Утульнае месца для адпачынку ад гарадской мітусні у Асіповіцкім раене

Утульнае месца для адпачынку ад гарадской мітусні у Асіповіцкім раене

Хочаце адпачыць ад гарадской мітусні ў адасобленым ціхім куточку, парыбачыць, пачаставацца дранікамі ці смажанінай, акунуцца ў атмасферу быту нашых прашчураў і паслухаць салаўёў, якім падторвае шматгалосны хор жаб? Тады менавіта вас чакае аграэкасядзіба “Бацькоўская спадчына”, размешчаная ў аграгарадку Лапічы.

Такая назва дадзена месцу адпачынку невыпадкова, бо гэты дом — вотчына Генадзія Курачова.

Тут яны з жонкай Таццянай паўтара дзясятка гадоў назад пачалі ствараць аграэкасядзібу. І цяпер маюць сваю справу і дачу ў адным месцы.

А зроблена для добраўпарадкавання бацькаўшчыны нямала. Для аздаблення дома і ўзвядзення дадатковых пабудоў гаспадары стараюцца выкарыстоўваць пераважна натуральныя матэрыялы. Усе ўнутраныя памяшканні абшылі дрэвам, а асобныя надворныя архітэктурныя формы склалі з камення.  Афармленне аграсядзібы працягваецца ўвесь час, з’яўляюцца дадатковыя элементы дэкору, закліканыя нагадваць гасцям лясное асяроддзе. Напрыклад, на адной са сцен гасцявога доміка размешчаны драўляныя барэльефы, якія ўяўляюць ствалы дрэў: іх крону складаюць кашпо з жывымі раслінамі, на галінах прымасціліся імправізаваныя гнёзды з птушкамі.

І наогул створана максімум умоў для таго, каб наведвальнікі хоць на непрацяглы тэрмін адчулі сваё дачыненне да прыроды. Таму садзейнічае від з акон і балкона, утульныя альтанкі, мноства прыгожых дэкаратыўных раслін, стары дуб, які шмат пабачыў на сваім вяку, нават сабака, які жыве ў драўлянай будцы з флюгерам на даху і мае “ва ўласнасці” сапраўдны каменны замак. А дэкаратыўныя мурашы з рознымі прыладамі працы, якія “завіхаюцца” на газоне, нагадваюць аб тым, што ўсё гэта хараство створана шчырай працай гаспадароў.

Таццяна і Генадзій адказна падышлі да афармлення тэрыторыі. З улікам таго, што наведваюць аграэкасядзібу людзі рознага ўзросту, у двары створана дзіцячая пляцоўка з горкай, пясочніцай, казачнымі персанажамі. Таксама юныя наведвальнікі могуць пакатацца на веласіпедах або разам з дарослымі пабываць на экскурсіі ў сапраўдным музеі мінуўшчыны. А яго экспазіцыя даволі вялікая. Тут можна ўбачыць жалезныя прылады працы: сячкарню, плуг, саху, бязмен, пілу, касу, прас, з якімі суседнічаюць драўляныя начоўкі, сіта, маслабойка, ступа, калаўрот, пранік, рубель. Экскурсанты даведаюцца, з дапамогай чаго раней мылі бялізну, малолі зерне, у чым захоўвалі малако і квасілі капусту. Свае экспанаты Генадзій збірае ў знаёмых. Калі даведваецца, што дзесь прадаецца хата, просіць уласнікаў пераглядзець рыштунак, і тое, што ім ужо не патрэбна, часта знаходзіць прымяненне на аграэкасядзібе. Пакуль экспазіцыя размешчана пад адкрытым небам, але з цягам часу гаспадары плануюць перанесці яе ў асобны будынак, дзе зараз праводзяць рамонт.

Ёсць на аграэкасядзібе яшчэ адзін куточак, што прыцягвае ўвагу ўсіх адпачываючых. Гэта месца над ракой, дзе можна пасядзець на лаўцы ці пагойдацца на арэлях, абнуліўшы свае думкі і забыўшыся на час аб праблемах, паназіраць за павольнай плынню ракі Свіслач, што нясе свае воды ў Бярэзіну. Прыступкі бетоннай лесвіцы вядуць на масткі, з якіх можна парыбачыць ці проста палюбавацца краявідамі пад птушыны акампанемент. Тут узгадваюцца радкі Пімена Панчанкі: “Зязюлі варожаць, і кнігаўкі жаляцца, і глушаць усіх салаўі…” Лагоднымі днямі можна сабрацца ў альтанцы за цёплай гутаркай. Калі трэба, гаспадары пададуць самавар ці пасмажаць шашлыкі. Дарэчы, ежу госці могуць прыгатаваць самі (для гэтага ёсць усе ўмовы) або заказаць гаспадарам. Іх сын Уладзіслаў — прафесійны повар, ён пры неабходнасці прыязджае і рыхтуе стравы з улікам пажаданняў гасцей.

Адначасова на сядзібе могуць размясціцца 13 чалавек. Летам, здараецца, і больш наведваецца: моладзь часам хоча начаваць на адкрытым паветры. Прыязджаюць сюды кампаніі сяброў, калегі на выхадныя, некаторыя жадаюць правесці свята ці адзначыць нейкую падзею. Але найбольш даспадобы гаспадыні сямейны адпачынак: прыемна назіраць за маладымі парамі, якія клапоцяцца пра дзяцей, стараюцца разнастайна правесці з імі вольны час, прыдумваюць цікавыя заняткі.

“Сардэчна запрашаем!” — абвяшчае шыльда над уваходам у дом, у якім гасцям заўсёды рады, іх чакаюць і робяць усё для таго, каб пасля наведвання гэтага ўтульнага месца заставаліся толькі самыя лепшыя ўражанні.

Последние новости

Общество

Воспитанников Осиповичской спецшколы-интерната поздравили с предстоящим Международным днем защиты детей

30 мая 2025
Читать новость
Общество

28 мая Осиповичский район посетила делегация Китайской Народной Республики

30 мая 2025
Читать новость
Власть

Устраивает ли это абитуриентов и их семьи? Лукашенко подробно расспросил чиновников о проведении ЦЭ и ЦТ

30 мая 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко заявил, что люди должны быть убеждены в справедливости вступительной кампании

30 мая 2025
Читать новость
Образование

Вступительная кампания под контролем. Работает горячая линия

30 мая 2025
Читать новость
Благоустройство

С начала 2025-го, объявленного Президентом Годом благоустройства, в населенных пунктах Осиповичского района сделано немало

30 мая 2025
Читать новость

Рекомендуем