках і дзяўчынках можна было вывучаць геаграфію Савецкага Саюза. І кожнага такога прыезду чакала мясцовая дзятва: столькі вясёлых гульняў, апавяданняў, песень ад іх пераймалі. За некаторыя затым, праўда, атрымлівалі ад бацькоў.
Улетку вясковыя вуліцы гудзелі гарэзлівымі галасамі. Каля кожнай сядзібы стаялі лаўкі, вось на іх і збіраліся. І кампаніі гэтыя былі рознаўзроставыя. Мячы, скакалкі, арэлі — бадай усе, так бы мовіць, цывільныя атрыбуты дзіцячых гульняў, а далей давалі волю фантазіі, стваралі біты для класікаў, збіралі што бог пашле для “сакрэцікаў”, а для большасці гульняў і наогул нічога не патрабавалася, акрамя спрыту, бо хавацца на вуліцах было дзе, а бегаць не перашкаджалі аўтамабілі, якіх было зусім мала. Гэта карцінка вясковай вуліцы — для таго, каб адчуць атмасферу.
Наогул жа вёска Свіслач ніколі не была глыбінкай. А для суседніх населеных пунктаў здавалася ледзьве не горадам: рабочых месцаў хапала, інфраструктура была даволі развітай, транспартныя зносіны на той час цудоўныя, а моладзі хоць адбаўляй.
У вёсцы размяшчаўся калгас “Усход”. На месцы цяперашняй царквы калісьці знаходзілася ферма, крыху далей — стайня для коней. Магазін “Еўраопт” сёння стаіць на месцы, дзе даўней быў машынны двор калгаса, насупраць якога месціліся будынак канторы і калгаснае гумно. А ўжо за вёскай — піларама і свінаферма, толькі замест свіней там цяпер стаяць каровы. Вакол калгасных пабудоў заўсёды хтосьці завіхаўся: у гаспадарцы было задзейнічана шмат людзей, бо на палях і лугах пераважала ручная праца.
Меліся і іншыя прадпрыемствы. Напрыклад, частка насельніцтва займалася сплавам лесу. Для іх нават універсам свой быў адкрыты (у народзе яго так і звалі — сплаўная), хаця карысталіся паслугамі карпаратыўнай крамы ўсе, незалежна ад месца занятасці. Сплаўная знаходзілася каля цяперашняй амбулаторыі. А перайшоўшы мост праз раку Свіслач, можна было трапіць на бандарню, дзе вырабляліся бочкі і іншыя гаспадарчыя прыстасаванні.
У Свіслачы працавалі некалькі магазінаў. Былы дом Яцко, які зараз знаходзіцца на рэстаўрацыі, шмат дзясяткаў гадоў служыў галоўным гандлёвым цэнтрам: на першым паверсе прадаваліся прадукты, на другім — прамысловыя тавары. А насупраць аўтобуснага прыпынку, на якім раней стаяла будачка, у якой прадавалі білеты муж і жонка Дубінскія, знаходзіўся яшчэ адзін: у адной частцы быў спачатку магазін хлебабулачных вырабаў, а потым культтавараў, у другой — прадстаўлены гаспадарчыя тавары ад вёдзер, цвікоў і газы да мэблі. Адну паліцу займалі дымкаўскія цацкі. Ці набываў іх хто, невядома, але яны заўсёды стаялі роўнымі радамі, упрыгожваючы гэты кангламерат жалеза і дрэва. У першым прыветліва сустракала наведвальнікаў Аляксандра Кучынская, у другім — Ніна Бакун. Быў у Свіслачы і ларок, у якім Алена Бондар гандлявала хлебам, бакалейнымі таварамі, запалкамі і іншымі таварамі першай неабходнасці. А міма сталовай не мог прайсці ці праехаць ніводзін чалавек. Там выпякаліся найсмачнейшыя пончыкі, хвораст, прадавалася халва, сокі на разліў — гэта для дзяцей. Падарожнікі маглі паабедаць, што ахвотна рабілі вадзіцелі лесавозаў. А вось мясцовыя мужчыны любілі пасядзець тут за кружкай піва, якое прывозілі ў бочках.
Месцам актыўных наведванняў быў комплексна-прыёмны пункт, у якім шылі адзенне, рабілі прычоскі, набывалі нейкія прадметы гардэробу. Побач стаяла грамадская лазня, у ёй можна было сустрэць насельніцтва ўсёй вёскі: у пятніцу — жаночую яго частку, у суботу — мужчынскую.
Дзіцячы сад, аптэка, пошта, бальніца ложкаў на 20 стваралі інфраструктуру цэнтра вёскі. А давяршаў яго клуб, у якім бадай кожны дзень паказвалі кіно, праводзілі танцы, на якіх час ад часу ўзнікалі бойкі з задзірыстымі ялізаўскімі хлопцамі, што любілі наведвацца да суседзяў. А ў парку побач з клубам была зроблена драўляная танцпляцоўка, і калі хто ладзіў вяселле, а было гэта даволі частай падзеяй, ахвотна скарыстоўваўся яе паслугамі, на радасць мясцовым пенсіянеркам, якім пасля кожнага такога свята было размоў на тыдзень: каго, у чым і з кім яны бачылі.
Школа ў пачатку 1970-х перабралася ў новы двухпавярховы будынак, у якім яна і зараз знаходзіцца. Ад старой школы застаўся цудоўны сад, куды доўгі час бегалі летам дзеці.
Безумоўнай асаблівасцю вёскі быў санаторый, адкрыты ў 1970-х гадах на месцы былога дзіцячага дома. У здраўніцу ахвотна ехалі працаваць маладыя ўрачы, медсёстры, настаўнікі, повары. Моладзь стварала сем’і. І было з кім: штогадова прыбывалі маладыя спецыялісты ў калгас, школу, на суседнія шклозавод, леспрамгас… Усе сяліліся ў вёсцы, не ездзілі, як цяпер, з горада, бо ўмовы жыцця задавальнялі: медыцына, адукацыя, гандаль. Была нават свая “мадыстка”, якая шыла для мясцовых модніц абновы. Былі і “прадпрымальнікі”, што забяспечвалі вострадэфіцытнымі таварамі, якія цяжка было набыць нават у гарадскіх магазінах. Яны займаліся зборам другаснай сыравіны, за пэўную колькасць кілаграм якой пакупнік атрымліваў права на набыццё, напрыклад, металічных накрывак на шклянкі, шпалераў, кашамі-равай хусткі.
Уласнага транспарту ў насельніцтва амаль не было, таму безумоўнай папулярнасцю карыстаўся грамадскі: аўтобусы ў райцэнтр і Бабруйск хадзілі па некалькі разоў у дзень. А крыху пазней нават да сталіцы можна было даехаць без перасадак. Гаворачы пра транспарт, хочацца адзначыць і яшчэ адзін яго від — водны. Вядома, цеплаходы па мясцовых рэках не курсіравалі, затое кацеры з ланцужком гружаных барж — звычайная карціна на Бярэзіне: менавіта яна была судаходнай. Фарватар ракі штогадова чысціўся земснарадам, а бялюсенькі пясок на абодвух узбярэжжах ствараў цудоўныя пляжы. Такой і запомнілася Бярэзіна: уздоўж ракі белы пясок і навігацыйныя знакі, а на вадзе — кацеры, з якіх ліецца музыка, баржы з сыравінай для шклозавода або лесаматэрыяламі, а яшчэ маторкі. І побач — дрывішча, дзе можна назбіраць кветак, арэхаў, шчаяў, нават суніц, ажыны і грыбоў…