Урачыстае ўшаноўванне выпускнікоў прайшло 13 чэрвеня на цэнтральнай плошчы Асіповічаў

Вось і настаў той запаветны дзень для ўчарашніх 11-класнікаў, калі яны развіталіся са сваімі настаўнікамі, школьнай атмасферай і ўвогуле з дзяцінствам. Дзень, калі яны адчынілі дзверы ў дарослае жыццё.
На ўрачыстасці, прысвечанай выпускнікам, а таксама пераможцам і прызёрам алімпіяд, конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў, прысутнічалі старшыні райвыканкама Андрэй Дубінчык і раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Рыжанкоў, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Ірына Сяргейчык, прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, кіраўнікі школ і гімназіі, бацькі і іншыя госці.
Традыцыйна ўдзельнікі мерапрыемства сабраліся на Алеі Герояў, дзе ўшанавалі памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да стэлы. Працягнулася ўрачыстасць шэсцем па вуліцах горада, якое ўзначалілі лепшыя выпускнікі.
Асноўнае дзеянне перамясцілася на плошчу Леніна. Звяртаючыся да выпускнікоў, Андрэй Дубінчык павіншаваў іх з важным этапам у жыцці, падкрэс-ліўшы, што іх таленты заўсёды будуць запатрабаваныя на малой радзіме. Кіраўнік раёна ўручыў медалі выдатнікам, якіх сёлета намала — 16 дзяўчат і юнакоў. Гэта прадстаўнікі гімназіі Вікторыя Цымбарэвіч, Кіра Грудовіч, Крысціна Трыбушэўская, СШ № 1 — Паліна Ерашэвіч, Канстанцін Хмара, СШ № 3 — Таццяна Азаранка, Арына Барадаўка, Анастасія Туміловіч, СШ № 4 — Дзіяна Савельева, Ілля Клімовіч, Алег Сімановіч, Вяззеўскай СШ — Дзіяна Якубоўская, Ялізаўскай СШ — Ксенія Александровіч, Анастасія Вайцяхоўская, Карына Сівакова, Свіслацкай СШ — Аляксандра Кірэева.

Ірына Сяргейчык адзначыла ўзнагародамі пераможцаў і прызёраў алімпіяд, конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў, а таксама кіраўнікоў устаноў адукацыі і педагогаў, якія раскрылі юныя таланты. Завяршылася мерапрыемства святочным вальсам выпускнікоў.
Сакрэтамі свайго поспеху з раённай газетай падзяліліся залатыя медалісты 100-бальнікі на цэнтралізаваным экзамене.

Аляксандра Кірэева:
— З дзяцінства была дапытлівай, любіла па-знаваць штосьці новае. Гэтыя якасці разам з набытымі стараннасцю і адказнасцю прывялі да выдатных вынікаў у вучобе. Будучым старшакласнікам жадаю вызначыцца са спецыяльнасцю і факусавацца на профільных прадметах, развіваць навыкі тайм-менеджменту і самадысцыпліны. Але галоўнае — палюбіце працэс і выбраныя прадметы!

Алег Сімановіч:
— Свядома працаваць на атрыманне залатога медаля пачаў у восьмым класе. Былі некаторыя цяжкасці з фізікай і хіміяй, але бацькі дапамаглі сабрацца з думкамі і падтрымалі. Што наконт сакрэта поспеху… Можа, яго і няма. Поспех заключаецца ў сістэматычнай грунтоўнай рабоце над сабой і правільна арганізаваным адпачынку. Мне вельмі дапамагалі заняткі ў спартыўнай зале. Яны дазваляюць сканцэнтравацца і заставацца прадукцыйным у справе. У школе найбольш падабаліся матэматыка і англійская мова, па якіх потым і здаваў экзамены і тэсціраванне. Некалькі гадоў таму захапіўся напісаннем камп’ютарных праграм. Напэўна, гэта і вырашыла мой лёс, бо ў будучым бачу сябе ў сферы IT.

Ксенія Александровіч:
— Маім ідэалам заўсёды была мама: яна таксама скончыла школу з залатым медалём. Можна сказаць, што менавіта яна стала прыкладам чалавека, які змог паспяхова сумя-шчаць вучобу, захапленні і сяброўства.
Сакрэт поспеху для мяне складаецца ў планаванні і ўменні знайсці нешта цікавае нават у самых складаных прадметах. Часам было цяжка. Напрыклад, калі рыхтавалася да алімпіяды, было няпроста сумяшчаць вучобу і падрыхтоўку да спаборніцтва. Дапамагала граматнае чаргаванне заняткаў і адпачынку.
Паступаць планую на юрыдычны факультэт БДУ. Права — гэта інструмент абароны свабод чалавека, і хочацца стаць часткай сістэмы, якая забяспечвае справядлівасць і роўнасць у нашай краіне.
Мяне цікавіць мастацтва, асабліва жывапіс. У вольны час сама пішу карціны. Таксама вельмі люблю чытаць.
Ірына Сяргейчык:
— Сёлетні навучальны год адзначыўся шматлікімі перамогамі. Прыемна, што па выніках здачы цэнтралізаванага экзамену выпускнікі Алег Сімановіч і Аляксандра Кірэева атрымалі 100 балаў. Перамога на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Руская мова” і “Руская літаратура” Ксеніі Александровіч адпавядае вышэйшаму балу па гэтым прадмеце на ўступных іспытах. Такім чынам, мы маем тры стобальныя вынікі на ЦЭ.
На рэспубліканскім апошнім званку выпускніца гімназіі Кіра Грудовіч атрымала ўзнагароду Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Лепшы выпускнік-2025” у намінацыі “Інтэлект”.
Чатыры нашы навучэнцы сталі пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.
Выпускны — яркая і хвалюючая падзея для былых школьнікаў і іх бацькоў. Ён важны для нас, настаўнікаў, для якіх любы выпуск — гэта рубеж. Развітваючыся з навучэнцамі, адчуваеш сум, але адначасова і гонар за кожнага.
Дарагія выпускнікі, памятайце пра тых, хто даў магчымасць жыць, вучыцца і працаваць пад мірным небам, самім будаваць будучыню для дабрабыту роднай краіны. Стаўце амбіцыйныя мэты, спяшайцеся насустрач марам. Хай лёс будзе шда вас добразычлівым, а жыццё яркім, цікавым і мірным.

Паважаныя педагогі і бацькі, поспехі дзяцей — ваша заслуга. Шчыра жадаю, каб і ў далейшым вы адчувалі выключна пачуццё гонару за нашых выпускнікоў.