У пошуках божай ласкі

У пошуках божай ласкі
Адно з папулярных захапленняў сучаснага чалавека — падарожжы, прычым самага рознага зместу. І калі прыморскія курорты ўлагоджваюць цела, то паломніцкія паездкі накіраваны на аздараўленне душы. Наш зямляк Арцём Кушнер стварыў сэрвіс “Багамолец.by”, дзе кожны жадаючы можа выбраць напрамак для духоўнага і душэўнага адпачынку.

— Я карэнны асіпаўчанін, але таму што бацька быў вайскоўцам, у горадзе сям’я жыла перыядамі, — расказвае Арцём Іванавіч. — Потым пасяліліся ў Бабруйску, дзе бацькі, будучы шчырымі вернікамі, аддалі мяне ў нядзельную школу пры Георгіеўскім храме, больш вядомым як Белая царква. Паступіў у Смаленскую духоўную семінарыю, адвучыўся год, аднак зразумеў, што не гатовы да такога жыццёвага шляху. Наступным месцам вучобы стаў Інстытут прадпрымальніцтва па спецыяльнасці “эканоміка і кіраванне турысцкімі прадпрыемствамі”. Паралельна праходзіў перападрыхтоўку ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце па спецыяльнасці “нямецкая мова”, скончыў курсы гідаў-перакладчыкаў, працаваў у мінскіх турфірмах менеджарам і экскурсаводам. Атрымаў ступень магістра эканамічных навук. У 2010 годзе выпадкова пазнаёміўся з епіскапам Бабруйскім і Быхаўскім Серафімам. Епархіі патрабаваўся чалавек для арганізацыі працы паломніцкага аддзела. У мяне быў досвед як у духоўным, так і турыстычным напрамку, таму Уладыка благаславіў маё назначэнне. У аддзеле працаваў амаль дзесяць гадоў.

Падчас эпідэміі каранавіруса паломніцкія паездкі, як і іншыя масавыя мерапрыемствы, не праводзіліся і аддзел расфарміравалі. Але патрэба дарыць людзям радасць ад сустрэчы са святынямі ў маладога чалавека не паменшылася. Таму ён папрасіў у епіскапа Серафіма благаслаўлення на арганізацыю паломніцкіх паездак у якасці індывідуальнага прадпрымальніка. Так і з’явіўся “Багамолец”.

— Назва сэрвісу невыпадковая, — дадае мужчына. — Яна ўключае ў сябе адразу два бакі. Вандроўкі па-ранейшаму цесна звязаны з епархіяй, хаця і арганізуюцца юрыдычнай асобай. Аднак мірскога ў гэтых падарожжах мала. Мы молімся, прысутнічаем на службах, гутарым з настаяцелямі храмаў, жывём у манастырах.

Сёння “Багамольцам” арганізоўваюцца паломніцтвы па 16 маршрутах па тэрыторыі Беларусі. Для жадаючых пазнаёміцца з рэлігійным жыццём іншых праваслаўных краін ёсць дзевяць расійскіх напрамкаў. Паклапаціліся і пра тых, хто па розных прычынах не можа ездзіць у паломніцтвы. Сэрвіс прапаноўвае замовіць правядзенне разнастайных адпраў у вядомых манастырах і храмах.

— За час працы ў епархіі шмат ездзіў як па Беларусі, так і па блізкім замежжы, — каменціруе Арцём Іванавіч. — Таму туры фармірую абапіраючыся на ўласны густ і інтуіцыю. Абавязкова ўключаю ў праграму знаёмства значныя прыродныя і гістарычныя аб’екты.

Людзі, дзе б яны ні жылі, заўжды шукаюць цуда, але не заўжды ведаюць, што яго можна знайсці побач.

