Вось что атрымліваецца, калі жыхары раёна і камунальнікі працуюць ў адной камандзе, аб’ядноўваючы намаганні па добраўпарадкаванню

Лета — пара росквіту прыроды. У лясах, на паплавах цвітуць кветкі. Упрыгожваюць дэкаратыўнымі раслінамі свае сядзібы жыхары прыватнай забудовы. Нярэдка і насельнікам шматкватэрных дамоў хочацца бачыць навакольную тэрыторыю не толькі добраўпарадкаванай, але і квітнеючай. Аднак адным камунальным работнікам разбіць і даглядзець клумбы каля кожнага пад’езда не пад сілу. Таму цудоўна, што знаходзяцца ініцыятыўныя жыхары, якія ўносяць сваю лепту ў стварэнне станоўчага іміджу населенага пункта, у якім пражываюць.

— Шмат неабыякавых людзей пражывае ў Лапічах і навакольных вёсках, — расказвае майстар УКП ЖКГ Алеся Стус. — Жыхары дамоў на вуліцы Усходняй у Цэлі Святлана Гаўрылава, Таісія і Марыя Чэпік, сям’я Заварзіных, Галіна Мініч, Людміла Баскакава, Ніна Афанасьева, Уладзімір Маскалёў, Іна Краўцова, Ала Казак, Аксана Калінічэнка, Ала Сыротка, Галіна Дубіцкая, Ніна Кандратовіч, а таксама шматкватэрных дамоў вуліцы Газавікоў аграгарадка Лапічы Людміла Ананіч, сям’я Стэльмах, Марына Міраненка, Тамара Няхайчык заўсёды знаходзяць час і жаданне папрацаваць на прыдамавых тэрыторыях, бо хочуць, каб навокал было прыгожа і ўтульна.

На дадзеным участку ўстаноўлены цудоўны кантакт работнікаў камунальнага прадпрыемства і насельніцтва. Можна сказаць, што працуюць яны ў адной камандзе, рашаючы агульныя задачы. Камунальнікі пачынаюць праводзіць работы — жыхары па меры магчымасці далучаюцца. З лесу прывозяць каменне, каб выкласці клумбу, ускапваюць зямлю, саджаюць кветкі, кусты, ствараюць нейкія дэкаратыўныя кампазіцыі. Алеся Мікалаеўна і яе калегі стараюцца падтрымаць энтузіястаў: выдаюць ім фарбу, каб асвяжыць колер лаўкі, дзеляцца падкормкай для кветак, або замацоўваюць крукі на ганку дома для размяшчэння кашпо.

Майстар удзячна жыхарцы Сасновага Ірыне Шавялёвай за кветкі, расадай якіх яна бескарысліва дзеліцца.
Некаторыя жыхары, добраўпарадкоўваючы тэрыторыю, праяўляюць фантазію. У выніку якой, напрыклад, можна ўбачыць гнёзды буслоў і соў, размешчаныя на дрэве побач, а таксама задумацца: хто так хутка збягаў з верхавіны уніз, што пагубляў модныя туфлі, якія так і засталіся на ствале, сустрэць мандарынавае дрэва з пладамі або чароўны калодзеж…

Прыемна, што сярод неабыякавых людзей ёсць і моладзь, якая паказвае добры прыклад іншым землякам: калі хочаш палепшыць жыццё, трэба не пісаць незадаволеныя посты ці здымаць песімістычныя ролікі, а паклікаць родных ці суседзяў і крышку папрацаваць. Прыемна, карысна і вынік, як бачаце, радуе!
