У якіх толькі кутках Асіповіччыны не ўбачыш тэхніку УКП ЖКГ!
У якіх толькі кутках Асіповіччыны не ўбачыш тэхніку УКП ЖКГ!
Яна выкарыстоўваецца для вывазкі і ўтылізацыі цвёрдых камунальных адыходаў, абслугоўвання дарожнай сеткі, цеплатрасы, кацельні, з’яўляецца нязменным памочнікам пры бягучым рамонце жыллёвага фонду, вулічнага асвятлення, аказанні насельніцтву транспартных і рытуальных паслуг.
Штораніцы кожны з паўсотні вадзіцеляў атрымлівае заданне і накіроўваецца на запланаваны маршрут. Работа ўсіх машын, якія б маніпуляцыі яны ні выконвалі, накіравана на тое, каб зрабіць жыццё землякоў лепшым, а паселішчы — больш утульнымі.
70 адзінак транспарту налічвае аўтапарк УКП ЖКГ. У іх лік уваходзяць 20 легкавых машын, дзесяць трактароў, дзевяць смеццявозаў, па тры адзінкі самазвалаў, аўтобусаў, пагрузчыкаў, экскаватараў, па дзве аўтавышкі і аўтакраны, ёсць і іншая тэхніка.
Начальнік аўтатранспартнага цэха прадпрыемства Сяргей Ганчаронак расказвае, што ганарыцца сваім калектывам. Усе вадзіцелі вопытныя, адказна падыходзяць да справы, разумеюць прыярытэты прадпрыемства, да таго ж яны ўніверсальныя спецыялісты: калі неабходна — могуць перасесці ў іншую машыну спецыяльнага прызначэння і выдатна працаваць на ёй. Вадзіцелі смеццявозаў рэгулярна ўдзельнічаюць у абласных конкурсах прафесійнага майстэрства і паказваюць добрыя вынікі. Так, сёлета Яўген Кузьміч заняў трэцяе месца. Выдатна працуюць Генадзь Стэльмах, Дзмітрый Доўгаль, Ігар Савін, Дзмітрый Аляксеенка, Іван Хейдар, Аляксандр Матус, Альберт Кірдун і іншыя іх калегі.
Начальнік планава-эканамічнага аддзела УКП ЖКГ Марына Муха адзначае:
— Вадзіцелі задзейнічаны ў нас на ўсіх аб’ектах. Напрыклад, яны прымалі ўдзел у капітальным рамонце дамоў № 5 на Рабоча-Сялянскай вуліцы, № 21 на Пасёлку Савецкім, № 33 на вуліцы Сацыялістычнай, працавалі на мадэрнізацыі кацельні ў Лапічах і пасёлку Савецкім, а таксама цепласетак горада і раёна. Без іх работа прадпрыемства была б немагчыма. Сёлета яны прынеслі 12,7 тысячы рублёў прыбытку арганізацыі. Аказвалі і платныя паслугі. За дзевяць месяцаў выручка ад іх склала 36,69 тысячы рублёў, з якіх насельніцтву 4,39, юрыдычным асобам 32,3 тысячы рублёў.
Сяргей Ганчаронак упэўнены, што хоць тэхніка камунальнага прадпрыемства і шмат пабачыла на сваім вяку, але ўмелыя рукі слесара Уладзіміра Атрашэўскага і электрагазазваршчыка Генадзя Санковіча могуць паставіць у строй любую машыну.
Часцей за ўсё на гэта затрачваецца два-тры дні. Выключэнне складаюць выпадкі, калі неабходныя дэталі даводзіцца знаходзіць і дастаўляць з-за мяжы. Усе рамонтныя работы праводзяцца на месцы, а за тым, каб забяспечыць неабходнымі запчасткамі, сочыць начальнік цэха, а таксама загадчык гаража Сяргей Болтач, які дадаткова займаецца страхаваннем, прафілактычным аглядам і тэхнічным абслугоўваннем транспартных сродкаў. У суполцы з імі працуе і дыспетчар па транспарце Марына Лялека, якая штодзень выдае дарожныя лісты, вядзе ўлік шын і акумулятараў, паліўныя справаздачы. Менавіта ёй тэлефануюць жыхары і юрыдычныя асобы, каб вывезці і ўтылізаваць буйнагабарытныя рэчы (старую мэблю, электрапрыборы, спілаваныя дрэвы, будаўнічыя адыходы) або заказаць экскаватар ці аўтакран.
Вадзіцелямі прадпрыемства забяспечана, але ж кіраўніцтва думае аб перспектывах. Моладзь ісці сюды не надта імкнецца, бо работа нялёгкая, ды і насельніцтва недастаткова цэніць зробленае для іх камфорту. Тым большая ўдзячнасць людзям, якія старанна працуюць, не наракаюць на лёс, а садзяцца кожны дзень у кабіну і годна робяць даручанае.