Таямніцы вёскі Лочын: сляды сядзібы барона, партызанская гісторыя і адзінае возера ў Асіповіцкім раёне

Ларыса Сарока з мужам Віктарам
Ёсць вуліца Асенняя…
Лочын. Вёска, за якой хаваецца адзінае на Асіповіччыне возера. Партызанскі край. Вотчына пана Офенберга. Мясціна гасцінных людзей ці куток, дзе уладараць півоні? Якую з гэтых характарыстык выбраць? Няхай застаюцца ўсе!
Зараз у Лочыне зарэгістравана шэсць жыхароў. У Лапіцкім сельсавеце ўдакладнілі, што аседла жывуць у населеным пункце толькі трое з іх.
Першая, каго сустракаем на вясковай вуліцы, Ларыса Сарока. Гэта гаваркая, рухавая жанчына. Разам з мужам Віктарам маюць сталічную кватэру, але ўжо колькі гадоў жывуць у Лочыне. Тут вотчына Ларысы. Гэты дом пасля вайны пабудаваў яе бацька Дамінік Антонавіч. Ён родам з Ямполя. Франтавік, абараняў Ленінград, пасля перамогі перабраўся ў Лочын, дзе яму адвялі месца для дома. Вёска, амаль знішчаная падчас акупацыі, адбудоўвалася занава.
Памяць аб тых трагічных падзеях жыве ў сэрцы ўсіх, чый лёс звязаны з Лочынам. У гэтым пераканаліся, гутарачы з пастаяннымі і часовымі жыхарамі. Аб ёй нагадвае і помнік усім закатаваным і спаленым у час акупацыі, да якога мясцовае насельніцтва ставіцца з асаблівай павагай. Побач з ім жыхарка Святлана Акімчык устанавіла скульптуру Божай Маці ў ківоце. Багародзіца з надзеяй паглядае на нябёсы, быццам звяртаецца да вышэйшых сіл: “Не дапусціце падобнага ў будучым!”
Ларыса Дамінікаўна пацягнула за звон, што прымацаваны да абеліска, і жалобныя гукі разліліся ў цішы. Чорныя крыжы абапал помніка нагадваюць коміны спаленых хат, а магутная векавая сасна шырока раскінула пакручаныя жыццём галіны-рукі. Здаецца, што хоча ахінуць прастору ад усялякай навалы. Атмасфернае месца!
Узбоч стаіць старэнькі дом са шчарбатым дахам. Тут калісьці месціўся клуб, а зараз яго набыў новы гаспадар, які рамантуе будынак пад дачу.

Наш пазаштатны экскурсавод працягвае знаёміць з роднай вёскай. Яе адзіная вуліца носіць мілагучную назву — Асенняя. Тэрыторыя кожнай з нямногіх сядзіб (акрамя дзвюх, якія зараз прызнаюцца безгаспадарнымі і чакаюць зносу) дагледжаная, трава акуратна пакошана.
— Раней у нас меліся свае магазін, клуб і ферма, — працягвае азнаямленне Ларыса Дамінікаўна. — І дзяцей калісьці па трое ў кожным двары лічылася нормай. А затым паз’язджалі ўсе.
Пастаяннай жыхаркі Лочына Тамары Сямко дома не застаём — яна ў ад’ездзе. На гаспадарцы — дачка Алена Доўнар з трохгадовым унучком Арцёмам. Жанчына расказвае, што ў школу яна хадзіла ў Жорнаўку. Адлегласць ад Лочына немалая, таму жыць даводзілася ў прышкольным інтэрнаце, што дзецям падабалася: разам весела. Зараз жанчына ахвотна прыязджае ў вёску з сям’ёй. Яе прываблівае цішыня, некранутая прыгажосць прыроды, магчымасць назбіраць грыбоў і ягад, якія растуць амаль на сядзібе, бо лес падступіў да самых агародаў.
У адным з падворкаў сустракаем Сяргея Сінкевіча. Хата яму дасталася ад бабулі Соф’і Міхайлаўны Сушыцкай, якая жыла ў вёсцы і працавала даяркай. Малады мінчанін ахвотна прыязджае на дачу, дзе бавіць час за рамонтна-будаўнічымі работамі. Двор яго акуратна пакошаны і наогул ва ўсім адчуваецца гаспадарская рука.
Пра камандзіра ўзвода разведкі Мікалая Фёдаравіча Сямко даведваемся ад яго ўнука Вадзіма, які прызнаецца, што зараз часцей знаходзіцца ў Лочыне, чым у райцэнтры, дзе пражывае. Саджае тут агарод. Малады гаспадар з павагай ставіцца да гісторыі свайго роду, з гонарам захоўвае дзядулевы ўзнагароды, каб было што расказаць дзецям. Сын Данііл ахвотна суправаджае бацьку ў паездках. Вадзім цікавіцца і мінулым Лочына. Расказвае, што яго сяброўка дзяцінства Надзея Матусевіч калісьці пісала даследчую работу пра пана, які меў тут маёнтак, і шмат пра яго расказвала. Асабліва ўразіў хлопца фантан, вада ў які паступала з мясцовага возера. Для гэтага была створана цэлая інжынерная сістэма. Па словах мясцовых старажылаў, сам пан пасля рэвалюцыі з’ехаў у Польшчу, а шмат пазней яго ўнукі наведваліся ў Лочын з жаданнем атрымаць спадчыну, але ўжо нічога не знайшлі на месцы шыкоўнага дома.
Заінтрыгаваныя, накіроўваемся да фантана.

