Учора Асіповіцкі раён адным з першых прыступіў да ўборкі зерневых

Уборачная кампанія стартавала з ААТ “ВязаўніцаАгра”. Першыя камбайны выйшлі на поле каля вёскі Прыцерпа, дзе пачалі выбарачную ўборку азімага ячменю. На гэтай пачатковай стадыі былі задзейнічаны тры зернеўборачныя камбайны і дзве адзінкі тэхнікі на адвозцы.
Па словах старшыні гаспадаркі Анатоля Бізунка, сёлета работнікам сельгаспрадпрыемства трэба абмалаціць больш за 700 гектараў азімага ячменю. Гэта толькі пачатак маштабнай кампаніі: сваю чаргу чакае больш за тры тысячы гектараў іншых зерневых. Анатоль Анатольевіч падкрэсліў гатоўнасць гаспадаркі да інтэнсіўнай працы: на піку ўборачнай кампаніі плануецца задзейнічаць дзевяць камбайнаў і пяць адзінак транспартнай тэхнікі. Такая мабі-лізацыя рэсурсаў сведчыць аб сур’ёзных намерах сельгаспрадпрыемства дасягнуць максі-мальнай прадукцыйнасці і сабраць багаты ўраджай.
Усяго гаспадаркам раёна трэба будзе ўбраць вялікія плошчы сельскагаспадарчых культур: 2 205 га азімага ячменю, 9 065 га іншых зерневых і 850 га рапсу. Гэта патрабуе зладжанай работы ўсіх задзейнічаных на ўборцы людзей, эфектыўнага выкарыстання тэхнікі і аптымальнай лагістыкі.