Сёлета раённыя “Дажынкі” пройдуць напрыканцы верасня ў аграгарадку Жорнаўка

Пацікавіліся ў старшыні Лапіцкага сельвыканкама Ганны Важнік, як ідзе падрыхтоўка да фестывалю-кірмашу.
— Зразумела, што свята працаўнікоў вёскі — гэта нагода не толькі павіншаваць і сказаць словы ўдзячнасці лепшым хлебаробам, але і правесці работы па добраўпарадкаванні населенага пункта. І ў першую чаргу ўвага надзяляецца месцу, якое стане непасрэдна эпіцэнтрам падзеі, — гэта Жорнаўскі сельскі Дом культуры. Ужо ў гэтыя дні працаўнікі УКП ЖКГ вялі работы па аднаўленні тэрыторыі: зрэзалі сухія і аварыйныя дрэвы, вывезлі галіны і камлі. ДРБУ-199 заасфальтавала пляцоўку і дарожкі каля СДК. Зразумела, чакаецца касметычны рамонт і самога клуба.
Каб вырашыць пытанне са стаянкай транспарту, будзе падрыхтаваны пад гэтыя мэты мехдвор сельгаспрадпрыемства, які знаходзіцца побач з установай культуры.
Падключыцца да работ па добраўпарадкаванні дарог і мясцовае лясніцтва.
Хацелася б звярнуцца да жыхароў аграгарадка, каб яны таксама далучыліся да агульнай справы і навялі парадак на сваіх падворках, бо выгляд населенага пункта залежыць не толькі ад стану аб’ектаў інфраструктуры, але ў тым ліку і ад таго, наколькі дагледжаныя сядзібы вяскоўцаў.
Думаю, разам мы зробім Жорнаўку яшчэ больш прыгожай і ўтульнай.
Валянціна КОРБАЛЬ
