У сэрцы назаўсёды

У сэрцы назаўсёды

Нядаўна на 103-м годзе пайшоў з жыцця наш зямляк, былы настаўнік і кіраўнік Рафалінскай пачатковай школы, партызан, франтавік, ганаровы грамадзянін Лідскага раёна Мікалай Васільевіч Мычко.

Нарадзіўся ён у вёсцы Лабковіца. У 1941-м скончыў дзевяць класаў. Калі ў наваколлі з’явіліся партызаны, са старэйшым братам Валодзем рушылі ў атрад М.П. Каралёва, які пазней вырас у брыгаду. З лістапада 1942-га і да вызвалення перанёс увесь цяжар партызанскага жыцця: баі, блакады, страты сяброў, родных, голад і холад. Партызанскай сям’і цяжка было выжыць. Хату спалілі карнікі. Бацьку і старэйшага брата Сашу забралі ў рабства ў Нямеччыну, але ім пашчасціла выжыць і вярнуцца пасля Перамогі. Яшчэ аднаго брата і сястру забралі ў Татарку здабываць торф для акупантаў. Маці з двума меншымі дайшла лясамі аж да Пагарэлага і там хавалася з іншымі людзьмі ў лясных шалашах. Але аднойчы напалі паліцаі і забілі яе разам з васьмігадовай дачкой, а крыху старэйшы хлопчык Міша здолеў уцячы і выратавацца, выжыць. Потым ён працаваў у Свіслацкай школе.

Калі прыйшлі нашы, то ў войска бралі не ўсіх, хто быў партызанам, бо патрэбна было адраджаць народную гаспадарку, карміць народ і армію.

Але Мікалай настойліва прасіўся на фронт, каб помсціць фашыстам. З 5 ліпеня 1944 года ён ужо чырвонаармеец, з 13 жніўня — на фронце. Тэлефаніст роты сувязі 1314-га стралковага палка 17-й Чырванасцяжнай Бабруйскай дывізіі.

Жорсткія баі былі на тэрыторыі Польшчы, а потым частку нашых войскаў перакінулі ў напрамку Усходняй Прусіі супраць моцнай нямецкай групіроўкі, якая пагражала нашаму флангу. Вораг там супраціўляўся адчайна, хаця было ўжо ясна, што перамога зусім блізка.

У лютым 1945-га на прускай зямлі радавы Мычко быў цяжка паранены куляй нямецкага снайпера, калі выпаўзаў з траншэі, кінуўшы перад сабой катушку з провадам.
У шпіталь яго даставілі хутка, і медыкі зрабілі ўсё магчымае і нават крыху болей. У паўзабыцці чуў, як урач сказаў сястрычцы: “Наўрад ці выжыве”. І ўсё ж выжыў. Тры аперацыі перанёс, умелыя рукі хірургаў ды малады арганізм перамаглі. Куля была зусім блізка ад пазваночніка. Пашанцавала. Перамогу сустрэў у шпіталі. Як радаваліся ўсе — і ўрачы, і параненыя, — што вайне канец!

У ліпені пасля пяцімесячнага лячэння ў розных шпіталях Мікалай Мычко вярнуўся ў сваю вёску. Прыйшлося збудаваць зямлянку і нейкі час жыць у ёй. А потым доўгі час кватараваў у людзей.

Па прапанове загадчыка Рафалінскай пачатковай школы стаў настаўнікам. Доўгі час заняткі праводзіў па хатах вяскоўцаў: свайго будынка ў школы не было. Потым, ужо ў 1950-я гады, аднекуль прывезлі старэнькі дом. А ў канцы
1960-х мясцовыя мужчыны разам з настаўнікам Мычко і пад кіраўніцтвам Уладзіміра Роўбеля, у той час брыгадзіра, пабудавалі новую прыгожую школу са стройных пахучых соснаў.

Наш настаўнік завочна скончыў Бабруйскае педвучылішча, стаў загадчыкам школы і шчыраваў тут да яе закрыцця ў 1976 годзе. А потым да пенсіі працаваў у меліярацыі: касой абкошваў нашу рэчку Ботчу і меліярацыйныя канавы. Усё лета на прыродзе, на чыс­тым паветры, мышцы пастаянна ў справе — гэта таксама спрыяла добраму здароўю. А яшчэ мы ніколі не бачылі яго з папяросай. Не ведаў, што такое ціск і практычна да смерці пражыў на сваіх нагах.

У пачатку 1960-х краіна была яшчэ не вельмі багатай пасля страшнай вайны. Вялікая карта СССР, што вісела ў класе на сцяне, была даваеннай, яшчэ з напалову японскім Сахалінам. Лыж для ўсіх не хапала, таму часта, калі на вуліцы здараліся моцны мароз ці вецер, настаўнік замест фізкультуры праводзіў урок спеваў. І мы развучвалі песні грамадзянскай і Вялікай Айчыннай. Цудоўныя песні. Памятаю і цяпер. А яшчэ ён чытаў нам вельмі цікавую кнігу пра цуды прыроды: як недзе замест дажджу з неба выпалі залатыя манеты, зерне, а недзе — мноства рыб, а яшчэ пра тайфуны і тарнада, і як знікалі караблі. Мы слухалі раскрыўшы раты.

Кожны год 9 Мая мясцовы калгас выдзяляў для былых партызан бартавы аўтамабіль, на якім наведвалі ўрочышча “Расоха”, дзе была база брыгады Каралёва і дзе засталіся магілы баявых сяброў. Наш настаўнік ніколі не прапускаў такіх паездак.

Ад Брэста да Мурманска, Магадана і Савецкай Гавані раскідаў лёс былых вучняў настаўніка Мычко. Упэўнены, што кожны з іх памятае свайго першага настаўніка і той шчаслівы час дзяцінства. Два яго вучні сталі ганаровымі грамадзянамі Асіповіцкага раёна: Роўбель Уладзімір Іванавіч — былы старшыня калгаса “Чырвоны Сцяг”, і Раўбель Мікалай Іванавіч — былы дырэктар Асіповіцкага лясгаса.

Абое дзяцей і трое ўнукаў Мікалая Васільевіча Мычко атрымалі вышэйшую адукацыю. Ужо і праўнучка пасля ўніверсітэта два гады выкладае англійскую мову ў школе № 226 у новым мінскім мікрараёне. А яшчэ трое пакуль вучацца.

Апошнія гады наш настаўнік пражываў з дачкой у Лідзе. У 2025-м яму было прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін Лідскага раёна”.

Пахаваны апошні ветэран Вялікай Айчыннай вайны Лідчыны з воінскімі ўшанаваннямі. Яго магіла на пачэснай алеі сярод ганаровых грамадзян.

Наш настаўнік пайшоў да сваіх баявых сяброў у бессмяротны полк.

Лідская газета напісала: “Жизненный путь Николая Васильевича — это путь настоящего гражданина, человека труда, мужества и чести. Его имя навсегда вписано в историю Беларуси как символ преемственности поколений, стойкости духа и любви к Родине”.

Бывайце, наш першы настаўнік! Вам за Перамогу — вечны дзякуй і вечная памяць!

Уладзімір Рачкоўскі, в. Рафалін

Последние новости

Общество

Ярмарка вакансий

27 сентября 2026
Читать новость
Общество

Кадровый стратег

27 сентября 2026
Читать новость
Общество

Инфографика «АК»

27 сентября 2026
Читать новость
Общество

Дать второй шанс

26 сентября 2026
Читать новость
Профилактика

Это учения!

26 сентября 2026
Читать новость
Общество

В гости к Дараганам

26 сентября 2026
Читать новость

Рекомендуем