У абласным этапе рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне паверхневага воднага аб’екта асіповіцкі гарадскі пляж заняў першае месца

У абласным этапе рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне паверхневага воднага аб’екта, які штогадова праводзіць Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, асіповіцкі гарадскі пляж заняў першае месца. Наперадзе — рэспубліканскі этап.
Сёлета гэты аб’ект істотна абнавіўся. Работнікі УКП ЖКГ правялі комплекс работ, у выніку якіх створаны ўмовы для камфортнага адпачынку і актыўнага правядзення вольнага часу людзей розных узроставых груп, прыняцця водных і сонечных працэдур, спартыўна-аздараўленчай работы. Ценявыя навесы і шэзлонгі, валейбольная пляцоўка і гульнявы комплекс, альтанкі і арэлі — гэтыя і іншыя аб’екты інфраструктуры парадуюць кожнага наведвальніка.
І хоць першы месяц лета не парадаваў цяплом, але наперадзе ліпень і жнівень. Спадзяёмся, што яны падораць спякотныя дні, у якія землякі змогуць ацаніць перавагі абноўленага пляжа, а таксама цудоўна правесці выхадныя або водпуск. І пераканацца, што аздараўленчы турызм — гэта не абавязкова далёкія паездкі за мяжу. Адпачываць можна і ў сваім рэгіёне, адкрываючы новыя аб’екты і выдатныя мясціны, што знаходзяцца побач.