Уборачная кампанія ў разгары. У гэтым пераканалася карэспандэнт АК, наведаушы ААТ “Ясеньскае”

Часцей за іншых зараз паглядваюць у тэлефон аграрыі. Зразумела, не з мэтай інтэрнэт-сёрфінгу, а каб прааналізаваць прагноз надвор’я. Бо гэты фактар сёлета асабліва ўплывае на ход уборачнай кампаніі. І людзі, і тэхніка даўно гатовы праводзіць на збожжавых палетках столькі часу, колькі патрабуецца для максімальнай эфектыўнасці працэсу.
Ёсць і яшчэ адна важная ўмова — не страчваць бадзёрасць духу. Так лічаць і трактарыст-машыніст Андрэй Кавальчук і загадчык склада-вагаўшчык Юлія Укрылава з ААТ “Ясеньскае”.
У гэтай гаспадарцы Андрэй працуе з мінулай восені, аднак ужо зарэкамендаваў сябе надзейным спецыялістам. Задзейнічаны на ўсіх відах работ: рамантаваў “свае” трактар “Беларус-3522” і зернеўборачны камбайн “ПАЛЕССЕ GS3219” да новага сезона, займаўся арганікай, удзельнічаў у пасяўной. Яму па душы любая справа. Разумее, што кожны этап — і апрацоўка глебы, і сяўба, і ўборка культур — аднолькава важныя ў агранамічным календары. І калі дзесьці былі дапушчаны збоі, то іх уплыў абавязкова праявіцца ў наступных кроках. Таму тэхналагічнасць і якасць у працы павінны быць заўсёды. На жніве аддача кожнага дня розная: можна ўбраць 20 гектараў, а можна і пад 40. Самае ж складанае — чакаць, калі ніва падсохне пасля дажджу. Дарэчы, з тэхнікай на “ты” механізатар з юнацтва. А зараз сваёй прафесіяй ужо зацікавіў і 14-гадовага сына Дзмітрыя. Няхай хлопец вучыцца валодаць тэхнікай — лішнімі такія навыкі не будуць у любым выпадку.
Гатова знаходзіцца на рабочым месцы ў гарачую пару з раніцы да вечара, нават без выхадных, і Юлія Укрылава. На адвозцы збожжа ад камбайнаў задзейнічаны два аўтамабілі і трактар. Кожную партыю дароў ніў патрабуецца ўзважыць, праверыць зерне спецыяльным прыборам на вільготнасць, размеркаваць: што на дасушку на пляцоўку, што адразу накіраваць перапрацоўшчыку. І, зразумела, своечасова падрыхтаваць адпаведныя дакументы, зрабіць неабходныя запісы. Словам, весці дакладны ўлік.
Як расказаў кіраўнік гаспадаркі Віктар Юдзін, да ўборкі належала 1 356 гектараў разам з рапсам. Гэтай культуры 111 гектараў, з якіх 40 упарадкавана. Камбайн пабываў ужо амаль на ўсіх плошчах яравога ячменю: ён займае 225 гектараў, засталося 36, якія размяшчаюцца ў нізіне. У агульным убрана пятая частка палеткаў. Жыта, пшаніца, трыцікале — на гэтыя культуры ўскладаюцца асаблі-выя спадзяванні ў плане ўраджайнасці. А працаўнікі сельгаспрадпрыемства не падвядуць!