Таццяну Ерко добра ведаюць мнагадзетныя матулі, людзі, якія пацярпелі ад дамашняга гвалту, няпоўныя сем’і, інваліды…

Таццяну Ерко добра ведаюць мнагадзетныя матулі, людзі, якія пацярпелі ад дамашняга гвалту, няпоўныя сем’і, інваліды…
Многія з іх звярталіся да гэтага спецыяліста ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Таццяна вырасла ў мнагадзетнай сям’і, дзе была малодшай з сямі дзяцей, таму з асаблівасцямі гэтай катэгорыі ячэек грамадства добра знаёма. Так што і выбар будучай прафесіі быў абумоўлены ўласным жыццёвым вопытам. Дзяўчына пасля заканчэння Дараганаўскай сярэдняй школы вырашыла стаць настаўнікам пачатковых класаў. Але лёсу было заўгодна змяніць яе планы, прычым самым нечаканым шляхам.
У час яе вучобы вышэйшая навучальная ўстанова атрымала новы статус, таму выпускнікі, якія паступалі ў Магілёўскі дзяржаўны педінстытут у 1993 годзе, скончылі ўжо дзяржаўны ўніверсітэт. Таццяна Міхайлаўна набыла адразу дзве спецыяльнасці — настаўніка пачатковых класаў і беларускай мовы і літаратуры. Па размеркаванні трапіла ў Дараганаўскую санаторную школу-інтэрнат. І хоць адпрацавала ў ёй нядоўга, але першае месца работы можна лічыць лёсавызначальным. Справа ў тым, што спецыфіка ўзгаданай установы адукацыі прадугледжвала магчымасць сумяшчаць работу настаўніка і выхавальніка. Педагогі пранікаліся праблемамі рабят, выхаванцы нярэдка дзяліліся з імі сваімі сакрэтамі. А потым Таццяне яшчэ давялося паспрабаваць сябе і ў ролі педагога сацыяльнага.
І калі ў 2002 годзе школа спыніла існаванне, дзяўчына цвёрда ведала: яна хоча займацца сацыяльнай работай, гэта яе прызначэнне.
Менавіта на пасаду педагога сацыяльнага СШ № 4 Таццяна ўладкавалася пасля выхаду з водпуску па догляду дзіцяці. А потым доўгі час быў раённы цэнтр сацабслугоўвання насельніцтва, камісія па справах непаўналетніх. І ўсюды спецыяліст мела стасункі з сацыяльна ўразлівымі катэгорыямі людзей.
Ёй падабаецца дапамагаць людзям. Усім, незалежна ад сацыяльнага статусу, сямейнага становішча, месца работы. Калі чалавек адчувае разгубленасць, заблытаўся ў жыцці, шукае, хто яго выслухае, каб падзяліцца болем, нехта ж павінен падаць яму руку дапамогі. Здараецца, што гэта рука акажацца выратавальнай. Не раз было такое і ў практыцы нашай гераіні. Адна маладая жанчына з малым дзіцём шукала паратунку ад мужа-тырана. Хавалася ад яго ў сталічных знаёмых. Увесь час, пакуль вырашаўся яе далейшы лёс, Таццяна Міхайлаўна была на сувязі, апякала, кансультавала, падтрымлівала. Зараз у жанчыны ўсё добра: яна другі раз выйшла замуж, працаўладкавалася, вырашыла жыллёвае пытанне, сямейны агрэсар пакінуў яе ў спакоі. Былая падапечная бясконца ўдзячная тым, хто абараніў і падтрымаў яе. І падобных гісторый шмат.
У час работы ў РЦСАН загадчыкам аддзялення сацыяльна-псіхалагічнай дапамогі, якое пазней было пераўтворана ў аддзяленне сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі, мела вялікі вопыт работы з сіротамі. А гэта асобая катэгорыя людзей. Тыя, якія гадаваліся ў сям’і, былі, безумоўна, больш падрыхтаванымі да дарослага жыцця, а з выпускнікамі сацыяльных устаноў хапала клопату, з імі даводзілася выконваць ролю старэйшай сястры, матулі, дарадцы, якая падкажа, накіруе, чамусьці навучыць.
Таццяне наогул уласціва эмпатыя, яна пазбягае асуджэння. Нават пры зносінах з нядобранадзейнымі матулямі стараецца разабрацца, чаму жанчына, якая ад прыроды надзелена мацярынскім інстынктам, перавагу аддае шклянцы, сумніўным кампаніям, ператвараючыся ў безадказную асобу. Часта такі дэталёвы аналіз дапамагае “дакапацца” да першапрычыны. Напрыклад, калі дзяўчынка з малых гадоў галадала, не адчувала любові блізкіх, падвяргалася гвалту, яна не ведае, якой павінна быць сям’я, і, нібы матылёк, шукае хоць кроплю цяпла, часта не там, дзе трэба. Таццяна Міхайлаўна імкнецца ў кожным канкрэтным выпадку ўздзейнічаць максімальна тактоўна, аперыруючы веданнем псіхалогіі і жыццёвым вопытам. Здараецца, што нават самыя безнадзейныя жанчыны бяруцца за розум і пераарыентоўваюцца на сям’ю. Але ім заўсёды патрэбны разуменне і дапамога, каб змаглі ў сябе паверыць.
Зараз Таццяна Міхайлаўна галоўны спецыяліст аддзела працы і занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Гэта работа з непрацуючымі грамадзянамі, абавязанымі асобамі, грамадзянамі, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі. Іх неабходна працаўладкаваць, сацыяльна адаптаваць. А гэта прадугледжвае штодзённую тлумачальную работу, давядзенне да іх ведама правоў і абавязкаў. І проста чалавечае разуменне. Яшчэ наша гераіня ўзначальвае камісію па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Работы хапае, але галоўнае, што яна ў радасць.
Вольны час Таццяна Міхайлаўна любіць праводзіць у роднай вёсцы Радуцічы, дзе пражывае яе матуля. Клопаты на прысядзібным участку, прагулкі па лясным мясцінам, а з нядаўняга часу і рыбалка — вось тыя заняткі, якія надаюць новыя сілы і наталяюць энергіяй.