Толькі па ім зараз можна вызначыць месца, дзе жыў Якаў Офенберг ці пан Фанбэрак, як па-мясцоваму называе яго Марыя Станішэўская, якая далучаецца да стрыечнай сястры Ларысы, суправаджаючы нашу невялічкую экспедыцыю. Жанчына пражывае непадалёку ад былога маёнтка.

— У пана працаваў мой свёкар, ён з павагай адзываўся аб сваім гаспадары. Той не крыўдзіў сялян і добра сачыў за станам дома, — расказвае Марыя Антонаўна і падводзіць нас да падмурка. — Тут калісьці любіла збірацца моладзь. У фантане палілі вогнішча. Навокал расло шмат руж, якія засталіся ад панскага саду. Яны сталі ўжо больш дробнымі, але таксама радавалі прыгажосцю.
Даведваемся, што на тэрыторыі маёнтка было нямала глогу (гэта класічны элемент рускай сядзібнай культуры, які выконваў ролю жывой агароджы), раслі тут бэз, арэшнік, язмін. Дарэчы, некаторыя з гэтых культур і зараз можна ўбачыць каля фантана. А вось ад млына, які стаяў воддаль, не засталося і следу. Як і ад крухмальнага завода.

Жанчыны праваджаюць нас да возера. Дарога да яго зарасла травой і хмызам, а таму ідзём па каляіне ад машыны, на якой, відаць, нядаўна дабіраліся да вадаёма рыбакі.

Пад нагамі тарфянік — зыбка. Бліжэй да возера сцежка выслана кладкамі, якія надзейна пбараняюць ад правальвання.
І вось з лясной зеляніны выбліснула азёрная гладзь, скрозь парослая чаротам. Калі б можна было прачытаць усю тую інфармацыю, што зберагае маўклівая вада шматвекавога возера! І толькі птушкі на ўсе галасы расквечваюць маўклівую прастору, быццам жадаюць паведаміць штосьці важнае.
— У савецкія часы на возеры вялася здабыча сапрапелю, — перарывае цішыню Марыя. — Яго выкарыстоўвалі сельгасарганізацыі ў якасці ўдабрэння. Працаваў земснарад, хадзіла тэхніка, таму і берагі не былі такімі зарослымі. А вось купацца туды мы не хадзілі з-за топкага дна.
Выбраліся з лясной глушы, акінулі позіркам стары дуб, які, відавочна, бачыў пана Офенберга… Развітваемся з Марыяй і накіроўваемся з Ларысай яшчэ ў адзін дом, знайсці які без падказкі мясцовых жыхароў адназначна не здолелі б: настолькі мудрагелістая дарога да яго.

Яшчэ адна стрыечная сястра Святлана Акімчык — архітэктар, папрацавала ў многіх гарадах нашай краіны і за яе межамі, а зараз асталявалася ў Лочыне. Жанчына купіла дом, дзе калісьці жыў яе дзядзька Павел Станішэўскі, і адразу прыступіла да рамонту — яна ж прафесіянал гэтай справы. Закупіла матэрыялы, знайшла памочніка. Новая жыхарка вырашыла завесці коз, качак, курэй і заняцца вытворчасцю натуральных прадуктаў. У першы ж дзень да яе наведаўся дзік, так што знаёмства з мясцовай фаўнай ужо адбылося. А флору прадстаўляюць у тым ліку і сем бярозак, якія сышліся ў дружным карагодзе на яе падворку, — стромкія прыгажуні нібы сімвалізуюць сясцёр з сямейства Станішэўскіх — Ларысу, Святлану ды Марыю разам з дзецьмі. Менавіта дзякуючы ім Лочын жыве, развіваецца, захоўвае памяць аб былым.
Ад’язджаючы, звяртаем увагу на вясковую дошку аб’яў, дзе акрамя графіка работы аўталаўкі размешчана закатаная ў плёнку газетная паласа раёнкі 2020 года з гісторыяй роду Офенбергаў — каб кожны ведаў і перадаваў дзецям. Газета, дарэчы, захавалася добра. А навокал разліваецца хваля півоняў, якімі густа абсаджаны падворкі. Вось такім нам і запомніцца Лочын — са слядамі панскага маёнтка і яркімі ружовымі ды барвовымі кветкамі.
Іна Заскевіч
