Сёння — Дзень бацькі. Гэта даволі маладое для нашай краіны свята, якое заклікана ў чарговы раз нагадаць, што клопат і падтрымка таты — неабходныя складальнікі паўнавартаснага выхавання дзіцяці

Жыхары Верайцоў Ігар Шляхцін і яго жонка Вера выгадавалі трох сыноў: Аляксея, Яўгенія і Цімафея. Тата ахвотна расказвае дзецям сваю love story. А яна была даволі незвычайнай. У 1979 годзе разам гулялі на вяселлі сяброў, але ў той раз гісторыя знаёмства не мела працягу: у кожнага жыццё пайшло сваім шляхам. Ігар адслужыў у арміі, стаў працаваць у Магілёве. І калі аднойчы сеў у дызель-цягнік і ўбачыў побач прыемную дзяўчыну, не мог не загаварыць з ёй, тым больш што гэтыя глыбокія, нібы азёры, вочы здаліся надзвычай знаёмымі. І, калі высветлілася, што едзе дзяўчына ў Карытнае, яго нібы маланкай стукнула: гэта ж яна! Хлопец стаў забаўляць спадарожніцу і зусім заінтрыгаваў, калі назваў яе імя і прозвішча: Вера не пазнала даўняга знаёмца. А вось з-за спазнення цягніка на аўтобус свой не паспела і вельмі засмуцілася, бо наперадзе яе чакала ноч на вакзале. Ігар жа вырашыў, што на гэты раз трэба не ўпускаць шанц, і ўгаварыў дзяўчыну пераначаваць у яго бацькоў, а ўранку завёў прыгажуню на вакзал, купіў два білеты і пад асабістым наглядам даставіў у сям’ю.
Той жнівеньскі дзень запомнілі назаўсёды, як і вераснёўскі, калі згулялі вяселле.
40 гадоў крочыць разам па жыцці гэта шчаслівая пара. Ігар Фёдаравіч упэўнены: менавіта ў сям’і яго сіла і натхненне.
Сыноў выхоўваў строга, але не залішне патрабавальна, і заўсёды стараўся сам жыць годна, як вучыў калісьці і яго бацька.
Выраслі сыны, у кожнага ёсць сям’я, у дзядулі шэсць унукаў. І цяпер ужо тата нярэдка просіць параду ў сваіх хлопцаў. Напрыклад, Яўгеній можа падказаць штосьці па рамонце, бо яго прафесія — дрэваапрацоўка. Аляксей і Цімафей — спецыялісты ў сферы электрыфікацыі, таксама могуць даць параду бацьку. Свае сем’і сыны стваралі, маючы перад вачамі ўзор любові, павагі і вернасці. А бацькава знаёмства з матуляй ужо стала часткай сямейнай гісторыі. Дзеці ўпэўнены: шчаслівы выпадак можа напаткаць любога, але каб выпадковы спадарожнік стаў надзейным партнёрам, неабходна прыкласці шмат намаганняў. Толькі тады словы “муж” і “бацька” будуць гучаць пачэсна і ганарова.
Іна Заскевіч