— Асіповіччына — зямля, пацалаваная Богам, — лічыць прадпрымальнік. — Тут маецца безліч месцаў, у якіх прысутнасць вышэйшых сіл адчуваецца мацней. Самым жаданым пунктам наведвання стала Прошчанская пустынь — намоленае месца, дзе цудадзейная крыніца і мудрыя святары. Не менш цікавы Зборск. Мясцовую жыватворную крыніцу ведаю з дзяцінства. Падчас існавання паломніцкага аддзела епархіі ездзілі і ў іншыя храмы раёна. Дасюль помніцца цеплыня прыёму ў лапіцкім Петрапаўлаўскім храме. Лічу, што ў вялікіх храмах чалавек проста раствараецца, яму не надзяляецца столькі ўвагі, а вось гэтая простая гасціннасць лечыць душу не горш за шчырую малітву. Свіслацкі храм заўжды быў важным пунктам паломніцтва. Там спыняліся папрасіць у святога Мікалая Цудатворца благаславення ў дарогу. Варты ўвагі і Ліпень. Мы наведвалі населены пункт у 2010 годзе. У аграгарадку ёсць маленькая сельская хата, якая па ініцыятыве мясцовай жыхаркі пераўтварылася ў храм. 50 чалавек, якія тады наведалі Ліпень, ледзь змясці-ліся ў невялічкім пакоі. Айцец Уладзімір Яроміч адслужыў малебен. Гэта было настолькі цудоўна, што нават зараз не магу знайсці слоў, каб апісаць стан душы ў той момант. Яшчэ бацюшка вадзіў нас у двор індывідуальнага домаўладання, дзе мясцовыя жыхары закапалі звон з разбуранай мясцовай царквы. Пасля развалу Саюза рэліквію адкапалі і перадалі ў Свята-Уведзенскі храм айцу Васілію. Менавіта тады прыйшло разуменне, што такое хараство, якое бывае ў невялічкіх прыходах, нельга ні з чым параўнаць. Таму ўключаю іх у маршрут не толькі каб людзі адчулі незвычайнасць і цудадзейнасць такіх месцаў, а і для таго, каб падтрымаць храмы матэрыяльна.

Якія людзі адпраўляюцца ў паломніцтва?

— Людзі ездзяць самыя розныя, — расказвае субяседнік. — Большую частку складаюць жанчыны сярэдняга ўзросту. Моладзь імкнецца да святыняў у асноўным па якіх-небудзь бытавых патрэбах: выйсці замуж, рашыць праблемы ў сям’і ці справах. Больш сталыя жадаюць паправіць здароўе. Бяруць у паездкі і дзяцей. Самаму маленькаму паломніку было тры гады, самаму пажылому — 70. Арганізаваўшы не адзін дзясятак паездак, пагля-дзеўшы і спазнаўшы, з якімі патрэбамі звяртаюцца да ікон, святароў, крыніц, магу адзначыць, што людзі не заўсёды ўмеюць быць удзячнымі. Здаецца: што можа быць лягчэй, чым проста падзякаваць Богу і святым, па магчымасці справіць міласціну. Прыходзіцца паціху прывучаць іх да ўдзячнасці праз расказы пра збавенне.

* * *

У планах Арцёма Кушнера зрабіць паломніцкі маршрут па Палессі, а таксама ўключыць у праграму некалькі касцёлаў, дзе захоўваюцца святыні, значныя для вернікаў мноства рэлігій.

Последние новости

Общество

Гороскоп на 26 июля для всех знаков зодиака

26 июля 2025
Читать новость
Общество

Иностранцы без ВНЖ: как правильно сдать жилье и узаконить трудовые отношения

25 июля 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко дал интервью одному из наиболее известных мировых изданий

25 июля 2025
Читать новость
Общество

26 июля ФК “Осиповичи” проведет заключительный матч первого круга чемпионата страны по футболу 1 лиги

25 июля 2025
Читать новость
Год благоустройства

24 июля состоялось заседание штаба по благоустройству Осиповичского района

25 июля 2025
Читать новость
Общество

Уборачная кампанія ў разгары. У гэтым пераканалася карэспандэнт АК, наведаушы ААТ “Ясеньскае”

25 июля 2025
Читать новость

Рекомендуем